Калядны мароз на Кіраўшчыне шкоды не нанёс





Параўнальна спакойнымі выдаліся калядныя святы для супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Мабыць, прафілактычная работа прынесла свой плён: грамадзяне з разуменнем аднесліся да захавання правілаў пажарнай і ўласнай бяспекі.
Работнікі УКП “Жылкамгас” працавалі ў штатным рэжыме. Перабояў з ацяпленнем і водазабеспячэннем не было. Усе кацельні з запасам забяспечаны палівам, строга выконваліся графікі падачы цяпла ў кватэры грамадзян і адмі-ністрацыйныя будынкі арганізацый і ўстаноў.
Без здарэнняў прайшло дзяжурства ў работнікаў філіяла “Бабруйскія электрычныя сеткі” раёна электрасетак: перабояў з электразабеспячэннем не зафіксавана.
Напружана папрацаваць у мінулыя выхадныя давялося супрацоўнікам аддзялення ДАІ РАУС. Акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху інспектары дапамагалі вадзіцелям, якія з-за моцных маразоў траплялі ў складаныя сітуацыі. Кожны аўтамабіль АДАІ дадаткова быў укамплектаваны тросамі для буксіроўкі аўтатранспарту і … гарачым чаем.
Як паведамілі ў аддзяленні ДАІ, некаторыя з вадзіцеляў, каму ўдалося завесці свой аўтамабіль падчас маразоў, да месца прызначэння так і не змаглі даехаць: у каго замярзала паліва, у іншых “падвёў” слабы зарад акумулятара. Супрацоўнікі ДАІ ў гэтых выпадках выступалі ў ролі выратавальнікаў: дапамагалі заводзіць аўтамабілі, буксіравалі іх, дастаўлялі грамадзян да месцаў, дзе можна было абагрэцца, частавалі гарачым чаем.
7 студзеня ў рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы была дастаўлена жанчына з дыягназам “агульнае пераахалоджванне”. Дадзенае здарэнне адбылося з-за таго, што ў пацярпеўшай з-за маючагася захворвання прама на вуліцы здарыўся прыступ, і яна пэўны час праляжала на снезе. У райбальніцы пацыентцы своечасова была аказана неабходная медыцынская дапамога і, як стала вядома, учора яна ўжо сябе добра адчувала і была выпісана дадому.
Яшчэ адна жанчына сама звярнулася ва ўстанову аховы здароўя з падазрэннем на абмаражэнне. Аднак пасля абследавання ўрачом было ўстаноўлена, што шпіталізацыя пацыентцы не патрэбна: лячэнне яна будзе праходзіць амбулаторна.
Падрыхтавала Людміла СЯМЁНАВА.