«Клапоцімся пра тое, каб на сталах беларусаў былі хлеб і малако», — Анастасія Бодык пра работу ў сельскай гаспадарцы

«Клапоцімся пра тое, каб на сталах беларусаў былі хлеб і малако», — Анастасія Бодык пра работу ў сельскай гаспадарцы

“Жыццё пражыць – не поле перайсці…”

Гэтая вядомая прыказка як нельга лепш характарызуе жыццё прадстаўнікоў старэйшага пакалення, тых людзей, чыё дзяцінства прыйшлося на пасляваенныя гады, каму давялося з маленства пазнаць нялёгкую працу.

З кагорты такіх людзей і Анастасія Еўдакімаўна Бодык з Пацавай Слабады (на здымку).

Нарадзілася жанчына ў вялікае свята для людзей савецкай эпохі – 7 лістапада і ў Пераможны 1945 год. На той час яе бацькі жылі ў вёсцы Масніцкае Клічаўскага раёна, пазней яны перабраліся ў Брожку Бабруйскага раёна. У сям’і акрамя Насці было яшчэ 9 дзяцей. З дзяцінства дзяўчынка ўмела
і за малодшымі прыглядзець, і хатнюю гаспадарку даглядаць, і есці гатаваць. Пасляваенныя гады былі вельмі складанымі, старэйшыя дзеці, каб дапамагчы бацькам, рана ішлі працаваць, выконвалі работу нараўне з дарослымі. Вось і Анастасія, як толькі падрасла, уладкавалася ў дзіцячы садок, потым працавала ў сталовай. Не цуралася ніякай работы і, калі бралася за што, старалася быць ва ўсім лепшай, для яе было галоўным дапамагчы бацькам пракарміць вялікую сям’ю.

– Складанае было жыццё, але нашы бацькі любілі і клапаціліся пра нас, –
успамінае Анастасія Еўдакімаўна. – Мы і самі хацелі хутчэй пасталець, каб самастойна зарабляць грошы. Асабліва мы, дзяўчыны, так марылі купіць якіх-небудзь прыгожых сукенак, каб было паліто і боты, таму і працавалі з маленства. Цяжка было, але, нягледзячы ні на што, знаходзілі час пагуляць з сябрамі, весела праводзілі святы пад чароўныя гукі гармоніка.

Сваё сямейнае шчасце Анастасія Бодык знайшла… не выходзячы з бацькоўскай хаты. Аднойчы да іх у вёску прыехалі камандзіровачныя: маладыя хлопцы электрыкі займаліся электрыфікацыяй вёскі і дамоў сяльчан. Работнікам трэба было знайсці пастой, але чамусьці мясцовыя іх браць не хацелі. Хтосьці з сяльчан параіў электрыкам звярнуцца да Бяловых (дзявочае прозвішча гераіні гэтых радкоў). Так жаніх і завітаў у дом да бацькоў Анастасіі. Дзяўчына яму спадабалася з першага позірку, але яна… была з малым дзіцём на руках, і Анатоль (будучы муж) падумаў, што гэтая прыгажуня ўжо замужам. Толькі пазней ён даведаўся, што на руках у яе была малодшая сястра. Анастасія і Анатоль праз непрацяглы час згулялі вяселле і пераехалі жыць у Бабруйск. З таго часу ўжо больш за 60 гадоў яны ідуць па жыцці разам, выгадавалі траіх сыноў, радуюцца поспехам, пераадольваюць цяжкасці.
Калі маці Анатоля засталася адна, яна папрасіла маладых пераехаць да яе ў Пацаву Слабаду. Так яны і апынуліся на Кіраўшчыне.

Маладая жанчына, якая не баялася ніякой працы, вырашыла ўладкавацца на мясцовую ферму даяркай. І гэтая прафесія стала для яе справай жыцця, бо аддала яна ёй амаль 25 гадоў.
Пачынала Анастасія Еўдакімаўна ў той час, калі кароў даілі ўручную, потым на дапамогу даяркам прыйшлі тэхналогіі ў выглядзе даільных апаратаў. Але яна ніколі не скардзілася на лёс, старанна працавала, даглядала кароў, як уласных. Таму і надоі ў яе групе былі высокімі.

Самаадданая праца перадавой даяркі не засталася без увагі: у 1980 годзе Анастасія Бодык атрымала высокую дзяржаўную узнагароду – ордэн Славы трэцяй ступені.

– Работа ў сельскай гаспадарцы ніколі не была лёгкай,адзначыла жанчына. Але мы разумелі, што выконваем неабходную справу: клапоцімся пра тое, каб на сталах беларусаў былі хлеб і малако. Нашы бацькі старанна працавалі і нас так вучылі. Гэта зараз цудоўныя ўмовы для работы на малочнатаварных комплексах і фермах, а раней усё выконвалі ўручную: даілі, чысцілі стойлы, корм віламі разносілі, ледзяной вадой бідоны мылі. Але мы былі маладымі, не звярталі ўвагу на цяжкасці. Захопленыя працай імкнуліся да высокіх вынікаў, жылі дружна, дапамагалі адзін аднаму.

Я дагэтуль лічу, што людзі, якія працуюць на палях і фермах, робяць важную і неабходную справу. Дарэчы, адзін з маіх сыноў і ўнук абралі для сябе працу ў сельскай гаспадарцы.

Нягледзячы на 80-гадовы ўзрост, Анастасія Еўдакімаўна захавала маладжавасць і пачуццё гумару,
радуецца кожнаму пражытаму дню. У размове яна выказала словы падзякі дзяржаве і мясцовай уладзе за клопат, увагу і неабыякавасць да пажылых людзей. Яна не наракае на здароўе, з ахвотай дзеліцца ўспамінамі аб пражытых гадах, галоўнае месца ў якіх па яе словах займала праца не дзеля ўласнага ўзбагачэння, а дзеля стварэння дабрабыту і росквіту роднай зямлі.

Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

«ПЬЯНОМУ И БЕСПРАВНОМУ НЕ МЕСТО НА ДОРОГЕ!»

16 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Единый день информирования в Кировском районе газоснабжения

16 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Единый день информирования прошел в Кировском районном Центре социального обслуживания населения

16 апреля 2026
Читать новость
Актуально

О мерах безопасности на республиканском субботнике

16 апреля 2026
Читать новость
Благоустройство

18 апреля – республиканский субботник. На что пойдут заработанные деньги?

16 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Лукашенко подписал указ о приеме в белорусское гражданство 230 человек

16 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем