На Кіраўшчыне пачалася сяўба цукровых буракоў
Ад тэмпу работ горача на сельскагаспадарчых палетках. Аграрыі раёна паралельна вядуць падрыхтоўку і ўзворванне глебы, сяўбу збожжавых, пасадку агародніны, унясенне мінеральных угнаенняў, падкормку азімых, унясенне КАС і іншыя віды сельгасработ.
Літаральна некалькі дзён таму надыйшоў час сяўбы цукровых буракоў. Вырошчваннем гэтай прыбытковай і карыснай культуры займаюцца практычна ўсе гаспадаркі раёна. Актыўна ўключыліся ў правядзенне сяўбы механізатары ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Штогод вырошчванню гэтай салодкай культуры тут надаюць асаблівае значэнне, бо яе важкія ўраджаі дазваляюць сельгаставарыству мець неблагі грашовы прыбытак.
Першае, на што робяць стаўку раслінаводы РАПТЗ – строгае захаванне тэхналогій сяўбы і вырошчвання салодкіх каранёў. Загадзя тут клапоцяцца пра належны насенны матэрыял, унясенне неабходных угнаенняў. Тэхналогія вырошчвання толькі на першы погляд здаецца нескладанай: падрыхтоўка глебы, сяўба, апрацоўка ад пустазелля і шкоднікаў, уборка. Але для таго, каб атрымаць добры ўраджай салодкіх каранёў, неабходны строгае захоўванне тэхналогііі, пастаянны клопат і штодзённая напружаная праца. Немалаважнае значэнне маюць і ўмовы надвор’я: культура вельмі патрабавальная да святла, вільгаці і цяпла.
Сёлета пад цукровую культуру адвялі плошчу ў 405 га. З раніцы і да змяркання вядуцца работы па падрыхтоўцы глебы пад цукровыя буракі, а ўслед за апрацоўваючым агрэгатам рухаецца сеялка. Пры спрыяльным надвор’і сяўбу тут плануюць завяршыць за некалькі дзён.