Темы

Мароз і сонца… і рыбалка!

Мароз і сонца…  і рыбалка!

І зноў Чыгірынскае вадасховішча стала эпіцэнтрам рыбалоўных баталій: у мінулую суботу нягледзячы на вельмі марознае надвор’е, ля дамбы ГЭС сабралося шмат сапраўдных прыхільнікаў зімовай рыбалкі і здаровага ладу жыцця. Прычым, як аматараў, так і спартсменаў-прафесіяналаў. У паралельным фармаце праходзілі чарговае зімова-каманднае першынство раёна і першы этап чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па спартыўнай надлёднай лоўлі рыбы на мармышку.
Рыбакам сёлетняй зімой доўга прыйшлося чакаць усталявання трывалага лёдавага покрыву на любімых вадаёмах. З-за неспрыяльнага надвор’я пераносіліся і рэспубліканскія спаборніцтвы па надлёднай лоўлі рыбы. І вось, нарэшце, усе дачакаліся і паспяшаліся на спаборніцтвы насуперак 25-градуснаму з раніцы марозу!
На здымку: пераможца першынства раёна па спартыўнай надлёднай лоўлі рыбы на мармышку — каманда ДЮСШ разам са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Піскіжавым. У саставе каманды: Валянцін Шакараў, Ігар Масюковіч (пераможца ў асабістым заліку), Дзмітрый Вароніч.

