На будучы ўраджай працуюць земляробы ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага»

Не паддавацца капрызам надвор’я!
На Кіраўшчыне працягваюцца веснавыя палявыя работы. Аграрыі актыўна працуюць на будучы ўраджай, нягледзячы на прыродныя сюрпрызы. А без іх не абыходзіцца. У сераду, калі мы пабывалі на палях ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, тут на поўную моц кіпела работа, надвор’е спрыяла земляробам. А сёння, у апошні дзень сакавіка, выпаў снег…
– Што ж, і такое бывае, – не без пэўнага жалю пачаў учарашнюю тэлефонную размову з карэспандэнтам “Кіраўца” аграном па абароне раслін “Рассвета” Андрэй Скраблевіч. – Рабочы працэс на палетках, які выдатна быў наладжаны, крыху прыпыніўся, але я ўпэўнены, што зусім не надоўга. Напярэдадні механізатары актыўна працавалі на розных участках. А сёння ў асобныя палі і ўлезці стала цяжка… Але, з другога боку, вось гэты мокры снег пойдзе нам на карысць. Сёлетняя бясснежная і даволі цёплая зіма прывяла да таго, што зараз у глебе амаль няма вільгаці, так што вось гэтыя ападкі могуць пасадзейнічаць, толькі вільгаць трэба паспець хутка закрыць.
Днём раней сапраўды на розных рассветаўскіх абшарах імкліва завіхалася тэхніка. Рабочы канвеер, веснавой палявой кампаніі ўжо каля двух тыдняў як набраў абароты. Механізатары, якія загадзя падрыхтавалі ўсю тэхніку, пры спрыяльных умовах шчыруюць на палях ад самага рання да позняга вечара.
Каля Новых Стаўпішч мы сустрэлі нашага добрага знаёмага Мікалая Белакурскага. Хаця аднаго з лепшых механізатараў Кіраўшчыны, узнагароджанага за сваю працу ордэнам Пашаны, медалём “За працоўныя заслугі”, наогул добра ведаюць у раёне. Для яго любое заданне на палетках – не праблема: якасць выканання абавязкова будзе на самым высокім узроўні. У гэты раз Мікалаю Іванавічу зноў даручаны адказны участак: хутка закрываць вільгаць у глебе, што ён узорна і робіць на магутным трактары “Massey Ferguson” з дапамогай культыватара NZ-1000. Тэмпы штодзень вытрымлівае высокія: па 50-60 га апрацоўвае.
Па столькі ж глебы кожны пагодны дзень рыхтуе пад будучую сяўбу і Уладзімір Каранкевіч. Яго мы сустрэлі на іншым полі – каля вёскі Суянец. Дарэчы, як ён сам расказаў, магутны “Беларус-3522”, на якім працуе, – зусім новы – сёлета папоўніў машынна-трактарны парк гаспадаркі, а атрымаў яго механізатар 23 лютага.
– Такі вось падарунак! – кажа Уладзімір. – Тэхніка зручная, працаваць на ёй камфортна. Раней я працаваў вадзіцелем-дальнабойшчыкам, трэці год – у “Рассвеце”. Падабаецца цяперашняя мая работа: няпростая, але больш спакойная, высокі заробак, добры калектыў – я задаволены!..
Крыху далей за Суянцом вялося ворыва. Адказна працаваў тут Аляксандр Гутараў. Гэты фронт работ, дарэчы, выконваюць у гаспадарцы акрамя яго таксама Андрэй Дрозд, Міхаіл Букаты, Ігар Гаўрылюк.
Актыўна пад яравую сяўбу ўносяцца ўгнаенні. Юрый Бяляўскі пачаў аздабліваць глебу азотнымі тукамі. Арганіку ўносяць Сяргей Фамін, Валерый Піскуноў, Аляксандр Міхалап.
Як расказаў Андрэй Скраблевіч, бягучай вясной рассветаўцам трэба засеяць 45 га – аўсом, 10 га – пшаніцай, 579 га – ячменем, 350 га – зернебабовымі, з іх 220 га – гарохам. У планах – сяўба кукурузы: 820 га – на зерне і 2600 га – на зялёны корм. Яшчэ на 80 га будзе размешчана проса на зерне. Традыцыйна рассветаўцы плануюць актыўна займацца вырошчваннем цукровых буракоў, бульбы, агародніны. Дарэчы, расада ранняй капусты ўжо ўзышла ў цяплічным камбінаце сельгаставарыства.
У поўнай гатоўнасці – пасяўная тэхніка. Працаваць на ёй будуць надзейныя кадры. Раннія яравыя рыхтуецца сеяць правераны ў гэтай справе тандэм у саставе Дзмітрыя Кахновіча і Мікалая Дразда. Не першы год даручаюць гэтым механізатарам такую работу – сейбіты ніколі не падводзілі. Да слова, загадзя падрыхтаваны і якасны пасяўны матэрыял.
Вопытны Алег Паўлюц зноў рыхтуецца выйсці на пасадку расады капусты. На кукурузе будуць заняты адразу 4 пасяўных агрэгаты, 1 з іх – 12-мятровага захопу, столькі ж агрэгатаў – на пасадцы бульбы.
Клапоцяцца рассветаўцы і аб азімых культурах, якія зазелянелі веснавымі ўсходамі. Каб надаць раслінам сіл і росту, іх падкармліваюць неабходнымі хімпрэпаратамі. Усяго трэба падкарміць азімыя на 2800 га – пшаніцу, трыцікале, а таксама азімы ячмень на 54 га – яго пасеялі ў “Рассвеце” ўпершыню, і ўсходы пасля зімы выглядаюць вельмі прывабна.
Хуткімі тэмпамі была праведзена першая падкормка рапсу на 780 га. Дарэчы, хуткасць выканання работ у многім абумоўлена сучаснай тэхнікай. Тры гады таму ў гаспадарку набылі новую самаходную машыну для ўнясення хімпрэпаратаў “Туман” расійскай вытворчасці. Машына цудоўна апраўдала сябе, таму было вырашана купіць яшчэ такую ж. Можна толькі любавацца, як по зазелянелым полі нібыта ляціць “Туман”, раскінушы “крылы” ажно на 28 метраў у шырыню з рабочай скорасцю 30 км/гадз. Машына можа бегчы і яшчэ хутчэй. Умела кіруюць “самаходкамі” Сяргей Міхалап і Канстанцін Казакоў. Зараз яны ўносяць КАС пад азімую пшаніцу. За дзень “Туманы” апрацоўваюць у сярэднім па 140-150 га, а бывае, што і больш.
Аб’ёмы работ на вясну, як бачна, у рассветаўцаў традыцыйна вельмі значныя. Але ў сельгаставарыстве ўпэўнены, што ўсё намечанае – па сілах, бо і ў ранейшыя гады з усім спраўляліся ў аптымальныя тэрміны і з высокай якасцю работ. Наогул, як заўжды лічаць тут усе – ад кіраўніцтва і спецыялістаў да радавых работнікаў – не варта паддавацца капрызам надвор’я, трэба добрасумленна рабіць сваю справу, накіраваную на атрыманне добрага ўраджаю. А высокія ўраджаі ў “Рассвеце” атрымліваць умеюць!
Аляксандр ХАХЛОЎ.
На верхнім фота: аграном па абароне раслін Андрэй Скраблевіч (справа) і механізатар Канстанцін Казакоў, які заняты на падкормцы азімых культур.
Фота аўтара.



