Рух – гэта жыццё

Кіраўшчына… Прыгожы і непаўторны куток. Для кагосьці – малая радзіма з моманту нараджэння, для іншых жа палюбілася сэрцу і стала другой малой радзімай. З кагорты тых, хто прыехаў у Кіраўскі раён з іншага кутка Беларусі, палюбіў гэтую зямлю, сваёй стараннай працай умацоўваў яе дабрабыт, Лявонцій Аляксандравіч Карпук. 25 кастрычніка ён адзначыў 75-гадовы дзень нараджэння. З гэтай значнай падзеяй юбіляра павіншавалі ганаровыя госці: старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Сакадынец і намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская. Лявонцію Аляксандравічу пажадалі моцнага здароўя і бадзёрасці духу. Галіна Слабоднікава адзначыла: “На працягу свайго жыцця Вы ішлі ўверх па кар’ерных прыступках, асвойвалі працу ў розных службах і сферах і ўсюды зарэкамендавалі сябе станоўча. Дзякуй вам за Вашу працу. Тое, што мы сёння маем, будавалася і працягвае развівацца на падмурку, які залажылі Вы і Вашы аднадумцы”.
Праходзімся па добраўпарадкаваным і дагледжаным двары. Лявонцій Аляксандравіч з цікавасцю расказвае аб гатунках яблынь, ягадных кустах, якія растуць на яго прысядзібным участку, і паралельна, нібы гартаючы старонкі летапісу свайго жыцця, успамінае пра шлях, які яму давялося прайсці.
Дзяцінства Лявонція Карпука прайшло ў адной з вёсак Зельвенскага раёна Гродзенскай вобласці. У роднай вёсцы ён скончыў васьмігадовую школу, а каб вучыцца ў старэйшых класах, давялося хадзіць у суседні населены пункт за 6 кіламетраў ад дома. «Дарогі былі дрэнныя, – успамінае Лявонцій Аляксандравіч. – У пачатку восені і канцы вясны ездзіў на ровары, а потым пачыналася бездарожжа. Ішоў у школу і кожны раз думаў, што калі вырасту і вывучуся, буду будаваць добрыя дарогі».
Лявонцій Карпук з дзяцінства любіў ставіць мэты і старанна планаваць шляхі іх дасягнення. Што пасля вельмі спатрэбілася яму ў дасягненнях па кар’ернай лесвіцы. Спачатку пасля заканчэння школы збіраўся паступаць на гістфак. Калі б не атрымалася, планаваў паехаць на БАМ, на будоўлю.
Аднак па парадзе маці ў 1968 годзе стаў студэнтам Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Вучыўся на факультэце аховы раслін. Вытворчую практыку праходзіў у Магілёве на абласной станцыі аховы раслін.
«Вучыўся я адносна нядрэнна, таму па размеркаванні павінен быў пайсці працаваць у Міністэрства сельскай гаспадаркі, – працягвае ўспаміны Лявонцій Аляксандравіч. – Але старэйшыя таварышы парэкамендавалі для далейшага прафесійнага росту паспрабаваць свае сілы дзе-небудзь на перыферыі. Я працаўладкаваўся туды, дзе практыкаваўся падчас вучобы, – на Магілёўскую абласную станцыю аховы раслін. Прапрацаваў год і адправіўся на службу ў армію».
Вярнуўся дадому. Сусед быў старшынёй мясцовага калгаса «Радзіма» і прапанаваў Лявонцію паспрабаваць папрацаваць яго намеснікам. Бацькі, вядома ж, вельмі хацелі, каб сын застаўся ў роднай вёсцы. Але яго рамантычная юнацкая душа імкнулася ўсё ж такі працаваць па спецыяльнасці. У выніку нядоўгіх прафесійных пошукаў жыццёвая дарога прывяла маладога чалавека на Кіраўшчыну. Вось як пра гэта ўспамінае ён сам: “Падчас працы ў Магілёве я нядрэнна сябе зарэкамендаваў. Але працаваць і будаваць сваё жыццё ў вялікім горадзе не хацеў. У мяне цякла кроў вясковая, хацелася шчыраваць у сельскай мясцовасці. Мне прапанавалі на выбар шэраг раёнаў Магілёўшчыны, у тым ліку і Кіраўскі. Паколькі праз Кіраўск хадзіла шмат аўтобусаў, у тым ліку на Гродна, вырашыў прыехаць сюды. Працаваў на пасадзе начальніка раённай станцыі аховы раслін. Праз тры гады па выніках абласнога спаборніцтва галін народнай гаспадаркі наша станцыя была заахвочана як лепшая ў вобласці. Дзякуючы гэтаму я ездзіў на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву».
