Ідзе жніво. Памнажаюцца намалоты

Як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, аграрыямі Кіраўшчыны па стане на раніцу 18 ліпеня ўбрана 4744 га пасяўных плошчаў, альбо 30% ад плана, намалочана 17238 тон пры сярэдняй ураджайнасці 36,3 ц/га збожжавых і зернебабовых культур. Азімы рапс убраны на плошчы 2627 га (74%), намалочана 8069 тон пры сярэдняй ураджайнасці 30,7 ц/га. Поўнасцю ўбраны азімы ячмень – на плошчы 2663 га, агульны намалот гэтай культуры склаў 8748 тон пры ўраджайнасці 33 ц/га.
Па тэмпах уборкі Кіраўскі раён – сярод лідараў у вобласці. Складаючыя поспеху – памяркоўныя падыходы адказных спецыялістаў да арганізацыі ўборачнай, надзейная тэхніка, а галоўнае – працавітыя і добрасумленныя хлебаробы.
З ліку такіх – працаўнікі КСУП “Чырвоны баец”. З імі мы сустрэліся ў мінулы аўторак на полі каля вёскі Пад’юзафін. Тут зладжана і мэтанакіравана вялася ўборка яравога ячменю, які займае ў гаспадарцы 200 га. Адразу пяць камбайнаў адзін за адным баразнілі абшары збожжавага поля. За імі два трактары з прэспадборшчыкамі ўбіралі салому, імі кіравалі Віктар Аляксееў і Сяргей Бяляўскі. Ад камбайна да камбайна шпарка бегалі магутныя МАЗы, за рулём якіх – Юрый Кітоў, Віктар Сенчукоў і Мікалай Аляксееў. Непадалёк дзяжурыў Аляксей Гарбуноў на пажарным аўтамабілі: пры такой спякоце – тэхніка пажарнай бяспекі на першым месцы.
Галоўны аграном гаспадаркі Іван Іваноў расказаў, што працаўнікі сельгаспрадпрыемства ўжо ўбралі з палеткаў азімы рапс (займаў 331 га, сярэдняя ўраджайнасць 29,1 ц/га) і азімы ячмень (ураджайнасць 24,1 ц/га). Сваёй чаргі чакаюць пшаніца і трыцікале. “Кожная культура мае свае падыходы, – падзяліўся разважаннямі Іван Сцяпанавіч. – Для таго, каб паменшыць страты пры ўборцы ўраджаю, да прыкладу, рапс, пшаніцу мы выходзім убіраць гадзін з васьмі раніцы, а вось на ячмень лепш выязджаць пасля дзесяці, бо ён даўжэй утрымлівае вільгаць. Аднак працоўны дзень у камбайнераў пачынаецца з пяці раніцы: праверыць тэхніку, пачысціць, падрыхтаваць яе да выхаду ў поле. А заканчваецца з надыходам цемры. Усё залежыць, вядома, ад умоў надвор’я”.

Калі надвор’е стварае ўмовы для ўборкі пасеваў, то ўмовы для работы хлебаробаў – зона адказнасці кіраўніцтва гаспадаркі. Працаўнікі КСУП “Чырвоны баец”, якія ўдзельнічаюць у жніве, забяспечаны спецадзеннем, прама ў поле ім дастаўляецца пітная вада, абед і вячэра, строга кантралюецца захаванне тэхнікі бяспекі, выконваюцца ўмовы вытворчых спаборніцтваў.
Сёлета ў гаспадарцы ў жніве-2024 прымаюць удзел пяць збожжаўборачных экіпажаў, на чале з камбайнерамі, якім вопыту ў земляробскай справе не займаць: Дзмітрыем Аляксеевым, Валерыем Дырыкавым, Аляксандрам Сіндаравым, Аляксандрам Макаронкам, Дзянісам Казанцавым. Тон у працы задае экіпаж у складзе Дзмітрыя Аляксеева і Ігара Макаронка. Пра Дзмітрыя Дзмітрыевіча калегі гавораць – прыроджаны камбайнер, валодае сапраўдным талентам хлебароба. Больш за тры дзясяткі гадоў у полі. За гэты час авалодаў усімі сакрэтамі сваёй справы. Азіраючыся ў пачатак свайго працоўнага шляху, механізатар успамінае, як пачынаў убіраць хлеб на старэнькай “Ніве”, затым яго надзейным сталёвым сябрам у полі быў “Дон”. Некалькі гадоў таму перасеў за штурвал новага камбайна вытворчасці ААТ “Гомсельмаш”. Вопытны камбайнер упэўнены: якой бы ні была тэхніка, самае галоўнае – быць майстрам сваёй справы, укладваць у працу душу, любіць і шанаваць зямлю-карміцельку. За гады працы Дзмітрый Аляксееў шмат разоў станавіўся пераможцам раённых вытворчых спаборніцтваў, быў лідарам у раёне і вобласці па намалотах на айчынным камбайне.

Другі ўборачны сезон ён працуе ў пары з Ігарам Макаронкам, які таксама мае вопыт у хлебаробскай справе – некалькі сезонаў працаваў на камбайне ў пары з бацькам. Галоўны аграном гаспадаркі расказаў, што ў “Чырвоным байцы” ўсяляк падтрымліваецца традыцыя працоўных дынастый. Да прыкладу, зараз у жніве заняты адразу чатыры прадстаўнікі сям’і Аляксеевых: родны брат Дзмітрыя Дзмітрыевіча Віктар убірае салому з палёў, стрыечныя браты Сяргей і Мікалай Аляксеевы – вадзіцелі. У гэтай жа гаспадарцы раней шчыравалі і іх бацькі. Сяргей Аляксееў адзначыў: “Нялёгка працаваць у сельскай гаспадарцы. Праца аграрнікаў патрабуе шмат сіл і энергіі, але мы з дзяцінства жывём гэтым. Нас бацькі прывучылі да напружанай сельскай працы, адказнасці за даручаную справу. Я ім за гэта ўдзячны, бо люблю жыць і працаваць у сваім родным куточку, не шукаю, як гаворыцца, шчасця і долі на чужым полі. Не ўяўляю жыцця без гэтых збожжавых палеткаў. Кожны з маіх братоў, у тым ліку і я, знайшоў сябе менавіта ў справе сельскага працаўніка”.
На двух камбайнах убіраюць збожжа сваякі Дзяніс Казанцаў і Аляксандр Сіндараў. Некалькі гадоў таму яны пераехалі ў Паўлавічы з далёкага Казахстана. Асвоіліся і зараз паспяхова працуюць у гаспадарцы. Дарэчы, мінулай восенню Аляксандр Міхайлавіч, які ў гэтую ўборачную працуе ў пары з камбайнерам Іванам Цяніцкім, атрымаў новы камбайн вытворчасці ААТ “Гомсельмаш”. Таму гэтае жніво праходзіць для іх у лепшых умовах: сучасная кабіна абсталявана ўсім неабходным для камфортнай працы камбайнера, а бонусам з’яўляецца выдатны агляд з працоўнага месца.
Бункер за бункерам памнажаюцца намалоты. Жніво-2024 працягваецца!
Яўгенія БЯЛЬКО. Фота аўтара.