У гаспадарках Кіраўшчыны надышоў час жніва

Для хлебаробаў пачалася па-сапраўднаму гарачая пара. Каб сабраць паспеўшае зерне, у поле выйшлі збожжаўборачныя камбайны. Калі ў чэрвені ўсе мы, а аграрыі асабліва, чакалі дожджыку, то зараз спадзяемся на нябесную канцылярыю, якая дазволіць без страт сабраць вырашчаны ўраджай – забяспечыць сезон уборкі спрыяльным надвор’ем.
Аднымі з першых на Кіраўшчыне да ўборкі збожжавых і зернебабовых культур прыступілі працаўнікі СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”. Ячмень тут пачалі ўбіраць 2 ліпеня. У першы выезд намалацілі 16 тон. Зладжана папрацавалі хлебаробы
ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – убралі 41 гектар, намалацілі 143 тоны збожжа. 5 ліпеня супрацоўнікі рэдакцыі пабывалі на палетках гаспадаркі. “На сённяшні дзень з 350 гектараў ячменю мы ўбралі 84. Пакуль ураджайнасць складае 40 ц/га, але наўрад ці ўтрымаем такі паказчык, – разважае галоўны аграном гаспадаркі Юрый Смятана. – Абмалот пачалі з лепшых участкаў, каб не згубіць вырашчанае. Вільготнасць зерня невысокая – каля 25%, а месцамі і таго менш. Самі разумееце, спякотнае чэрвеньскае надвор’е ўнесла свае карэктывы ў нашы планы і чаканні. Шмат участкаў падгарэўшых, але ўсё ж спадзяемся атрымаць не менш цэнтнераў 30 на круг”.

Ва ўборцы ўраджаю ў гаспадарцы задзейнічаны 5 збожжаўборачных камбайнаў, 4 адзінкі тэхнікі працуюць на адвозцы. Па словах Юрыя Уладзіміравіча гэтай тэхнікі дастаткова, каб своечасова ўбраць вырашчаны ўраджай. Акрамя ячменю чыгірынцам неабходна ўбраць крыху больш тысячы гектраў азімага жыта, трэцікале, рапсу, грэчкі, аўса, зернебабовых культур.
Падрыхтавана і зернесушыльная гаспадарка. Адным словам, усе звёны ланцуга па атрыманні хлеба ў сельгасфіліяле гатовы!
Салома пасля камбайнаў адразу прасуецца і звозіцца з поля: што ідзе на корм жывёле, што на подсціл. Адначасова, думаючы пра будучы сельскагаспадарчы сезон, вызваленыя плошчы тут рыхтуюць пад сеў азімых культур.
Спрыяльнае надвор’е, спраўная тэхніка, вырашчаны ўраджай – усё гэта складальнікі добрага намалоту. Але ж без чалавека, які любіць сваю зямлю, адказна ставіцца да працы, клапоціцца аб дабрабыце гаспадаркі, наўрад ці што атрымаецца. Менавіта такія хлебаробы шчыруюць у “Чыгірынцы”, сярод іх – Анатоль Кузьмін (на фота). Кожную ўборачную ён за штурвалам камбайна. Звечара рыхтуе сваю машыну, каб з сонейкам прыступіць да выканання ганаровай і адказнай працы – уборкі хлеба.
Такі клопат і адказнае стаўленне да працы абавязкова будуць узнагароджаны шчодрым ураджаем.
Галіна РУСЕЦКАЯ.
Фота аўтара.