Манеўры на веснавым полі

На Кіраўшчыне актыўна ідзе палявая кампанія. Спектр работ шырокі – падрыхтоўка глебы, сяўба, падкормка азімых, унясенне арганікі…
З народнай мудрасцю не паспрачаешся: веснавы дзень год корміць! Таму працаўнікі КСУП “Ніва-Барсукі” імкнуцца выкарыстаць кожную пагодную хвіліну.

Сяўба ранніх яравых культур пакуль вядзецца з дапамогай толькі аднаго пасяўнога агрэгата. Па 20-25 га на трактары “Беларус-3522” з сеялкай “Horsh” засявае Генадзь Макаронак. “Мог бы і больш, – заўважае механізатар, – ды не на кожны ўчастак “улезеш” – загрузнуць можна…”. Сапраўды, з-за спецыфічнасці мясцовых земляў, не паўсюдна “ўлезеш”: месцамі вельмі грузка, даводзіцца “адваёўваць” больш сухія ўчасткі, а потым вяртацца на пакінутыя. Падвозіць насенне і загружае яго ў пасяўны агрэгат Павел Курлянчык.

Тым не менш, тэмпы сяўбы вытрымліваюцца. Гэта адзначыў у размове галоўны аграном сельгасарганізацыі Сяргей Сіўчыкаў. Згодна з планам авёс пасеяны на 15 га, ячменем засеюць 265 га, зернебабовымі – 350 га, аднагадовымі травамі – 190 га. Пазней у гаспадарцы прыступяць да сяўбы кукурузы, пад якую адведзена амаль тысяча гектараў: 810 – на сілас і 130 – на зерне. Яшчэ на 230 га будуць пасеяны цукровыя буракі.