Кожнае зярнятка – дабрабыт беларусаў!

На мінулым тыдні ў гаспадарках раёна стартавала адна з важнейшых і адказных кампаній – уборка ўраджаю-2024. Гэты час – своеасаблівае падвядзенне вынікаў шматдзённай працы соцень людзей: хто рыхтаваў глебу, хто сеяў і даглядаў расліны, клапаціўся, каб родныя нівы парадавалі шчодрым ураджаем.
З даўніх часоў беларусы імкнуліся старанна працаваць на сваёй зямлі, клапаціліся пра дабрабыт роднай краіны, яе росквіт. Яны мужна абаранялі сваю Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аднаўлялі разбураную ворагам гаспадарку, стараннай працай захоўваюць сёння дасягненні старэйшых пакаленняў. Беларусь – прыгожая, мірная і незалежная краіна. Кожны з нас дэманструе сваю любоў да яе праз самаадданую працу, старанную вучобу, захаванне гістарычнай праўды і самабытнасці беларускай культуры.
Актыўнымі тэмпамі ўключыліся ў жніво хлебаробы КСУП “Ніва-Барсукі”. На працягу ўсяго светлавога дня не змаўкае на палетках гул камбайнаў, не спыняецца рух грузавых машын. Стараннай працай ніваўцы імкнуцца ўнесці важкі ўклад у агульны хлебны каравай.
Першай культурай, якая бліскучым золатам сыплецца з бункераў камбайнаў у кузавы аўтамабіляў і накіроўваецца на ачышчальна-сушыльную гаспадарку, стаў азімы ячмень. Да яго ўборкі прыступілі тут у мінулую суботу і, як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Сіўчыкаў, ужо першыя ўбраныя плошчы парадавалі добрым ураджаем – у сярэднім на круг выходзіць па 48-50 цэнтнераў.
Учора, калі мы наведаліся на гаспадарчыя палеткі ў раёне аграгарадка Барсукі, тут шчыравалі 8 камбайнаў, 4 адзінкі тэхнікі былі задзейнічаны на адвозцы. Гэтага дастаткова, каб уборачны канвеер не прыпыняўся ні на хвіліну. Дружная, зладжаная работа ўсіх удзельнікаў жніва дае добрыя вынікі. За тры дні з 360 га азімага ячменю тут ужо ўбралі практычна палову, у засекі засыпана больш за 600 т збожжа.

Варта адзначыць, што кіраўніцтва і спецыялісты КСУП “Ніва-Барсукі” не прагадалі, калі вырашылі амаль у два разы павялічыць плошчу пад азімы ячмень. Сёлетні важкі намалот значна папоўніць збожжавыя запасы гаспадаркі.
Па словах Сяргея Сіўчыкава, зараз найпершая задача хлебаробаў – захаваць высокія тэмпы работ і максімальны рэжым беражлівасці. Прахалоджвацца няма часу, на мясцовых палях даспявае ўраджай: на 600 га – рапс, на 725 га – азімая пшаніца, на 265 га – яравы ячмень, на 610 га – трыцікале, на 15 га – авёс, на 230 га – зернебабовыя. Тут па максімуму выкарыстоўваюць кожную пагодную хвіліну.
Падчас правядзення ўборачнай кампаніі найбольшая адказнасць, вядома ж, кладзецца на камбайнераў. Трэба сказаць, што стараннасць у працы і майстэрства праяўляюць літаральна ўсе: і вопытныя кадры, за плячыма якіх не адзін дзясятак уборачных, і моладзь, якая сваімі адносінамі дэманструе, што будучае хлебаробскай справы ў надзейных руках!
Не здае на сёлетнім жніве лідзіруючых пазіцый адзін з найбольш вопытных хлебаробаў Аляксандр Петранкоў. У сельскай гаспадарцы ён больш за чатыры дзесяцігоддзі, працуе заўсёды старанна і адказна, аб чым сведчаць яго ўзнагароды – ордэн Пашаны і медаль “За працоўныя заслугі”. За штурвалам “Лексіёна-580” ён убірае вырашчаны ўраджай вось ужо на працягу 18 гадоў. Па словах Аляксандра Сяргеевіча, кожную запчастку і вінцік за гэтыя гады ён перакруціў уласнымі рукамі, і падчас жніва сталёвы сябра яго не падводзіць.
Сёлетняе механізатарскае звяно камбайнераў складаецца з так званай эліты гаспадаркі: на рахунку практычна ўсіх камбайнераў дзясяткі ўборачных кампаній. Сярод лідараў жніва экіпажы камбайнераў, якімі кіруюць Аляксандр Няфёдаў, Рыгор Шчаглоў, Уладзімір Лебедзеў, Мікалай Таранаў, Алег Стальмакоў, Юрый Сямёнаў і Андрэй Свірко.
Хутка дастаўляюць збожжа да месцаў ачысткі Васіль Марозаў, Уладзімір Карасёў, Яўген Бандарэнка і іншыя.
Трэба сказаць, што на ачышчальна-сушыльным комплексе гаспадаркі робяць усё магчымае, каб зерне было дапрацавана да патрэбнай кандыцыі. Дзякуючы спякотнаму надвор’ю застаецца зярняты толькі ачысціць і дапрацаваць.
Задаволена працай механізатараў, занятых на жніве, кіраўніцтва гаспадаркі: нікога не трэба ні падганяць, ні лішні раз кантраляваць. Гледзячы на тое, з якой спрытнасцю камбайны рухаліся па полі, як акуратна выстройваліся адзін за адным, каб не прапусціць ніводнага “лапіка” азімага ячменю, можна быць упэўненым, што кожнае вырашчанае зярнятка для мясцовых працаўнікоў сапраўды на вагу золата.
Кіпіць на палетках напружаная праца. Да гонару ніваўскіх хлебаробаў, усе яны з высокай самааддачай шчыруюць на жніве, бо ведаюць сапраўдную цану хлебу. З першага ўбранага гектара і да апошняга каласка ўдзельнікі ўборачнай кампаніі знаходзяцца ў пастаянным напружанні. Зараз галоўнае, каб надвор’е паспрыяла хлебаробам убраць вырашчаны ўраджай. А людзі не падвядуць, яны гатовы працаваць з максімальнай аддачай.
Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.