Кукурузныя палеткі – будучая кармавая база

Красавiк сёлета парадаваў аграрыяў цяплом, таму механiзатары задзейнiчалі з карысцю кожную пагодлiвую хвiлiну, каб якасна правесці сяўбу ранніх яравых і зернебабовых культур, закласцi аснову будучага ўраджаю. Зараз гаспадаркі прыступілі да наступнага этапа вяснавых палявых работ, да якога неабходна паставіцца максімальна сур’ёзна, каб забяспечыць кармавой базай жывёлагадоўчую галіну аграпрамысловага комплексу.
Першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Антаніна Смятана адзначыла, што да сяўбы кукурузы сельгасарганізацыі раёна прыступілі з 16 красавіка. Царыца палёў зойме ў раёне 8730 гектараў, у тым ліку 1125 гектараў – на зерне. Для збалансаванага рацыёну жывёлы гэта культура мае важнае значэнне. Таму пасевы кукурузы не змяншаюцца, спецыялісты ўпэўнены, што для раёна такія аб’ёмы аптымальныя.
Сёлета гаспадаркі раёна выкарыстоўваюць высокаўраджайныя гатункі кукурузы як беларускай, так і замежнай селекцыі.
Асаблівая ўвага надаецца захаванню і выконванню ўсіх этапаў і пунктаў тэхналогіі сяўбы. Увосень гаспадаркі правялі зяблевае ўзворванне глебы, вясной – культывацыю для закрыцця вільгаці, унеслі неабходныя ўгнаенні, да якіх культура вельмі патрабавальная. Як толькі з’явяцца 3–5 першых лістоў, пачнецца хімпраполка, затым падкормка кукурузных палеткаў.
Кукуруза засяваецца максімальна аператыўна, пры гэтым задзейнічана ўся неабходная тэхніка. На раніцу 5 мая, згодна з аператыўнай інфармацыяй райсельгасхарчу, ужо пасеяна 5279 га кукурузы, або 60% да плана. Культура, якая ўвосень будзе ўбрана на зерне, ужо пасеяна поўнасцю.
Увогуле сёлета мясцовыя аграрыі увесь комплекс работ выконваюць у адпаведнасці з планамі. Акрамя стараннай працы механізатараў трымаць такі тэмп работ дазваляе значнае абнаўленне машынна-трактарнага парку. Толькі за мінулы год і пачатак бягучага тут набылі трактар, “Расу”, тры культыватары, сямімятровы дыскатар, дзевяцімятровую сеялку, прычэп, тры аўтамабілі, “Амкадор”, перагрузчык зерня і іншае.
Подробно в номере № 35 (10657).
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.