Час царыцы палёў — сяўба кукурузы на Кіраўшчыне

Асноўныя пасяўныя работы ў сельгаспрадпрыемствах раёна завершаны, але напружаны рытм палявых клопатаў не спадае.
У СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта Магілёўаблнафтапрадукт” поўным ходам ішла сяўба адной з самых цеплалюбівых культур – кукурузы.
Як расказаў дырэктар сельгасфіліяла Ігар Кузняцоў, пад царыцу палёў адведзена 800 гектараў: на 400 га яна будзе вырошчвацца на зялёны корм і столькі ж плануюць убраць на зерне. Летась у гаспадарцы сабралі неблагі ўраджай, у бягучым плануюць яго павялічыць. А для гэтага робіцца ўсё неабходнае: захоўваюцца тэхналагічныя працэсы падрыхтоўкі глебы і правядзення сяўбы, у наяўнасці насенны матэрыял высокай якасці.
– Ролю гэтай культуры ў кормавытворчасці цяжка пераацаніць, – адзначыў Ігар Уладзіміравіч. – Яе зярняты – карысная дабаўка для ўзбагачэння рацыёну жывёлы, відавочны эфект і ад скормлівання зялёнай масы, а якасны сілас для рагуль – і ўвогуле любімая ежа. Штогод мы асноўную стаўку робім на дастатковую нарыхтоўку кармоў для грамадскага статка, які складае 4000 галоў. І вырошчванне кукурузы дазваляе нам паспяхова спраўляцца з пастаўленай задачай.
Каб сіласная культура радавала вока высокімі і сакавітымі ўсходамі, давала багаты запас травяністых кармоў і забяспечвала добрыя надоі малака, трэба нямала і старанна папрацаваць. На палі ўносіцца дастаткова арганікі і мінеральных ўгнаенняў.
Але многае, вядома ж, залежыць ад прафесіяналізму і майстэрства сейбітаў. На гэтых работах заняты вопытны і адказны механізатар Сяргей Фірагін. Ён дасканала забяспечвае выкананне тэхналагічных патрабаванняў, працуе старанна, значна перавыконваючы даведзеныя паказчыкі. Усе запланаваныя плошчы засявае адзін, балазе добра адрамантаваная тэхніка не дае збояў. Штодня зярняты кукурузы кладуцца ў глебу на плошчы ад 50 да 70 га. Такія тэмпы дазволяць правесці сяўбу ў аптымальныя тэрміны.
Не сакрэт, што добрыя ўраджаі ў значнай ступені залежаць ад якасна падрыхтаванай глебы. Таму і даверылі гэты ўчастак работы вопытным механізатарам: на ўзворванні глебы працуе Сяргей Глушакоў, на закрыцці вільгаці – браты Дзмітрый і Уладзімір Прасновы.
Паралельна з сяўбой кукурузы ў гаспадарцы працягваюцца работы па вывазцы і ўнясенні арганікі. Шчыруюць тут Сяргей Брэндзікаў, Сяргей Чорны і Аляксандр Смалоўскі.
Адна справа – пасеяць культуры, але не менш важная – своечасова і якасна іх дагледзець, падкарміць, апрацаваць ад хвароб і шкоднікаў. Актыўнымі тэмпамі вядуцца ў гаспадарцы работы па хімічнай абароне і апрацоўцы раслін. Задзейнічаны на гэтых работах Мікалай Казакоў. Мінеральныя ўгнаенні ўносіць Віталь Шаўцоў, падкормкай раслін займаецца Віктар Данцоў.
У бліжэйшы час мясцовыя раслінаводы плануюць ушчыльную заняцца шматгадовымі травамі. Гэта дазволіць палепшыць і павялічыць кармавую базу для грамадскага статка.
Радуе кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадаркі густая зеляніна палёў, дзе растуць азімыя культуры, заняўшыя плошчы больш чым за 1000 га. Асноўны ўпор сёлета зрабілі на вырошчванне азімага ячменю, акрамя таго, што культура хутка выспявае, яна значна ўзбагачае рацыён жывёлы карыснымі рэчывамі.
Ёсць старанныя адносіны да даручанай справы ў механізатараў, ёсць і адпаведныя адносіны да працаўнікоў у кіраўніцтва сельгасфіліяла. Усе работнікі забяспечаны спецвопраткай, спецсродкамі, на палеткі дастаўляюцца гарачыя абеды. Заработная плата залежыць ад асабістага ўкладу, таму кожны разумее, што дастойная праца будзе дастойна аплачвацца.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.