На “плюс” працуе ўся каманда

Калі рабочы працэс арганізаваны на высокім узроўні, а ў ім кожны, хто задзейнічаны, ставіцца
да справы з належнай адказнасцю, пастаўленыя мэты абавязкова дасягаюцца, і адпаведны вынік
не прымушае сябе чакаць.
Да такога вываду міжволі прыходзіш, калі аналізуеш работу калектыву жывёлаводаў СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”. Сваімі працоўнымі рэзультатамі за 2023 год яны спаўна могуць быць задаволенымі. Ды і наогул, штогод у галіне гаспадаркі стабільна назіраецца станоўчая дынаміка, прычым з істотным ростам.

Не стаў выключэннем і мінулы год. Аб гэтым яскрава сведчаць практычна ўсе паказчыкі, якія назвала ў размове галоўны заатэхнік сельгасфіліяла Ганна Каліноўская. Вытворчасць малака склала 1053 т або 110,8% да ўзроўню 2022 года. Рэалізавана 977 т (113,6%), прычым 99,7% – гатункам “экстра”. Узрасла і таварнасць: 92,8% ці 102,5% да папярэдняга года. Атрымана прыплоду БРЖ – 1536 галоў (109,4%).

Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы зараз складае 3696 галоў, з якіх 1361 – дойны статак. Ад кожнай каровы ў “Чыгірынцы” атрымана па 7752 кг малака, “плюс” склаў 615 кг. Сёння ў суткі кожная рагуля дае па 20,9 кг малака, і гэта больш, чым у папярэднім годзе на 3,3 кг.Падраслі і прывагі маладняку. У сярэднім за суткі летась цяляты давалі прыбаўку ў 528 грамаў (102,9%).
Усе гэтыя і іншыя “плюсы” складаюцца з многіх фактараў. І яны не сакрэтныя: зладжанасць у рабоце – ад кіраўніцтва, спецыяліста да радавых работнікаў, строгая працоўная дысцыпліна, дакладнае захаванне ўсіх тэхналогій утрымання, кармлення, вырошчвання. А яшчэ немалаважны момант – дастойная аплата працы, якая, дарэчы, прама прапарцыянальная стаўленню да яе, а таксама клопат і ўмовы для работы і адпачынку, створаныя ў гаспадарцы для работнікаў.