Аграрыі Кіраўшчыны на міжнароднай арэне

У чэрвені механізатары ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне» Сяргей Чудапал і Андрэй Урбель сталі пераможцамі 19-га Рэспубліканскага агляду-конкурсу «Лепшы араты», які прайшоў у рамках выставы «Белагра-2025». Іх поспех стаў сапраўдным гонарам не толькі для сельгаспрадпрыемства, але і для ўсяго Кіраўскага раёна. Адразу пасля трыўмфу на рэспубліканскім узроўні таленавітыя аратыя прынялі ўдзел у 12-м Адкрытым чэмпіянаце Расіі па ворыве, які праходзіў ва Ўсяволжскім раёне Ленінградскай вобласці. Гэта прафесійнае спаборніцтва сабрала лепшых механізатараў з усёй Расіі і бліжэйшых замежных краін і стала яркай падзеяй аграпрамысловага комплексу. Чэмпіянат праходзіць кожны год і пашырае свае гарызонты, прыцягваючы ўвагу да сельскагаспадарчай прафесіі. За апошнія некалькі гадоў спаборніцтва наведалі больш за 200 тысяч гледачоў, а ўдзел бралі каманды з 64 рэгіёнаў Расіі і 13 дружалюбных краін. У гэтым годзе ў конкурсе ўдзельнічала 55 спецыялістаў з розных рэгіёнаў Расіі, а таксама
10 майстроў з Беларусі, Абхазіі, Кіргізіі і Пакістана.
Мы пагутарылі з Сяргеем Чудапалам пасля яго вяртання з чэмпіянату. Механізатар падзяліўся сваімі ўражаннямі ад спаборніцтваў. „Нашу краіну разам з намі прадстаўлялі дэкан факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Уладзімір Гусараў і майстар вытворчага навучання Максім Лагуноў, якія ўжо маюць вопыт удзелу
ў падобных мерапрыемствах, – распавёў Сяргей Міхайлавіч. – Мэта чэмпіянату – не толькі павышэнне культуры вядзення сельскай гаспадаркі, але і развіццё сучасных тэхналогій, папулярызацыя аграрных прафесій, а таксама прыцягненне маладых спецыялістаў у нашу важную сферу. Мерапрыемства стала ўнікальнай пляцоўкай для абмену вопытам і абмеркавання інавацый у АПК.
Хоць удзел у чэмпіянаце быў цікавым і пазнавальным, у мяне была асаблівая нуда па дому,
бо ў гэты час на Кіраўшчыне ішло жніво, і хацелася як мага хутчэй вярнуцца на родныя хлебныя нівы, сесці за штурвал камбайна“.
Гэтае жніво для Сяргея Чудапала 19-е па ліку. Вярнуўшыся з чэмпіянату, ён прадоўжыў убіраць хлеб. У выніку ў пары з Кірылам Гамаліным іх экіпаж намалаціў больш за 2 тысячы тон збожжа.
Удзел кіраўчан у чэмпіянаце такога высокага ўзроўню даказвае, што Кіраўскі раён валодае не толькі таленавітымі спецыялістамі, але і гатовы прымаць удзел у сусветным аграрным руху, прадстаўляючы Беларусь з лепшага боку.
Яўгенія БЯЛЬКО.