У раёне актыўнага маладога чалавека заўважылі. Паралельна з асноўнай працай яго абралі пазаштатным сакратаром райкама камсамола. Пазней Лявонцій Карпук працаваў сакратаром камсамольскай арганізацыі райвыканкама, у якую ўваходзілі работнікі ветстанцыі, насеннай інспекцыі, міліцыі, жылкамгаса. Усяго на ўліку было больш за 80 чалавек. Лідарскія якасці дазволілі Лявонцію Аляксандравічу стаць другім сакратаром райкама камсамола. Пасля працаваў спачатку інструктарам, а потым – загадчыкам аргаддзела райкама партыі. Затым адправіўся на вучобу ў партыйную школу.
У 1982 годзе Лявонцій Карпук быў абраны дэпутатам Кіраўскага раённага Савета дэпутатаў і на сесіі назначаны старшынёй раённага камітэта народнага кантролю. На гэтай пасадзе ён працаваў да 1986 года. Адзначае, што асабіста для яго гэта быў няпросты час, бо трэба было мець моцны і валявы характар, цвёрды ўнутраны стрыжань.
Са жніўня па снежань 1986 года працаваў сакратаром райкама партыі. І вось са снежня гэтага ж года яму прапанавалі ўзначаліць Кіраўскі раённы выканаўчы камітэт. «Прызнаюся, было хвалююча, шмат думаў – спраўлюся не спраўлюся, нягледзячы на мой дастаткова багаты прафесійны вопыт, – працягвае дзяліцца ўспамінамі Лявонцій Аляксандравіч. – Аднак у той час не было такога: не магу, не хачу, не спраўлюся… Пагадзіўся. І ў перыяд са снежня 1986 года па 1991-ы быў старшынёй райвыканкама».
Гэты час Лявонцій Карпук лічыць у сваім жыцці найцікавейшым перыядам. Дзякуючы аднадумцам, падтрымцы калег, працавітасці і добрасумленнасці жыхароў Кіраўшчыны, было шмат зроблена.
Адразу ўвага старшыні райвыканкама была звернута на дарогі. Добрыя дарогі – яго мара з дзяцінства. Будаваць іх ва ўсе часы няпроста. Адгукаліся кіраўнікі арганізацый, калгасаў, разам знаходзілі тэхніку, матэрыялы, сродкі. Актыўна вялося будаўніцтва і асфальтаванне дарог як у райцэнтры, так і ў вёсках. Лявонцій Аляксандравіч практычна штодня кантраляваў гэтую працу, аб’язджаючы населеныя пункты і размаўляючы з мясцовымі жыхарамі.
Другім важным пытаннем для яго была газіфікацыя населеных пунктаў раёна. З ліку зваршчыкаў, якіх у той час актыўна рыхтавалі ў СПТВ №220, стварылі брыгаду для выканання работ па газіфікацыі, адправілі іх на спецыяльнае навучанне для атрымання адпаведнай кваліфікацыі. І, можна сказаць, сваімі сіламі газіфікавалі Кіраўшчыну.
Таксама шмат увагі надавалася будаўніцтву жылля. У гэты час атрымлівалі новыя кватэры медыцынскія работнікі і воіны-інтэрнацыяналісты.
У тыя гады ў Кіраўску былі пабудаваны раённы Дом культуры, гасцініца, будынак РАУС, вузел паштовай сувязі.
Цяпер, прагульваючыся па вуліцах райцэнтра, Лявонцій Карпук успамінае вехі і этапы яго развіцця, людзей, з якімі разам увасабляў у жыццё планы і задумкі.
Пазней у яго прафесійнай біяграфіі былі іншыя розныя пасады, перад выхадам на заслужаны адпачынак пайшоў працаваць спецыялістам землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы раёна.
Знаходзячыся на пенсіі, Лявонцій Карпук актыўна займаецца сваім здароўем, фізкультурай, а таксама працягвае будаўніцтва дома. «Увогуле, не сяджу на месцы, асвойваю новыя віды дзейнасці, напрыклад, сам палажыў падлогу ў доме, памятаю, як гэта рабіў мой бацька. Лічу, што рух – гэта жыццё, прычым рух не толькі ў фізічным сэнсе, але і ў інтэлектуальным, прафесійным, духоўным і іншым развіцці», – падсумаваў нашу размову Лявонцій Аляксандравіч.
Яўгенія БЯЛЬКО. Фота аўтара.