Аграрыі закладваюць фундамент на будучае

Галоўны аграном сельскагаспадарчага таварыства Уладзімір Дарафей расказаў, што зараз у гаспадарцы працягваецца сяўба азімых культур, такіх як ячмень, трыцікале і пшаніца. У наступным сезоне азімы зерневы клін складзе 1740 га. Плюс яшчэ 600 га ўжо занятыя азімым рапсам. Плошчы немалыя, што дазваляе разлічваць на важкі ўраджай у наступным годзе. Галоўны аграном справядліва заўважыў: «Важна правесці восеньскую сяўбу, дакладна выконваючы ўсе тэхналагічныя рэгламенты. Добра падрыхтаваная глеба і правільна выбраныя тэрміны – гэта ключ да поспеху. Азімыя культуры не толькі дапамогуць захаваць урадлівасць глебы, але і створаць неабходныя ўмовы для добрага ўраджаю наступнага года».

Акрамя таго, вядзецца нарыхтоўка кукурузнага сіласу. Плануецца, што сіласныя траншэі будуць запоўнены па максімуму. Для забеспячэння кармавой базы пагалоўя жывёлы сельгаставарыства неабходна закласці 16,5 тысяч тон кукурузнага сіласу. Кукуруза на сілас у гаспадарцы займае 920 га.
З сярэдзіны верасня аграрыі пачалі ўборку ўраджаю цукровых буракоў. Салодкія карняплоды займаюць 400 га, з якіх чвэрць ужо ўбрана. Асноўныя плошчы размешчаны ў Пацавай Слабадзе. Там карэспандэнт раённай газеты назіраў за працэсам уборкі гэтай гародніны. Малады энергічны земляроб Дзмітрый Комар спрытна кіраваў бураказборным камбайнам «Холмер». Камбайн падкапваў бурак, а затым выдаляў бацвінне спецыяльным выдаляльнікам, ачышчаў карняплоды ад зямлі і транспартаваў іх у бункер. Побач з камбайнам ужо ляжалі горы салодкіх карняплодаў, гатовых да перапрацоўкі. Прама з палёў яны ў хуткім часе будуць адпраўлены на перапрацоўку на Слуцкі цукровы камбінат – адзін з чатырох цукровых заводаў у Беларусі, які займаецца вытворчасцю цукру і забяспечвае яго паступленне на паліцы магазінаў. Акрамя гэтага, перапрацоўка буракоў дазваляе аграрыям атрымліваць назад бураковы жом, які з’яўляецца добрым кормам для жывёлы і спрыяе павышэнню прадуктыўнасці жывёлагадоўлі.
Уладзімір Дарафей адзначыў, што для вырошчвання цукровых буракоў выкарыстоўваюцца як гатункі айчыннай селекцыі, так і імпартныя. Сярод іх вылучаюцца «Бура» і «Вулкан». Першы адрозніваецца высокай устойлівасцю да хвароб і адметнымі смакавымі якасцямі, а другі прываблівае аграномаў добрымі ўраджайнасцю і прыстасаванасцю да розных кліматычных умоў.
Механізатар Дзмітрый Комар расказаў, што па адукацыі ён мастак, настаўнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Але ўсё ж выбраў прафесію, якую ведае і любіць са школьных гадоў: яшчэ ў старэйшых класах дапамагаў убіраць ураджай бацьку – заслужанаму механізатару Уладзіміру Комару. За 12 гадоў сумленнай працы ў ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне» не раз атрымліваў заслужаныя ўзнагароды.
Сумленна працуючы сёння на палях, аграрыі з упэўненасцю глядзяць у будучае, усведамляючы, што кожны іх крок цяпер – гэта крок да паспяховага наступнага сельскагаспадарчага сезона.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтра.