Кіраўскія педагогі — за бяспеку дзяцей




Трэба адзначыць, што калектыў нашай дашкольнай установы на працягу некалькіх апошніх гадоў вядзе значную работу, накіраваную на забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці сваіх выхаванцаў. Для гэтага распрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца самыя разнастайныя формы работы як з самімі дзецьмі, так і з іх бацькамі. З апошнімі, да прыкладу, праводзяцца бацькоўскія сходы, на якія запрашаюцца супрацоўнікі райаддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях: яны праводзяць прафілактычную, тлумачальную работу. Да таго ж, бацькі могуць азнаёміцца з разнастайнай інфармацыяй па забеспячэнні бяспекі дзяцей, рабоце педкалектыву на інфармацыйных стэндах, інтэрнет-сайце дашкольнай установы. Цікавасць у бацькоў выклікала нядаўняя кансультацыя: “Як засцерагчы дзіця ад няшчасця”.
Шмат разнастайных і запамінальных мерапрыемстваў было праведзена сёлета з выхаванцамі садка. Аб тым, як паводзіць сябе, знаходзячыся на вуліцы, рабяты даведаліся з тэматычных заняткаў “Вуліца поўная нечаканасцей”. Шмат карыснага для сябе ўзялі дзеці з заняткаў, назва якіх гаворыць сама за сябе: “Як паводзіць сябе з незнаёмцам”. Актыўна прымаючы ўдзел у дыдактычнай гульні “Гадзіннік асцярожнасці”, рабяты пазнаёміліся з мажлівымі небяспечнымі сітуацыямі ў быту, у дамашняй абстаноўцы і якім чынам можна іх пазбегнуць.
Карыснымі былі для дзяцей мерапрыемствы па супрацьпажарнай бяспецы: “Запалкі не цацкі”, “Агонь — сябар, агонь — вораг”. Разнастайныя ўменні і навыкі набывалі рабяты на сюжэтна-ролявых гульнях “Адзін дома”, “Мы — пажарныя”. Цікавасцю карыстаюцца чытанні разнастайных твораў на пажарную тэматыку дзіцячай мовай: “Пажарныя сабакі” Льва Талстога, “Кошкін дом” Самуіла Маршака, “Блытаніна” Карнея Чукоўскага і інш. Часта на занятках выкарыстоўваюцца загадкі аб агні, вадзе, небяспечных бытавых прадметах. Шмат даведваюцца рабяты аб бяспецы жыццядзейнасці таксама з прапанаваных слайдаў, мультфільмаў, кінафільмаў.
Наш педкалектыў і надалей плануе актыўна працаваць у гэтым накірунку. Бо бяспека дзіцяці для педагога стаіць на першым месцы.
Наталля ХАХЛОВА, выхавальнік ясляў-садка №4 горада.