Темы

Наш трыумф і слава: іх бачыла Палтава!

Наш трыумф і слава: іх бачыла Палтава!

Не перастаюць прыемна здзіўляць юныя валейбалісткі-выхаванкі ДЮСШ, радуючы чарговымі і эфектнымі перамогамі. Прычым здзіўляюць цяпер яны больш сапернікаў і іх трэнераў ужо нават не рэспубліканскага ўзроўню…
З бліскучай перамогай вярнулася нядаўна каманда дзяўчат 1997-98 гадоў нараджэння з Міжнароднага турніру “Наталка-Палтаўка” з удзелам каманд трох краін, які, як ужо можна здагадацца, праходзіў у Палтаве ва Украіне. Гэта быў дэбют кіраўчанак у гэтым горадзе, хаця з украінскім валейболам нашы дзяўчаты ўжо знаёміліся не аднойчы падчас удзелу ў іншых міжнародных турнірах у горадзе Белая Царква. Менавіта тут у студзені бягучага года каманда трэнера Сяргея Лазаковіча і атрымала запрашэнне ў Палтаву.
Сказаць, што дэбют кіраўчанкам удаўся — нічога не сказаць. Дзяўчаты з беларускай правінцыі ехалі, каб вывучыць вопыт украінскай і расійскай валейболь- ных школ, не ставячы перад сабой самамэты перамагчы любой цаной. А выйшла так, што кіраўчанкі проста збянтэжылі сваёй бліскучай гульнёй усіх равесніц-апанентак і іх трэнераў.
Першы сапернік — другая каманда Палтавы. Гаспадыні літаральна нічога не змаглі прад’явіць у адказ жалячым ударам нашых валейбалістак. Вынік — сухая перамога 3:0. Наступная гульня — з камандай Мелітопаля. Спартсменкі з берагоў Азоўскага мора таксама не змаглі “ўзяць” у кіраўчанак ніводнай партыі — 3:0. Затым супраць беларусак выйшла першая каманда Палтавы. Усё, што ўдалося гаспадыням, — гэта “ўзяць” адну партыю: лік 3:1 на карысць кіраўчанак.
Сенсацыйнай можна было б лічыць наступную іх перамогу, бо здабыта яна была ў паядынку супраць каманды Белгарада — своеасаблівай валейбольнай Мекі Расійскай Федэрацыі. Тым не менш, лік 3:1 на карысць дзяўчат з Кіраўска — справядлівы па гульні.
Ледзь-ледзь не здарылася асечка ў матчы з камандай Новамаскоўска. Кіраўчанкі вый-гралі дзве першыя партыі, а ў трэцяй крыўдную траўму атрымала наша капітан Крысціна Ермалаева і не змагла працягваць сустрэчу. Пахіснуўшыся псіхалагічна, беларускі ўступілі наступныя дзве партыі.
Аднак у пятым, рашаючым адрэзку гульні, нашы зямлячкі змаглі сабрацца. Выдатна ўзялі на сябе гульню Яўгенія Бяржаніна і Ганна Слабукова, якім дапамагалі астатнія члены каманды, і — цяжкая, але перамога — 3:2!
Адчуўшы, што і ў адсутнасць капітана каманда можа змагацца на поўную моц, нашы дзяўчаты разграмілі ў апошнім сваім матчы на турніры саперніц з Адэсы і па праву заваявалі кубак і залатыя медалі! Своеасаблівы рэкорд турніру ўстанавіла наша цэнтральная нападаючая Жэня Бяржаніна: у пляцоўку апанентак у шасці сустрэчах яна “ўкалаціла” 124 мячы! 91 мяч на рахунку яе сяброўкі і партнёршы па юніёрскай зборнай Беларусі Крысціны Ермалаевай, якая, нагадаем, паўтара матча не гуляла з-за траўмы. Спецыялісты, трэнеры каманд-удзельніц высока ацанілі падрыхтоўку валейбалістак з Кіраўска, а хтосьці нават пажартаваў, што, маўляў, у Палтаве такіх бліскучых перамог ніхто не атрымліваў з часін Пятра I…
Гавораць пераможцы:
Крысціна Ермалаева,
капітан каманды:

— Выдатныя ўражанні ад турніру. Нас цёпла сустрэлі на ўкраінскай зямлі. Запомніліся цікавыя экскурсіі па Палтаве. Ну і, вядома ж, асалода ад перамог над грознымі саперніцамі. Галоўнае, што мы паверылі ў свае сілы і зараз упэўнены, што калі мы ўсе разам — каманда, перамагаць можна любога саперніка. Трэба толькі дакладна выконваць устаноўкі трэнера і верыць у свае сілы.
Сяргей Лазаковіч,
старшы трэнер каманды:

— Абавязкова перамагчы на турніры — задачай не ставілі. Галоўнай мэтай, было, як кажуць, іншых паглядзець, ну, і сябе паказаць, даведацца, чаго мы вартыя на такім высокім узроўні. А яшчэ атрымаць бясцэнны вопыт для паспяховага выступлення ў бліжэйшых рэспубліканскіх спаборніцтвах — “Каласок”, дзіцяча-юнацкай валейбольнай лізе, спартакіядзе школьнікаў. Эмоцыі пасля ўкраінскага ваяжу станоўчыя, я задаволены дзеяннямі сваіх падапечных. Але паслабляцца нельга ні ў якім разе. Самаадача павінна быць у кожным матчы. Рады, што гэтую маю думку падзяляюць і самі дзяўчаты.
Яўгенія Бяржаніна, цэнтральная нападаючая, лепшы бамбардзір турніру:
— Хаця мая непасрэдная задача як нападаючай — забіваць, неяк не думаю на пляцоўцы, колькі забіць і не лічу ўдалыя атакі. Проста імкнуся ўзаемадзейнічаць з партнёршамі — завяршаць пачатую сяброўкамі камбінацыю, а пры неабходнасці дапамагаць у абароне. Крыху разгубіліся з сяброўкамі, калі ў матчы з Новамаскоўскам выпала з абоймы наша капітан, якая цэментуе гульню ўсёй каманды. Крысціна вельмі перажывала, бачна было, як яна рвалася на пляцоўку з лавы запасных, адтуль дапамагала нам парадамі. І ў нас усё атрымалася, мы ўзялі сябе ў рукі і перамаглі. Выдатны турнір, выдатныя перамогі!..
Аляксандр ХАХЛОЎ,намеснік дырэктара ДЮСШ.

Последние новости

Актуально

Августовская педагогическая конференция

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Опасный макияж: шаг до трагедии

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Скрыжавалі ракеткі

28 августа 2026
Читать новость
Физкультура и спорт

Триумф на велотрассе

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Прафесія, ад якой залежыць жыццё

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Как защитить телефон?

28 августа 2026
Читать новость