Сімвал мужнасці народнай. Курган Славы – адзін са знакавых помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны на Кіраўшчыне

Сімвал мужнасці народнай. Курган Славы – адзін са знакавых помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны на Кіраўшчыне

Сярод помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны адным са знакавых на Кіраўшчыне з’яўляецца Курган Славы, які знаходзіцца на 37-м кіламетры на шашы ў бок Магілёва.

На ўзвышшы Кургана стаіць помнік-абеліск з надпісам: “У гэтых лясах у гады Вялікай Айчыннай вайны дыслакавалася 9-я партызанская брыгада імя Кірава, знаходзіўся Кіраўскі РК ККБ, выдавалася газета “Кіравец”. Помнік стаў данінай павагі ад удзячных нашчадкаў.
Курган Славы знаходзіцца менавіта ў гэтым месцы невыпадкова: яшчэ ў 1941-м годзе першая ў раёне партызанская група (у будучым – 100-ы партызанскі атрад імя В.І.Чапаева) знішчыла стратэгічны для фашыстаў участак дарогі Магілёў – Бабруйск. Гэта быў мост-тунель, які ўзарвалі. Ад выбуху труба разляцелася на шматкі, дарога была па­шкоджана. Аб’езд зрабіць нельга – наўкол багністая мясцовасць. Урон для ворага быў значны.
Калі ў 1941-м годзе партызаны дзейнічалі паасобку, наносячы шкоду ворагу нескардынавана, то вясна 1942-га была ўжо характэрна масавым развіццём партызанскага руху на акупіраванай тэрыторыі, узмацненнем баявых дзеянняў народных мсціўцаў. У маі гэтага года Клічаўскі раён і частка тэрыторыі Кіраўшчыны былі вызвалены ад варожых гарнізонаў, тут аднавілі савецкую ўладу з усімі органамі кіравання.
Менавіта ў Клічаўскім раёне, у вёсцы Бацэвічы, якая з’яўлялася як бы сталіцай партызанскага краю, у маі стварыўся 537-ы Кіраўскі атрад, яго камандзірамі былі Сцяпан Свірыд, а таксама ўраджэнец Ахоціч Георгій Храмовіч, які разам з камісарам Г.Л.Комарам займаўся разведкай і сеткай сувязных з Кіраўска і Бабруйска.
Аднойчы ў канцы мая разведчыкі атрада прывялі ў штаб трох чалавек, якія прыйшлі з-за лініі фронту і шукалі сустрэчы з партызанамі. Разведчыкі заўважылі незнаёмцаў у раёне Гарадца, прыбыўшыя людзі мелі з сабой некалькі нумароў газет “Праўда” і “Чырвоная зорка”. Але самае галоўнае – у гэтай групы была рацыя, а значыць – сувязь з Вялікай зямлёй, якую народныя мсціўцы так чакалі. Менавіта тады партызаны даведаліся, што цяпер усе атрады на акупіраванай тэрыторыі будуць дзейнічаць пад адзіным, цэнтралізаваным кіраўніцтвам, што партызанскі рух становіцца свайго роду другім фронтам. Гэта ўзняло настрой не толькі народным мсціўцам і падпольшчыкам, але і мірнаму насельніцтву, якое ўжо спаўна зведала ўсе жахі захопніцкіх уладаў. Не ў стане адолець партызан, фашысты ў шалёнай злосці знішчалі вёскі разам з мірнымі жыхарамі. Так пацярпелі Казулічы, Боркі, Збышын, Пясцова і іншыя населеныя пункты нашага раёна. Колькі помнікаў ахвярам той жудаснай вайны стаіць па ўсёй Кіраўшчыне!
Сваімі зверствамі гітлераўцам не ўдалося запужаць лю­дзей, наадварот, нарошчвалася партызанская барацьба. У атрады народных мсціўцаў пачалі ісці цэлымі сем’ямі. У нашым раёне дзейнічала каля дзясятка партызанскіх фарміраванняў, члены якіх не шкадуючы сваіх сіл, рызыкуючы жыццём, змагаліся з ненавісным ворагам.
Акупанты, як агню, баяліся народных мсціўцаў, усяляк імкнуліся знішчыць “лясных бандытаў”, як яны называлі партызан. Летам 1942-га года фашысты сканцэнтравалі свае войскі ў Магілёве, Бабруйску, Беразіно, Рагачове – вораг браў партызанскі край у шчыльнае кальцо. У дадатак да дзе­ючых карных атрадаў было вылучана 50 тысяч салдат і афіцэраў рэгулярных войскаў.
Як пазней узгадваў Георгій Храмовіч, 1 ліпеня вораг пачаў наступленне на партызанскі край, завязаліся жорсткія баі. На ўсходзе і паўднёва-заха­дзе стаяла, ахапіўшы паўнеба, барвовае зарыва – фашысты палілі вёскі. Гарэлі Ахоцічы, Багданаўка, Кострычы, Пацава Слабада… Нягледзячы на страты, якія панеслі партызаны ў баях з пераўзыходзячымі сіламі варожых батальёнаў, атрад значна павялічыўся – далучыліся народныя мсціўцы, што адсталі ад сваіх фарміраванняў, уліліся людзі з груп самааховы. Той час быў вельмі складаным для партызан – не хапала зброі, боепрыпасаў, здаралася, па некалькі дзён заставаліся без ежы.
Але ніякія намаганні акупантаў – бамбёжкі з гармат і самалётаў, засылкі да партызан шпіёнаў – не здолелі знішчыць народных мсціўцаў, якія ў найцяжэйшых суровых умовах працягвалі змагацца з ворагам. Да таго ж, не пакінула партызан і Вялікая зямля. Чырвоназоркавыя самалёты ледзь не кожную ноч скідвалі на парашутах боепрыпасы, зброю, медыкаменты і харчаванне. Гэтак у пастаянных сутычках з гітлераўцамі, губляючы баявых таварышаў, у той жа час, зні­шчаючы жывую сілу праціўніка, наносячы яму жорсткія ўдары, перажылі блакаду. Мацнела ўпэўненасць у сваіх сілах, расла вера ў перамогу над заклятым ворагам, які ператварыў нашу родную зямлю ў руіны, лагеры смерці, быццам калючым дротам, ахапіў гарачыя сэрцы людзей…
У мэтах адзінага кіраўніцтва вясной 1943-га года ўсе атрады аб’ядналіся ў 9-ю Кіраўскую партызанскую брыгаду імя С.М.Кірава, яе камандзірам стаў Сцяпан Свірыд. У партызанскіх радах налічвалася звыш за 3 тысячы народных мсціўцаў, якія бязлітасна грамілі ворага: знішчылі 13 нямецкіх гарнізонаў і 26 паліцэйскіх участкаў, падбілі 28 танкаў і 520 аўтамашын, у “рэйкавай вайне” падарвалі 5 чыгуначных мастоў, увогуле ж знішчылі звыш за 12 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў.
У баях з ворагам загінула нямала народных мсціўцаў, імёны адважных і мужных байцоў, якія гэтак і не пачулі пераможных залпаў салютаў 1945-га, ніколі не павінны быць забытымі.
Ужо не адзін дзясятак год, яшчэ з дзяцінства, я наведваю магілу байца партызанскага атрада Станіслава Трызны на могілках у в.Ізабеліна. Ля помніка з чырвонай зоркай заўсёды ляжаць кветкі…
Раней былыя ўдзельнікі партызанскага руху збіраліся ра­зам, каб прайсціся па месцах, дзе знаходзіліся іх стаянкі, грымелі баі, каб успомніць баявое мінулае, загінуўшых таварышаў. Цяпер такія паходы павінны праводзіць прадстаўнікі маладога пакалення па лясах Кіраўшчыны і Клічаўшчыны, наведваць помнікі, брацкія магілы, ушаноўваюць памяць абаронцаў Радзімы.
Адметна, што не перарываецца сувязь пакаленняў, а такія помнікі, як Курган Славы на Кіраўшчыне, з’яўляюцца сімваламі мужнасці, велічы і стойкасці нашага народа, яго адзінства.
Лёс Айчыны, яе цяперашняе і будучае залежаць ад нас.
Аляксандр ДЗМІТРЫЕЎ.

