Не маем права забыць…

Не маем права забыць…

22 сакавіка, у Дзень памяці Хатынскай трагедыі, жыхары Кіраўшчыны прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных гэтай даце. З плошчы імя Кірава стартаваў аўтапрабег па маршруце Кіраўск – Боркі – Кіраўск. На тэрыторыі памятнага знака «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў в.Боркі прайшоў мітынг-рэквіем «Памяць павінна жыць у вяках».

Удзел у мітынгу-рэквіеме прынялі старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гарошкін, старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Сакадынец, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Багель. Ушанаваць памяць ахвяр фашызму прыехалі прадстаўнікі працоўных калектываў, дэпутатскага корпусу, грамадскіх аб’яднанняў, духавенства, моладзь, ганаровыя госці.


Звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу Аляксандр Гарошкін адзначыў, што ў журботную дату – 22 сакавіка – уся краіна ўспамінае жыхароў вёскі Хатынь і тысяч іншых населеных пунктаў, па-зверску знішчаных фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта вайна бесцырымонна ўварвалася ў наш дом і забрала кожнага трэцяга беларуса. Усяго ў Магілёўскай вобласці ў гады нямецкай акупацыі былі спалены 110 вёсак, 13 з якіх так і не паўсталі з попелу. Ахвярамі генацыду беларускага народа сталі больш за 14 тысяч чалавек.
– Мы знаходзімся ў Борках, дзе фашысты знішчылі больш за дзве тысячы жыхароў гэтай і навакольных вёсак, дзе створаны мемарыяльны комплекс у гонар усіх спаленых вёсак Магілёўскай вобласці, – адзначыў Аляксандр Рыгоравіч. – Гэта месца ніколі і нікому не дазволіць забыцца пра тое, да якіх жахлівых трагедый прыводзяць ідэі нацызму, імкненне навязаць сваю волю сілай зброі. Мы тут, каб сказаць: мы памятаем, якую высокую цану заплацілі за мір. І наша задача – зрабіць усё магчымае, каб захаваць і перадаць будучым пакаленням гістарычную праўду пра Вялікую Айчынную вайну, пра яе сапраўдных герояў і вялікі подзвіг народа-пераможцы.
Галіна Слабоднікава, звяртаючыся да прысутных, нагадала, што жыхарам Кіраўскага раёна ў гады вайны прыйшлося зведаць увесь боль ваеннага ліхалецця. Падчас Вялікай Айчыннай вайны на нашай тэрыторыі быў спалены 21 населены пункт, а пяць вёсак, знішчаных разам з людзьмі, у мірны час не былі адноўлены. Крывавы след пакінулі акупанты ў вёсках Любонічы, Уласавічы, Морхавічы, Пацава Слабада, Казулічы, Сяргеевічы, Збышын, Новыя Стаўпішчы, Бераснёўка, Нямкі, Ахоцічы і іншых.


– Сімвалічна, што зямля з прахам загінуўшых жыхароў Борак захоўваецца на «Могілках вёсак» у Хатыні – як напамін нашчадкам, як заклік да захавання міру на зямлі, – адзначыла Галіна Паўлаўна. –
Нам ніколі не забыць злавесныя падзеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Мы ніколі не даруем жорсткасць, бесчалавечнасць і бясчынствы ворага на нашай зямлі. Мы гэта памятаем, і ў гэтым нашая сіла. Нізка схіляем галовы перад памяццю нявінных ахвяр фашызму.
Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Да манументу “Беларусь – журботная маці” былі ўскладзены вянкі і жывыя кветкі, як сімвал незгасальнай памяці і бясконцай удзячнасці нашчадкаў за мірнае неба, за незалежнасць нашай краіны. Да брацкай магілы дзяўчынкі ў белым адзенні, якія сімвалізавалі анёлаў, паставілі запаленыя лампадкі.
Іерэй Арцемій правёў жалобную заўпакойную ліцію па загінуўшых бязвінных ахвярах фашызму. У капліцы ў гонар іконы Божай маці “Взыскание погибших” былі запалены свечкі за спакой душы людзей, загінуўшых ад рук карнікаў.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара
і Алесі БАГДАНАВАЙ.

Удзельнікі мітынгу-рэквіему падзяліліся меркаваннямі
аб важнасці мерапрыемства.


Аляксандр БАГЕЛЬ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
– Гісторыя і памяць – гэта мост паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй. А падобныя мерапрыемствы дазваляюць перадаць маладому пакаленню гістарычную праўду пра вайну, яе трагізм, пра подзвігі абаронцаў Айчыны.
Наведваючы Боркі, заўсёды ў памяці ўсплываюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, аб якіх мы ведаем з расказаў нашых ветэранаў, з кніг і кінафільмаў, з архіўных дакументаў. І кожны раз ахоплівае жах ад таго, што давялося перажыць мірным людзям, якой страшнай і пакутлівай была іх смерць, які боль адчувалі маці, у якіх на руках паміралі іх дзеці…
Сотні сцёртых з твару зямлі вёсак, мільёны забітых, спаленых, закатаваных –
такім быў генацыд беларускага народа ў гады вайны.
Вельмі важна, што памятны знак “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” ў в.Боркі не пустуе: сюды прыязджаюць не толькі жыхары Магілёўскай, але і суседніх абласцей, госці з замежжа.
Тут бывае шмат моладзі, дзяцей і падлеткаў, менавіта ім у будучым трэба будзе развіваць нашу краіну, абараняць яе. І хочацца верыць, што яны зробяць усё магчымае, каб не дапусціць на нашай беларускай зямлі паўтарэння такіх страшных трагедый.

Іван КАРАНКЕВІЧ, вучань СШ №1:
– Беларусь – адна з нямногіх краін, дзе свята шануюць гісторыю і памятаюць, якой цаной была заваяваная Вялікая Перамога. Сотні беларускіх вёсак у гады вайны раздзялілі лёс Хатыні.
Для моладзі вайна здаецца чымсьці далёкім і кніжным, але, калі задумаешся, адчуваеш, наколькі гэта страшна і балюча. Ахвярамі фашысцкіх карнікаў сталі і мірныя жыхары боркаўскай зямлі. Гэта журботнае месца заўсёды будзе напамінаць нам, нашчадкам, аб цяжкіх выпрабаваннях, якія выпалі на долю беларускага народа. Мы не маем права гэтага забыць! У такіх злачынстваў няма тэрміну даўнасці. Перадаць гэту памяць маладому пакаленню – значыць абараніць сваю краіну ад негатыўных праяў фашызму.

Последние новости

Актуально

«ПЬЯНОМУ И БЕСПРАВНОМУ НЕ МЕСТО НА ДОРОГЕ!»

16 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Единый день информирования в Кировском районе газоснабжения

16 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Единый день информирования прошел в Кировском районном Центре социального обслуживания населения

16 апреля 2026
Читать новость
Актуально

О мерах безопасности на республиканском субботнике

16 апреля 2026
Читать новость
Благоустройство

18 апреля – республиканский субботник. На что пойдут заработанные деньги?

16 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Лукашенко подписал указ о приеме в белорусское гражданство 230 человек

16 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем