Темы

Ірына Кучынская пра сваю прафесію: «Праца аператара машыннага даення — не для слабых духам»

Ірына Кучынская пра сваю прафесію: «Праца аператара машыннага даення — не для слабых духам»

Ірына Кучынская – прадстаўнік адной з самых запатрабаваных прафесій у сельскай гаспадарцы. 24 з паловай гады яна шчыруе аператарам машыннага даення ў ААТ “Дабаснянскае”. Летась, да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці за значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама – заслужанае прызнанне шматгадовай добрасумленнай працы.

Два апошнія гады Ірына Віктараўна плённа працуе на малочнатаварным комплексе “Добасна”. Да гэтага – на ферме ў Дабрыцы. Сама мясцовая: нарадзілася ў суседняй вёсцы Даброціна ў сям’і, дзе даяркай была маці, і бацька – доярам. Таму майстэрства гэтай няпростай прафесіі яна ўвабрала, можна сказаць, на генетычным узроўні. Магчыма, гэта і паслужыла падмуркам да далейшага прафесійнага поспеху. Даіць кароў яна пачала рана і выхавала ў сабе павагу да жывёлы. Гэтак жа да сельскагаспадарчай працы Ірына Віктараўна з малых гадоў прывучала і сваіх дваіх дзяцей. “На сяле без дапамогі ніхто не справіцца, і дзеці заўсёды былі побач са мной і мужам. Быў час, калі ў сваёй падсобнай гаспадарцы мы трымалі адразу тры каровы, свіней, таму, вядома, патрэбна была дапамога”, – падзялілася ўспамінамі жанчына. Дарэчы, дзеці Кучынскіх таксама звязалі сваё жыццё з галіной сельскай гаспадаркі. Старэйшы сын працуе намеснікам дырэктара аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Ліёзненскага раёна Віцебскай вобласці. Малодшы сын вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, выбраў для сябе спецыялізацыю рыбаводства.

Разважаючы аб сваёй прафесіі, Ірына Віктараўна адзначыла: “Праца аператара машыннага даення –
не для слабых духам. Дойка праходзіць двойчы ў суткі, пачынаецца рана, заканчваецца позна. Працоўны графік дысцыплінуе і не церпіць спазненняў. Каб спраўляцца з працай, трэба валодаць добрым здароўем, бо патрабуецца шмат фізічных сіл”.

За Ірынай Кучынскай замацавана 173 каровы. За мінулы год валавы надой малака ў яе групе склаў 1004174 кг – паказчык, якім яна па праве можа ганарыцца. У сярэднім ад адной каровы даярцы ўдалося атрымаць 6829 кг, што з’яўляецца лепшым паказчыкам на МТК і вышэй за сярэдні па гаспадарцы (6589 кг).

Пры гэтым сама Ірына Віктараўна кажа, што складанасцяў у працы ў яе няма: “За столькі гадоў прывыкла да ўсяго. З дзяцінства ведаю, як знайсці падыход да каровы, як правільна яе даіць, даглядаць”. Такая ўпэўненасць у сваіх сілах – вынік вопыту і любові да справы.

“Быць аператарам машыннага даення – значыць рабіць значна больш, чым проста атрымліваць ад каровы малако, – распавяла вопытная даярка. – Мы адказваем за падрыхтоўку жывёлы да даення, праводзім гігіену вымя. Трэба яшчэ ўмела падключыць даільны апарат, строга выконваць тэхналогію і санітарныя нормы”.

Загадчык комплексу Алена Галомзік дапоўніла, што ў абавязкі аператараў таксама ўваходзіць уважлівае назіранне за паводзінамі і станам рагуль, своечасовае выяўленне мастытаў і іншых захворванняў, карэктныя запісы ва ўліковыя дакументы, узаемадзеянне з ветэрынарнай службай, падтрыманне чысціні ў даільнай зале. Ад якасці працы аператара напрамую залежыць не толькі колькасць, але і якасць малака, здароўе статка і эканамічная эфектыўнасць гаспадаркі.

“Ірына Кучынская – адказны работнік. Старанна сочыць за здароўем жывёлы. У яе добра атрымліваецца выяўляць мастыты. З яе прыходам на ферму значна знізілася захворванне статка. Яна “бачыць”, калі карове патрэбна дапамога, і дзейнічае на апярэджанне. Гэта прафесіяналізм, які выратоўвае не адну рагулю і эканоміць сродкі гаспадаркі”, – расказала Алена Іванаўна.

Цікава, што ў свой час Ірына Кучынская спрабавала змяніць вясковае жыццё на гарадское: 15 гадоў прапрацавала на швейнай фабрыцы “Славянка” ў Бабруйску. Але пасля замужжа вярнулася ў калгас і выбрала жыццё на роднай зямлі. Гэта вяртанне, як і ў многіх сельскіх людзей, звязана не толькі з прыхільнасцю да дома, але і з усведамленнем важнасці працы, якая корміць і падтрымлівае грамадства. Муж, Анатоль Іванавіч, – механізатар у ААТ “Дабаснянскае”.

Дарэчы, вясковае жыццё поўнае сваіх цяжкасцяў і радасцяў. Напружаная фізічная праца, ранні ўздым, залежнасць ад надвор’я… У той жа час, радасці – простыя і шчырыя: прыгажосць роднай прыроды, яе гарманічнасць, вызваленне ад гарадскога шуму і мітусні… Для Ірыны Віктараўны і яе сям’і сельскае жыццё – гэта пра карані, пра традыцыі і пра прызванне.

Гісторыя гераіні гэтых радкоў – прыклад таго, як жанчына можа ператварыць штодзённую нялёгкую працу ў дасягненне: высокія надоі, здаровы статак, павага ў калектыве і падзяка кіраўніцтва. Сапраўдная беларуская жанчына не баіцца цяжкасцяў – яна смела бярэцца за любую справу і дасягае поспеху, дзякуючы цвёрдаму характару і мэтанакіраванасці, не губляючы пры гэтым здольнасці да свайго галоўнага прызначэння – заставацца жанчынай.

Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

В Кировске прошел районный выпускной вечер — большой фоторепортаж

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Пётр Яцкевич — ветеран труда ОАО «Рассвет им. К.П.Орловского» даёт совет молодым аграриям

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

«Беларусь помнит. Помним каждого». Как реализуют проект школьники Кировского района

12 июня 2026
Читать новость
Сельское хозяйство

Сенокосная страда в СХФ «Чигиринка»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Юные кировчане приняли участие в III региональном художественном конкурсе «РЭХА ПЕРАМОГІ. Ажыўшыя лісты вайны»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Конкурс для молодых семей «Властелин села-2026» состоится 16 июня

12 июня 2026
Читать новость