Першымі адкрылі сваё першынство кіраўчане. Пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь быў узняты Дзяржаўны флаг краіны. На ўрачыстым пастраенні ўдзельнікаў каманд (а іх заявілася на ўдзел у спаборніцтвах 9), балельшчыкаў шчыра вітаў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Дарэчы, як і заўжды, ён сам быў удзельнікам першынства раёна па рыбнай лоўлі, і разам з ім у камандзе былі сын Ігар, навучэнец гімназіі, і пракурор раёна Вячаслаў Паршук, таксама актыўныя аматары і зімовай, і летняй рыбалкі. Астатнія каманды прадстаўлялі ДЮСШ, ААТ “Кіраўск-Лён”, СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, РАПТЗ, райспажыўтаварыства, Скрыпліцкі сельсавет, прыватнае прадпрыемства “Булат-Сталь”, якое разам з раённымі арганізацыямі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі фонд міру” выступіла спонсарам спаборніцтваў. Камандныя прызы, дыпломы падрыхтавалі аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і фізкультурна-спартыўны клуб, якія былі арганізатарамі першынства.
Уладзімір Піскіжаў, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў: гэта цудоўна, што кіраўскія аматары рыбнай лоўлі спаўна выкарыстоўваюць магчымасці такога вадаёма, як Чыгірынскае вадасховішча, і ў летні, і ў зімовы перыяд выязджаюць на рыбалку, удасканальваюць свае навыкі. Старшыня райвыканкама выказаў меркаванне, што пагодныя ўмовы нададуць асаблівы інтарэс спаборніцтвам: будзе, безумоўна, нялёгка пры такім марозе, але майстэрства, цярплівасць, а, самае галоўнае, рыбацкая ўдача дазволяць кожнаму быць з уловам!
Са святам зімовай спартыўнай рыбалкі кіраўчан павіншаваў намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання “Федэрацыя рыбалоўнага спорту” Канстанцін Ціханаў і выказаў удзячнасць кіраўніцтву раёна на чале з Уладзімірам Піскіжавым за прыхільнасць здароваму ладу жыцця, падтрымку рыбалоўных спаборніцтваў і зімой, і летам. І пажадаў удзельнікам першынства, як кажуць рыбаловы, ні хваста, ні лускі!
Прадстаўнікі каманд накіраваліся ў вызначаныя непадалёку ад дамбы Чыгірынскай ГЭС сектары лоўлі рыбы. Перад гэтым усе былі папярэджаны аб неабходнасці захавання мер бяспекі на лёдзе. Падчас спаборніцтваў дзяжурылі матрос-выратавальнік, машына “хуткай дапамогі”, а гарачымі стравамі частавалі работнікі гандлю. Прыўзнятага настрою дадавалі культработнікі і мясцовыя артысты мастацкай самадзейнасці.
Хутка дзякуючы намаганням рыбаловаў на лёдзе сталі з’яўляцца лункі, і ўдзельнікі першынства прыступілі да лоўлі, засяроджана паглядаючы на вуды. Аб кожнай новай здабычы яны паведамлялі суддзям і выкладвалі рыбу на лёд. Адным стала адразу шанцаваць, другім прыйшлося пачакаць удачы. Сярод удзельнікаў былі і вопытныя, заўзятыя рыбаловы, з уласнымі “сакрэтамі” свайго хобі, і навічкі, якім цікава было спасцігнуць гэтае майстэрства, як, напрыклад, Яўгену Пішчаліну з каманды “Рассвета”.
Усе ўвайшлі ў азарт ад добрага клёву і нахвальвалі “рыбалоўнае” сонечнае, бязветранае надвор’е.
І вось праз дзве з лішнім гадзіны надышоў момант узважвання злоўленага. Кожны член каманды прыносіў на вагі свой улоў, потым узважваўся агульнакамандны.
Першае месца з уловам у 735 грамаў заняла каманда ДЮСШ у саставе Валянціна Шакарава, Ігара Масюковіча, Дзмітрыя Вароніча. Другое месца з рэзультатам 644г — у каманды ААТ “Кіраўск-Лён” (Фёдар Багамолаў, Віталь Юдко, Сяргей Сітцаў), трэцяе месца — у каманды райвыканкама ў саставе Уладзіміра і Ігара Піскіжавых, Вячаслава Паршука (634 г).
У асабістым першынстве перамогу святкаваў Ігар Масюковіч (ДЮСШ), улоў якога склаў 422 г, другое і трэцяе месцы занялі адпаведна Сяргей Трухановіч (“СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага) і Фёдар Багамолаў (ААТ “Кіраўск-Лён”). Самая вялікая рыбіна — у 148 г — трапіла на мармышку прадстаўніка каманды РАНС Аляксандра Жураўскага, самыя маленькія — па 4 грамы — аказаліся адразу ў чацвярых чалавек.
Камандам былі ўручаны Дыпломы і прызы, а пераможцам у асабістым заліку — грашовыя прэміі, сфарміраваныя за кошт уступных арганізацыйных узносаў.
Актыўнай удзельніцай і зімовых, і летніх спаборніцтваў па рыбнай лоўлі з’яўляюцца каманда прыватнага прадпрыемства “Булат-Сталь” і яе дырэктар Аляксандр Падашэўскі, а таксама, як мы ўжо адзначылі, гэтае прадпрыемства выступае спонсарам.
Аляксандр Падашэўскі ўручыў прыз ад “Булат-Сталі” самаму малодшаму ўдзельніку першынства Ігару Піскіжаву, які на ўсіх праводзімых у раёне спаборніцтвах па рыбнай лоўлі нароўне са сталымі мужчынамі вытрымлівае непрадбачныя сюрпрызы надвор’я і паказвае добрыя рэзультаты!
Старшыня райвыканкама выказаў задавальненне тым, што спаборніцтвы прайшлі дружна, арганізавана, сумленна, па-дзякаваў усім за ўдзел і пажадаў тым, каму не вельмі пашанцавала, з новым запалаам рыхтавацца да першынства наступнага года.
Калі кіраўчане ўжо атрымлівалі асалоду ад добрага клёву, рыхтаваліся адкрыць зімовы сезон-2012 удзельнікі першага этапу чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па спартыўнай лоўлі рыбы на мармышку. Дарэчы, да 11 беларускіх каманд далучылася каманда Ленінградскай вобласці. І спрачацца з мужнымі і адважнымі мужчынамі была гатова адзіная дзяўчына Настасся Пракапенка з каманды юніёраў: увогуле, як мы даведаліся, яна — першая ў гісторыі беларускага рыбалоўнага спорту прадстаўніца цудоўнага полу.
Старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання “Федэрацыя рыбалоўнага спорту” Яраслаў Ціхановіч выказаў надзею, што барацьба падчас спаборніцтваў будзе цікавай, захапляльнай і, разам з тым, карэктнай, паколькі разам з вопытнымі спартсменамі ў бой уступае каманда-дэбютант.
На гэтым этапе, падкрэсліў Яраслаў, назіраецца максімальная колькасць удзельнікаў за апошнія тры гады і пажадаў, каб такая тэндэнцыя захоўвалася ў далейшым. Ён таксама выказаў удзячнасць Кіраўскаму райвыканкаму за пастаянную дапамогу ў арганізацыі і правядзенні спаборніцтваў.
Гасцей шчыра вітала Вольга Гаршкова і пажадала добрага клёву, а ён на гэты момант на вадаёме меў месца, што было даказана кіраўскімі аматарамі.
У хуткім часе непадалёк ад нашых рыбаловаў занялі свае сектары спартсмены. Іх спаборніцтва доўжылася два дні. А перамогу святкавала каманда “БРИК” (вялікага рыбалоўнага інтэрнэт-клуба) з двухдзённым уловам у 5772 г. Другое і трэцяе месцы — на рахунку мінскіх каманд “Байкал” і “RS ice fiching”.
У асабістым першынстве з рэзультатам 2518 г выйграў Вадзім Якубовіч з каманды “RS ice fiching”. На другім і трэцім месцах адпаведна — Максім Кусмарцаў з каманды Ленінградскай вобласці і Сяргей Драздоўскі з “БРИК”.
Самую буйную рыбу злавіў таксама Вадзім Якубовіч: гэта быў лешч вагой 433 г.
Ля дамбы самадзейныя артысты запрашалі ўсіх на карагод, работнікі РДК праводзілі цікавыя гульні і конкурсы, усе жадаючыя мелі магчымасць пакатацца на санях, а хто замёрз — пачаставацца гарачым булёнам і чаем ля гандлёвай палаткі — адным словам, атрымалася свята рыбалоўнага спорту і сапраўднай зімы з незабыўнымі ўражаннямі і цудоўным настроем усіх, хто ў ім удзельнічаў!
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА
і Віктара ГАЛОМЗІКА.

Последние новости

Актуально

Августовская педагогическая конференция

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Опасный макияж: шаг до трагедии

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Скрыжавалі ракеткі

28 августа 2026
Читать новость
Физкультура и спорт

Триумф на велотрассе

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Прафесія, ад якой залежыць жыццё

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Как защитить телефон?

28 августа 2026
Читать новость