Аграрыі КСУП «Чырвоны баец» паралельна вядуць жніво і корманарыхтоўку

2 ліпеня ў КСУП «Чырвоны баец» стартавала ўборачная кампанія. Аднак капрызы ліпеньскага надвор’я ўнеслі свае карэктывы ў графік аграрыяў: з-за дажджоў работы прыйшлося прыпыніць. У поле збожжаўборачная тэхніка вярнулася толькі 9 ліпеня, калі палеткі і калоссе дасягнулі неабходнай для абмалоту кандыцыі.
На сённяшні дзень асноўныя сілы гаспадаркі кінуты на ўборку азімага ячменю. Пад гэтую культуру адведзены 241 гектар пасяўных плошчаў. На 13 ліпеня хлебаробамі ўбрана 138 гектараў, намалочана 561 т, ураджайнасць складае 40,7 цэнтнера на круг. Вырошчваюць у «Чырвоным байцы» пераважна сярэдняспелы гатунак піваварнага назначэння Дзіпло, які раней даваў добры ўраджай нават ва ўмовах нестабільнага лета.
За ходам уборачнай журналісты раёнкі назіралі як раз 9 ліпеня. На хлебнай ніве было задзейнічана тры збожжаўборачныя камбайны (усяго ў гаспадарцы чатыры), якія рытмічна ішлі па полі, а два вялікагрузныя аўтамабілі забяспечвалі бесперабойны адвоз збожжа. Бяспека падчас жніва стаіць на першым месцы: непадалёк дзяжурыла пажарная машына, гатовая ў любы момант прадухіліць ўзгаранне іржышча або тэхнікі.
Пра спецыфіку сёлетняга жніва расказала галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Святлана Асіпенка: «Сёлета мы пачалі ўборачную кампанію на некалькі дзён раней, чым звычайна. Надвор’е дыктуе свае ўмовы, таму ў нас ёсць вымушаныя перапынкі, але мы ловім кожную пагодную хвіліну. Як толькі прыпыняюцца дажджы, адразу правяраем вільготнасць збожжа і, калі яна адпавядае нормам, выводзім тэхніку на палеткі. Шчыра кажучы, трохі хвалююча, што надвор’е так падводзіць, але высокае майстэрства нашых хлебаробаў выручае ў любой сітуацыі. У гэтыя дні мы максімальна арыентуемся на надвор’е і ступень паспявання культур, усё астатняе для правядзення якаснай уборкі ў нас падрыхтавана».
За штурваламі збожжаўборачнай тэхнікі – сапраўдныя майстры сваёй справы. На адным з камбайнаў працуе Дзяніс Казанцаў у пары з Аркадзем Цяніцкім. Яны шчыруюць на машыне, на якой раней ставіў працоўныя рэкорды Дзмітрый Аляксееў – перадавы хлебароб, неаднаразовы пераможца раённых працоўных спаборніцтваў. Кабіна гэтага камбайна ўся абвешана наклейкамі перадавіка вытворчасці. Для Дзяніса Казанцава і аркадзя Цяніцкага гэта з’яўляецца магутным стымулам трымаць марку папярэдніка і плённа шчыраваць.

Побач з імі ўпэўнена вёў камбайн Аляксандр Сіндараў. Ён ураджэнец Казахстана, дзе яшчэ ў 1992 годзе пачынаў свой шлях хлебароба. У 2008 годзе пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Паўлавічы, але любімай справе змяняць не стаў. Сёння Аляксандра Сіндарава называюць універсальным салдатам палёў: ён высакакласна займаецца падкормкай і доглядам за пасевамі. У гаспадарцы сцвярджаюць, што лепш за яго з гэтай карпатлівай працай ніхто не можа справіцца.
Пакуль камбайны абмалочвалі збожжавыя, на суседнім полі кіпела работа па нарыхтоўцы кармоў. Паралельна са жнівом у гаспадарцы вядзецца ўборка траў другога ўкосу. Гэтую задачу выконваюць вопытныя механізатары Віталь Бяляўскі і Ігар Пацыенак.

Ход двух найважнейшых кампаній ацаніў дырэктар прадпрыемства Сяргей Лянкевіч: «Зараз у нас самая напружаная пара – корманарыхтоўка і жніво, а там не за гарамі і падрыхтоўка глебы пад азімую сяўбу ўраджаю будучага года. Усяго нам трэба будзе ўбраць збожжавыя і зернебабовыя культуры на плошчы 1200 гектараў, яшчэ 318 гектараў займае азімы рапс. Пасевы стаяць нядрэнныя, спадзяёмся на добры ўраджай».
Уборачная – адказны і паказальны перыяд для любога сельгаспрадпрыемства. Нягледзячы на хваляванні надвор’я, аграрыі КСУП «Чырвоны баец» дэманструюць высокую арганізаванасць, згуртаванасць і гатоўнасць да працы ў любых умовах.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Алесі ПРЫГАЖАЕВАЙ.