На парадку дня – кармавы запас

Задач, якія стаяць перад сяльчанамі штодня, – хоць адбаўляй. І адна з актуальных на сёння, – нарыхтоўка кармоў для грамадскага пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Гэта будучае малако і мяса, а ў шырокім сэнсе – забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.

З самага рання і да змяркання завіхаюцца на палях працаўнікі ААТ “Дабаснянскае”. Нарыхтоўка сенажу ўвайшла ў гаспадарцы на бягучым тыдні ў разрад актуальных спраў. Травастой вырашчаны добры, паспрыяла і надвор’е – зараз трэба прыкласці намаганні і пакласці ў траншэі якасную сакавітую зялёную масу. Над чым і працуюць у сельгасарганізацыі спецыялісты і радавыя работнікі ў адзінай звязцы.

Аб’ёмы корманарыхтоўкі ў дабаснянцаў значныя: неабходна забяспечыць сенажом, сіласам, сенам больш за дзве з паловай тысячы галоў жывёлы, якія размяшчаюцца на чатырох жывёлагадоўчых аб’ектах.

Першую сянажную траншэю са злакава-бабовых траў заклалі на малочна-таварнай ферме ў Дабрыцы. Пераключыліся на другую – на комплексе ў Пясцова. Хутка скошваюць травы касілкамі з дзевяцімятровым захопам Міхаіл Куляновіч на трактары “Атлес” і Уладзімір Скрыганаў на “Беларусу-3522”. Падбірае і здрабняе зялёную масу на корманарыхтоўчым камбайне “Палессе” Сяргей Сямёнаў. Адзін за адным напаўняе ён прычэпы трактароў і кузавы аўтамашын, якія дастаўляюць масу да месцаў закладкі. Пакуль – 7 адзінак тэхнікі заняты на адвозцы. Спраўляюцца з гэтым заданнем Віталь Палякоў, Андрэй Назарчык, Аляксей Шыбкоў, Яўген Кавалёў і іншыя механізатары і вадзіцелі.
Адказна наладжаны працэс і на сянажных траншэях. Прывезеную з палёў масу трамбуюць Ігар Казлоўскі на пагрузчыку “Амкадор” і Барыс Паўлюц на трактары “К-701”. А за ўсім, што тут адбываецца, уважліва сочаць адказныя спецыялісты. Галоўнае, на што нацэлены ўсе, – гэта не толькі тэмпы праводзімых работ, але і абавязковая іх якасць.
Аляксандр ХАХЛОЎ. Фота аўтара.