Последние новости

Духовность

28 апреля – Вход Господень в Иерусалим

28 апреля 2024
Безопасность жизнедеятельности

28 апреля – Всемирный день охраны труда

28 апреля 2024
Общество

Как будет работать Кировская райбольница в мае

26 апреля 2024
Общество

Жители Кировщины – об историческом событии

26 апреля 2024
Акция!

Республиканская профилактическая акция “Мотоциклист” пройдёт на Кировщине

26 апреля 2024
Общество

Об историческом событии – из первых уст

26 апреля 2024
Общество

Об историческом событии – из первых уст

26 апреля 2024
Общество

Прямая телефонная линия

26 апреля 2024
Общество

26 апреля – День Чернобыльской трагедии

26 апреля 2024
Общество

Прямая линия по вопросам потребительской кооперации

26 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

На Кировщине ограничат движение в связи с велосипедными гонками

23 апреля 2024
Знай наших!

Кировчанка – победитель республиканского конкурса

23 апреля 2024
В стране и мире

Задержан наркозависимый экстремист с арсеналом

18 апреля 2024
Безопасность жизнедеятельности

В Кировске произошёл пожар в общежитии

23 апреля 2024
Общество

Родине служить – священный долг

18 апреля 2024
2024 - Год качества

С 29 марта по 22 апреля на выставке достижений народного хозяйства в Москве проходит выставка, посвящённая Дням Могилёвской области

17 апреля 2024
Знай наших!

Кировский триумф в Бресте! И не только…

23 апреля 2024
Актуально

“Весенний бал” принял молодых специалистов Могилёвщины в Жиличах

19 апреля 2024