Шчасце матулі ў дзіцячай любові

Матулечка… Колькі ў гэтым слове нявыказанай пяшчоты, прыхільнасці,
дабрыні і мужнасці.
Для малых матуля – гэта цэлы сусвет, для дарослых – астравок душэўнага спакою, надзейны дарадца і памочнік. Яна як ласкавы і цёплы сонечны промнік, як агеньчык у цемры, які абавязкова выведзе на светлы бок у любой сітуацыі. Яе пяшчотныя рукі суцішаюць любы боль, а словы падтрымкі нібыта даюць крылы. Пакуль нашы матулі побач з намі, мы – дзеці.
Нездарма Дзень маці супадае з царкоўным святам – Покрывам Прасвятой Багародзіцы. Менавіта матулі на працягу ўсяго свайго жыцця імкнуцца засцерагчы сваіх дзяцей ад бяды, вымаліць для іх лепшую долю.
Такой матуляй для сваіх чацвярых дзетак з’яўляецца кіраўчанка Наталля Садоўская. Наша размова адбылася ў кватэры гераіні гэтых радкоў. Пераступіўшы парог іх кватэры, адразу адчула, што тут жыве шчаслівая і дружная сям’я. Пазнаёміўшыся бліжэй, зразумела, што не памылілася. Расказваючы пра сваіх сыночкаў і дачушку вочы маладой жанчыны свяціліся такой радасцю, што здавалася нібыта ў іх скачуць маленькія зорачкі, а ў голасе чуўся гонар за кожную сваю крывіначку.
У тым, што ў яе сям’і будзе некалькі дзетак, былая бабруйчанка Наталля Садоўская была ўпэўнена заўсёды. Сама яна расла ў мнагадзетнай сям’і, таму і памятае, як гэта цудоўна і весела, калі ёсць браты і сёстры.
Са сваім будучым мужам Леанідам яна пазнаёмілася калі прыязджала да сваёй бабулі ў вёску Коўбава. Маладыя ажаніліся і ў 2008 годзе Наталля стала матуляй, нарадзіўшы дачушку Дашу. Тыя адчуванні шчасця, якія ў той момант перапаўнялі яе сэрца, жанчына памятае і дагэтуль. Праз тры гады сям’я папоўнілася хлопчыкам Арцёмам. У 2015 сям’я Садоўскіх пасля нараджэння Андрушы набыла статус мнагадзетнай. А ў пачатку верасня бягучага года Наталля і Леанід у чацвёрты раз сталі бацькамі: на свет з’явілася маленькае сонейка – Мікітка. Па словах жанчыны, старэйшыя дзеці вельмі чакалі нараджэння браціка, і зараз не адыходзяцца ад яго. З усмешкай Наталля адзначае, што іншы раз не бачыць малое некалькі гадзін: старэйшыя дзеці і пакормяць немаўлятку, і пераапрануць, і спаць пакладуць. Прычым да гэтага іх ніхто не прымушае.
Бацькі вельмі ганарацца сваімі дзецьмі: яны ва ўсім адказныя і самастойныя, паслухмяныя і паважлівыя да дарослых. Менавіта такое выхаванне Наталля лічыць правільным. А яшчэ, як і любая матуля, яна марыць аб тым, каб яе сыночкі і дачушка выраслі дастойнымі людзьмі, знайшлі сваё месца ў жыцці, здзейснілі свае мары. А яны з мужам абавязкова ім дапамогуць. Марыць сям’я Садоўскіх і пра ўласны дом, дзе іх дзецям будзе прастор і адпачынак на свежым паветры. Як гэта ўвасобіць у жыццё яны ўсе разам і вырашаюць.
– Значнай падтрымкай для мнагадзетных сем’яў, – адзначае Наталля Садоўская, – з’яўляецца дапамога дзяржавы. У свой час мы пабудавалі кватэру з прыцягненнем крэдытных сродкаў пад 1 працэнт, прычым 75 працэнтаў яе кошту – бюджэтныя сродкі. А пры нараджэнні чацвёртага дзіцяці нам і ўвогуле спісалі ўвесь крэдыт. Гэта вельмі адчувальна для сем’яў з дзецьмі. Таксама мы аформілі сямейны капітал, які плануем выкарыстаць для будучага нашых рабят.
На маё пытанне “Ці не цяжка гадаваць столькі дзетак?”, Наталля адказала: “не”, нават не задумваючыся. Як лічыць гераіня гэтых радкоў, магчыма ад таго, што ў яе такія цудоўныя і паважлівыя дзеці, яе не палохаюць пэўныя складанасці выхавання. Яна ведае, што муж і дзеці – надзейны падмурак іх сямейнага шчасця. З дня ў дзень набіраецца моцы сямейны ланцужок Садоўскіх: радуюцца разам, сумуюць – таксама. І абавязкова падтрымліваюць адно аднаго.
Кожная раніца ў мнагадзетнай сям’і пачынаецца аднолькава гучна і мітусліва. Хтосьці збіраецца ў школу, хтосьці – у дзіцячы сад, галава сям’і – на працу. Пасля настае кароткае зацішша, дома застаецца Наталля з немаўляткам. Але для бацькоў чуць дзіцячы смех і бачыць іх валтузню – самыя шчаслівыя моманты жыцця.
Калісьці пачула такі выраз, што маці трэба ўмець быць. І сапраўды, гэта зусім няпроста, для гэтага трэба мець адвагу і моцны, непахісны дух, трэба ўмець ахвярваць усім дзеля свайго малыша. Але якое ж гэта шчасце адчуваць на шыі маленькія ручкі дзіцяці, яго моцныя абдымкі, і чуць словы: “Матулечка, як жа я цябе кахаю”! І ў гэты момант забываюцца бясконцыя ночы над калыскай, трывожныя дні, калі малое хварэе, вечная трывога пра далейшы лёс дзіцяці…
Матулечкі, няхай нябёсы даюць вам доўгія гады жыцця, няхай не толькі ў святы вашы вусны кранае ўсмешка, а вочы зіхацяць ад шчасця.
Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.