На Кіраўшчыне актыўна вядзецца сяўба кукурузы
Кукурузу нездарма называюць царыцай палёў. Без гэтай без перабольшвання стратэгічнай культуры ў сельгасарганізацыях ніяк не абысціся. Сакавіты кукурузны сілас абавязковы ў рацыёне буйной рагатай жывёлы. Акрамя зялёнай масы, каштоўным з’яўляецца і зерне кукурузы. Зыходзячы з гэтага, у гаспадарках адводзяцца значныя плошчы пад культуру, і да яе вырошчвання сяльчане ставяцца з высокай адказнасцю.
Як нам паведамілі ўчора раніцай у райсельгасхарчы, на Кіраўшчыне кукурузай будзе засеяна 8570 га, з якіх 1120 га адведзена на зерне. Дарэчы, апошняя з названых планавых лічбаў ужо закрыта. Засталося размясціць культуру на зялёную масу на 1937 га, а на 6633 га насенне ляжыць у глебе.
Поўнасцю завяршылі сяўбу кукурузы ў СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”, на фінішнай прамой сяўба царыцы палёў у КСУП “Чырвоны баец”, “Ніва-Барсукі”, ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”.
Найбольшыя плошчы ў раёне, адведзеныя пад кукурузу, традыцыйна займаюць у ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, што і нядзіўна, бо тут і самае вялікай грамадскае пагалоўе БРЖ. Усяго культура будзе вырошчвацца на 3250 га, 650 з якіх выкарыстаюць для нарыхтоўкі зерня. Засяваюць насенне рассветаўцы двума пасяўнымі агрэгатамі. На трактары “Джон Дзір” з сеялкай “Монасем” 11- мятровага захопу пазменна працуюць вопытныя сейбіты Дзмітрый Кахновіч (на зымку) і Мікалай Дрозд. З больш кампактным агрэгатам на сяўбе таксама заняты механізатар Дзяніс Белякоў. Рыхтуе глебу пад кукурузу Фёдар Кукабака.