Гонар хлебных ніў

Уборачная страда ў самым разгары, а скарбонка працоўных дасягненняў раёна з кожным днём папаўняецца новымі рэкордамі. Традыцыйна ў ліку лідараў не толькі ў Кіраўскім раёне, але
і ў Магілёўскай вобласці – ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага», дзе ўборачная ідзе арганізавана, зладжана і без страты часу і якасці. Менавіта ў «Рассвеце» на гэтым тыдні былі заваяваны адразу некалькі знакавых рубяжоў.

Працоўныя перамогі не засталіся незаўважанымі. Увечары, калі гарачы працоўны дзень падыходзіў да завяршэння, прама ў полі героі жніва Міхаіл Семянкоў і Сяргей Іваніцкі, Мікалай, Андрэй, Арцём і Сяргей Дразды і Эдуард Фамін прымалі віншаванні з дасягнутымі высокімі паказчыкамі і словы падзякі за прафесіяналізм і адданасць роднай зямлі ад першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Савіцкага, старшыні Кіраўскага райвыканкама Галіны Слабоднікавай, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктара ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» Аляксандра Багеля, старшыні Магілёўскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзіміра Пятровіча, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктара Ставера.


Вадзіцелі Міхаіл Семянкоў і Сяргей Іваніцкі, працуючы на адвозцы збожжа ад камбайнаў, дасягнулі ўражальнага выніку: яшчэ ў панядзелак, 3 жніўня, вечарам трохтысячны рубеж скарыўся Міхаілу Семянкову, Сяргей Іваніцкі дасягнуў гэтага паказчыка на наступны дзень.
Яны сталі безумоўнымі лідарамі не толькі ў Кіраўскім раёне, але і ў Магілёўскай вобласці. За кожнай тонай перавезенага збожжа – дзясяткі рэйсаў, праца ад світання да заходу, адказнасць і разуменне таго, што падчас жніва дарагая кожная хвіліна.
Не адстаюць ад вадзіцеляў і камбайнеры-рассветаўцы. 4 жніўня адразу тры экіпажы занялі лідзіруючыя пазіцыі ў раёне, намалаціўшы па 2 тысячы тон збожжа. Першаму ганаровы рубеж скарыўся Андрэю Дразду. Літаральна праз пару гадзін поспех паўтарыў экіпаж Мікалая і Арцёма Драздоў, а за імі – Сяргея Дразда і Эдуарда Фаміна.
За гэтымі лічбамі – сапраўдная сямейная гісторыя. Дразды – вядомая ў гаспадарцы працоўная дынастыя. Бацька Мікалай прысвяціў працы на зямлі шмат гадоў. Яго справу ўпэўнена працягваюць сыны: Андрэй, для якога гэтая ўборачная юбілейная – дзясятая, і ён працуе самастойна, і Арцём, для якога цяперашняя страда стала першай. Але побач – надзейнае плячо бацькі: Мікалай Дрозд не толькі вядзе камбайн да высокіх намалотаў, але і перадае сыну галоўнае – любоў да зямлі і павагу да хлебаробскай працы. Побач працуе і пляменнік Сяргей Дрозд з сябрам Эдуардам Фаміным. Вопыт старэйшага пакалення тут арганічна спалучаецца з энергіяй маладых. Усе камбайнеры, акрамя Мікалая, – моладзь, што даказвае: у сельскай гаспадаркі ёсць надзейная будучыня, а ў прафесію хлебароба прыходзіць дастойная змена, гатовая пераймаць вопыт старэйшых і дамагацца высокіх вынікаў.
Сімвалічна, што віншаванні перадавікі прымалі прама на працоўным месцы – пшанічным полі, дзе, не зважаючы на позні час, не сціхаў гул камбайнаў.
Сяргей Савіцкі павіншаваў рэкардсменаў жніва з высокімі дасягненнямі, падзякаваў ім, а ў іх асобе ўсім працаўнікам АПК рэгіёну за добрасумленную працу і адданасць справе, уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. Пажадаў ім моцнага здароўя, спрыяльнага надвор’я і новых працоўных здзяйсненняў на карысць роднай Беларусі!
Да віншаванняў далучыліся і прафсаюзы. Уладзімір Пятровіч адзначыў, што акцыя Федэрацыі прафсаюза «Прафсаюзы дзякуюць хлебаробам за хлеб» упэўнена крочыць па краіне. Ён выказаў шчырую ўдзячнасць аграрыям за іх цяжкую, але высакародную працу і падкрэсліў, што лідары жніва даказваюць: сумленная праца на зямлі прыносіць дастатак у сем’і і забяспечвае стабільную будучыню краіны.
Уручаючы перадавікам заслужаныя ўзнагароды і падарункі, усе госці адзначалі, што менавіта такімі людзьмі моцная Беларусь, а іх праца – гэта яркі прыклад сапраўднага патрыятызму, вернасці абавязку і любові да роднай зямлі.
Нягледзячы на ўрачысты момант, цырымонія атрымалася па-сапраўднаму рабочай. Віншаванні, моцныя поціскі рук, агульная фатаграфія – і зноў кожны заняў сваё месца. Камбайны працягнулі рух па хлебным полі, аўтамабілі загружаліся збожжам і працягвалі свой шлях. Бо жніво не чакае…
Асаблівую атмасферу гэтаму вечара надавала сама прырода. Над золатам палёў павольна плылі аблокі, а па свежым іржышчы важна расхаджвалі буслы – сімвал беларускай вёскі, міру і дастатку. Яны нібы суправаджалі і засцерагалі людзей, чыя штодзённая праца напаўняе сэнсам і хлебам кожны новы дзень і кожны беларускі дом.

У «Рассвеце» ўмеюць працаваць, тут цэняць людзей працы і захоўваюць пераемнасць пакаленняў. А цяперашняе жніво стане яшчэ адной яркай старонкай у гісторыі гаспадаркі, годнае месца ў якой займуць імёны яе герояў.
Галіна РУСЕЦКАЯ.
Фота Яўгеніі Бялько.