Маленькія крокі да вялікіх спраў

13 верасня Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя адзначыла сваё асаблівае свята – Дзень самавызначэння.
Менавіта ў гэты дзень у 1990 годзе, на X Рэспубліканскім злёце піянераў, была афіцыйна створана арганізацыя: прыняты Статут, дэвіз і Законы беларускіх піянераў.
Гэты дзень – кропка адліку для тысяч дзіцячых гісторый, дзе кожны піянер – не проста ўдзельнік, а суаўтар агульнай справы, носьбіт каштоўнасцяў дружбы, справядлівасці і ініцыятывы. Гэта дзень, калі кожнае дзіця з’яўляецца часткай каманды, якая робіць свет дабрэй.
У гэты дзень ва ўстановах адукацыі раёна прайшлі мерапрыемствы, напоўненыя цяплом і піянерскім духам. Рабяты ўспаміналі свае першыя крокі ў піянерскай дружыне, як вучыліся быць камандай – падтрымліваць адзін аднаго, дзяліцца ідэямі, разам пераадольваць цяжкасці. Гэтыя ўспаміны – не проста настальгія, а жывое пацвярджэнне таго, што піянерскі рух застаецца школай дабрыні, ініцыятывы і грамадзянскасці.
13 верасня ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стаў па-сапраўднаму святочным і сімвалічным: у Дзень самавызначэння БРПА тут прайшоў урачысты прыём у акцябраты «Вясёлка акцябрацкіх спраў». Дата для піянерскага руху асаблівая: Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя адзначае 35-годдзе – узрост, калі традыцыі ўжо моцныя, а энергія абнаўлення па-ранейшаму высокая. Сёння БРПА аб’ядноўвае больш за паўмільёна актыўных, творчых і мэтанакіраваных дзяцей па ўсёй краіне; у Кіраўскім раёне – звыш тысячы юных членаў піянерскай арганізацыі.


ЦДАДіМ сабраў піянерскія дружыны Кіраўскага раёна. Свята прайшло ў рамках злёту “Формула піянерскага поспеху”, і ў гэтай формуле было ўсё: дасягненні, прызнанне, музыка і, галоўнае, новыя імёны ў дзіцячым руху. Асаблівая ўвага – пошукава-даследчаму атраду “Полымя” Чыгірынскай сярэдняй школы. Яго члены ўдастоены дыплома II ступені Магілёўскай абласной піянерскай арганізацыі, а кіраўніку атрада Валянціне Куляшовай выказана падзяка за якасную падрыхтоўку каманды для ўдзелу ў Нацыянальным праекце «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» і ўклад у захаванне гістарычнай памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта не проста ўзнагароды: гэта пацвярджэнне таго, што дзіцячая ініцыятыва здольна прафесійна і глыбока працаваць з гісторыяй, дакументамі, чалавечымі лёсамі.

Кульмінацыяй меряпарыемства стала цырымонія прыняцця ў акцябраты. Юныя ўдзельнікі вымавілі ўрачыстае абяцанне і атрымалі акцябрацкія зорачкі – знак прыналежнасці да вялікай супольнасці, дзе словы “сумленны”, “працавіты”, “добры”, “справядлівы” і “гатовы прыйсці на дапамогу” –
не лозунг, а штодзённы арыенцір. Гэтыя простыя каштоўнасці, правераныя часам, гучаць сёння не менш актуальна: яны дапамагаюць дзецям трымацца ў камандзе, паважаць працу, бачыць у чалавеку таварыша.
Святочны настрой падтрымаў музычны нумар “Будучыня за намі” ў выкананні Карыны Каспяровіч –
светлая песня, якая дакладна трапіла ў тэму дня: будучыню сапраўды будуюць тыя, хто гатовы дзейнічаць ужо зараз.
Пасля афіцыйнай часткі рабят чакаў гульнявы тымбілдынг. Эстафеты, інтэлектуальныя камандныя заданні, актыўныя конкурсы: усё тое, што называюць школай зносін. У такіх гульнях неўзаметку для саміх рабят трэніруюцца важныя навыкі: давер, узаемавыручка, смеласць браць адказнасць, здольнасць чуць адзін аднаго.

Ёсць формулы, якія не старэюць: “справа – побач са словам”, “каманда – побач з «я»”, “памяць – побач з будучынёй”. Свята ў ЦДАДіМ паказала: акцябрацкая зорачка – гэта маленькі сімвал, за якім стаіць асабісты выбар быць сумленным, працавітым і добрым. Для дзіцяці дзень самавызначэння БРПА – гэта не толькі дата ў календары, а крок да адказных рашэнняў.


Мая ГУР’ЯНАВА.