Лідары вытворчасці: поспехі рассветаўскіх жывёлаводаў

ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» працягвае займаць вядучыя пазіцыі сярод вытворцаў і рэалізатараў мяса-малочнай прадукцыі. Калектыў сельгаспрадпрыемства адзначаны адразу ў некалькіх намінацыях. Так, у намінацыі «За павелічэнне вытворчасці і рэалізацыі мяса» «Рассвет» заняў першае месца. Калектыў жывёлагадоўчай фермы «Мышкавічы» пад кіраўніцтвам загадчыка Віктара Галачова стаў пераможцам у сваёй катэгорыі. А сярод малочнатаварных ферм вызначыўся калектыў МТФ «Стаўпішча», дзе брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі Таццяна Хомская ўжо больш за 15 гадоў паспяхова кіруе калектывам.
Мы наведалі ферму ў Стаўпішчах напярэдадні злёту перадавікоў. На тэрыторыі МТФ размешчана шэсць хлявоў, а агульная колькасць буйной рагатай жывёлы на сённяшні дзень дасягае 1250 галоў, уключаючы дойны статак у колькасці 340 галоў.
Таццяна Хомская расказала аб сваім шляху ў жывёлагадоўлю. Да прыходу на ферму яна працавала паштальёнам, але дзякуючы прапанове начальніка вытворчага ўчастка Галіны Хмуровіч вырашыла змяніць прафесію. Як прызнаецца сама Таццяна Уладзіміраўна, выбар быў невыпадковым: яе маці доўгія гады шчыравала на ферме, таму жанчына ведала гэтую працу знутры. Цяпер разам з Таццянай на ферме працуе падлікоўцам і яе сястра Наталля Барышчык, якая таксама змяніла сваю ранейшую работу – больш за 30 гадоў працавала майстрам на хлебазаводзе – на дзейнасць у жывёлагадоўлі.
Пры эфектыўнай падтрымцы кіраўніцтва «Рассвета» і ўмелым кіраванні Таццяны Хомскай ферма значна пашырылася, адпаведна, павялічыліся і аб’ёмы вытворчасці. Таццяна Уладзіміраўна ўзгадвае: «Калі я прыйшла працаваць, на МТФ утрымлівалася ўсяго 200 цялят, вытворчыя памяшканні знаходзіліся не ў лепшым стане. Паступова пабудавалі новыя хлявы, запоўнілі іх жывёлай. Сёння ў нас шчыруе 20 чалавек, уключаючы аператараў па вырошчванні, даярак, жывёлаводаў і абслугоўваючы персанал. Наш калектыў вельмі згуртаваны, большасць жывёлаводаў мае салідны вопыт работы, кожны супрацоўнік робіць свой уклад у агульны поспех. Я ганаруся нашым калектывам і радуюся адданасці людзей нялёгкай працы».
Каля 40 гадоў працуе ветурачом Галіна Шлапакова, добрасумленна выконваюць свае абавязкі аператары машыннага даення Алена Дзікарэвіч, Ірына Міхалап, Вікторыя Несцярэнка, Ірына Новік, а таксама жывёлаводы муж і жонка Аляксей і Марыя Шамайскія, Алена Кучынская, Святлана Пятруша, Антон Абрамаў, Вадзім Болбас, слесары Аляксандр Траццяк і Васіль Абрамаў і іншыя.
Паводле слоў Таццяны Хомскай, за апошнія гады адбыліся значныя паляпшэнні бытавых умоў на ферме і, што важна, работа дастойна аплачваецца. Гэта станоўча адбілася на матывацыі работнікаў – бо, як адзначае загадчыца, калі людзі бачаць дастойную аплату, яны імкнуцца да яшчэ лепшых вынікаў. Акрамя таго, прэміраванне за павелічэнне рэалізацыі высакаякаснага малака служыць дадатковым стымулам для павышэння прадукцыйнасці працы.
Рацыён жывёл на малочнатаварнай ферме ў Стаўпішчах старанна збалансаваны, што дазваляе падтрымліваць высокія паказчыкі надою і прыбаўлення ў вазе. Так, гадавы надой на адну карову за 2024 год склаў 9123 кг, а агульны аб’ём надояў дасягнуў 3101,8 тоны, што скаладае 112,2% да паказчыка папярэдняга года. Сярэднясутачная прывага цялят у 2024 годзе склала 936 грамаў, а ў студзені бягучага года яна павялічылася да 965 грамаў.
Намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Аляксандр Траццяк падкрэсліў, што нягледзячы на свае сціплыя памеры, ферма ў Стаўпішчах дэманструе самыя стабільныя вынікі і тэмпы росту, апярэджваючы нават буйныя комплексы гаспадаркі. Сакрэт поспеху заключаецца ў рацыянальным кіраванні і адданасці справе кожнага работніка.
Поспехі ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» з’яўляюцца вынікам упартай працы і высокага прафесіяналізму ўсіх удзельнікаў працэсу – ад кіраўнікоў да радавых працаўнікоў.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.