У Мінску завяршыла сваю работу выстава дасягненняў суверэннай Беларусі «Мая Беларусь»

Дасягненні краіны – у экспанатах
У Мінску ў Міжнародным выставачным цэнтры BELEXPO 23 лютага завяршыў сваю работу маштабны праект – выстава дасягненняў суверэннай Беларусі «Мая Беларусь».
Сімвалічна, што экспазіцыя стартавала 19 снежня 2025 года, у дзень найважнейшай палітычнай падзеі для беларусаў – пачатку работы другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу. Таму першымі выставу, на якой было прадстаўлена ўсё: ад традыцый беларускага мінулага да інавацый будучыні, убачылі дэлегаты УНС. І амаль два месяцы жыхары і госці краіны знаёміліся з поспехамі Беларусі ў самых розных сферах ад гісторыі Беларусі да яе інавацыйных тэхналогій.
Актыўна наведвалі выставу кіраўчане. У ліку іх былі прадстаўнікі галіновых прафсаюзаў раёна. Старшыня Кіраўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Наўрозава адзначыла: «Гэта ўнікальная выстава дазволіла нам пазнаёміцца з перадавымі дасягненнямі Беларусі ў розных галінах, здзейсніць віртуальныя падарожжы
ў асобныя рэгіёны. Мы ў чарговы раз пераканаліся: сіла Беларусі – у яе людзях, працы і таленце!».
Яркія ўражанні, па словах настаўніка Паўлавіцкай сярэдняй школы імя Р.А.Худалеева Людмілы Кудаевай, пакінула выстава ў вучняў установы адукацыі: «Наведванне выставы дазволіла вучням лепш зразумець маштаб развіцця нашай краіны, убачыць вынікі працы суайчыннікаў і адчуць гонар за дасягненні Беларусі. Экскурсія атрымалася пазнавальнай і натхняльнай».
Выстава «Мая Беларусь» спрыяла фарміраванню грамадзянскай адказнасці і патрыятызму ў яе наведвальнікаў, дазволіла лепш зразумець ролю сучасных тэхналогій і інавацый у жыцці грамадства. А для многіх стала крыніцай натхнення для будучых праектаў, даследчых работ і прафесійнага выбару.

Галіна РУСЕЦКАЯ