Выкананне патрабаванняў падчас уборачнай кампаніі
На працягу жніва спякота не здае сваіх пазіцый: тэмпературныя паказчыкі б’юць рэкорды. У сувязі з гэтым абвастраецца пажаранебяспечнае становішча ў месцах нарыхтоўкі, захоўвання і перапрацоўкі вырашчанага ўраджаю. Узнікненне пажараў на збожжаўборачнай тэхніцы, знішчэнне збожжавых агнём на карані, загаранне зернесушыльных комплексаў з’яўляюцца бедствам, якое прыносіць сельскагаспадарчым прадпрыемствам значныя матэрыяльныя страты.
Персанальную адказнасць за забеспячэнне пажарнай бяспекі падчас правядзення ўборачнай кампаніі нясуць кіраўнікі сельгасарганізацый і асобы, адказныя за пажарную бяспеку.
Каб прадухіліць ўзнікненне пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць прафілактычныя рэйдавыя мерапрыемствы. У адным з такіх рэйдаў разам з мабільнай групай РАНС пад кіраўніцтвам інспектара ІНіП Івана Мельніка, прынялі ўдзел і карэспандэнты “раёнкі”.
У ходзе рэйду асаблівая ўвага была нададзена праверцы выканання супрацьпажарнага рэжыму падчас уборкі збожжавых, укамплектаванасці месцаў захоўвання і перапрацоўкі ўраджаю сродкамі пажаратушэння, іх спраўнасці, ведаў алгарытму дзеянняў работнікаў сельгас-прадпрыемстваў у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі.
На належным узроўні арганізавана дзяжурства прыстасаванай для пажаратушэння тэхнікі ў СВК “Калгас “Ніва”. Акрамя трактара з вадой, на палетках, дзе вялася ўборка хлеба, дзяжурыў трактар з плугамі, які ў выпадку неабходнасці зможа хутка “адрэзаць” узнікшае полымя ад збожжавых.
Як адзначыў Іван Мель-нік, работнікі, задзейнічаныя ва ўборачнай кампаніі, абавязаны ведаць і выконваць патрабаванні пажарнай бяспекі. У выпадку выяўлення пажару паведамляць пра яго ў РАНС і прымаць магчымыя меры да выратавання людзей, ура-джаю, абсталявання і ліквідацыі пажару.
Няўхільнае выкананне правілаў пажарнай бяспекі дапаможа пазбегнуць узнікнення пажараў і розных надзвычайных здарэнняў падчас уборачнай кампаніі. А гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі ўсе работнікі суб’ектаў гаспадарання ў поўнай меры будуць выконваць комплекс мер, накіраваных на прафілактыку пажараў.
Людміла Сямёнава.
Фота аўтара.