Няма каштоўней працы хлебароба

У мінулую пятніцу маршрут рэдакцыйнага аўтамабіля ляжаў у бок жыліцкіх сельгаспалеткаў.
Над палямі КСУП «Жылічы» ў раёне Лёўкавіч стаяла густое, прагрэтае ліпеньскім сонцам паветра. Над залатым морам азімай пшаніцы не змаўкаў гул камбайнаў, грузавікі адзін за адным прымалі зерне новага ўраджаю.

Аўтамабіль Анатоля Гогалева ад’ехаў ад камбайна з чарговай порцыяй збожжа. Да слова, Анатоль Ігнатавіч стаў першым у гаспадарцы вадзіцелем-тысячнікам, затым запаветную планку ў тысячу тон перакрочыў яго калега Вадзім Ульзутуеў.
Родам Анатоль Гогалеў з Расіі. На жыліцкую зямлю прыехаў з бацькамі, будучы яшчэ першакласнікам. Яго мама сама мясцовая, сумавала па роднай старонцы, і сям’я вярнулася на яе малую радзіму. Як аказалася, сын знайшоў тут сваё прызначэнне. Пасля школы ў жыцці Анатоля Гогалева была армія – служба ў ваеннай разведцы, якая загартавала характар. Вярнуўся ў родную гаспадарку, сеў за руль калгаснага аўтамабіля. Так і працуе ў галіне АПК. Зыходзячы са свайго шматгадовага ўласнага вопыту, Анатоль Ігнатавіч лічыць, што ў рабоце вадзіцеля, занятага на адвозцы збожжа, важна строга выконваць правілы бяспекі: «Гэта, у першую чаргу, бо нічога няма важней за здароўе і жыццё людзей, захаванасці тэхнікі. Уборачная – час, калі кожная хвіліна на рахунку. Вадзіцель павінен аператыўна дастаўляць збожжа і не дапускаць страт. А таксама трэба ўмець працаваць у камандзе. Адзін у полі не воін!»

На адным з камбайнаў працаваў механізатар Сяргей Міхнёў. У гэтае жніво ён шчыруе на новай, магутнай машыне вытворчасці «Гомсельмаш», якая абсталявана перадавымі лічбавымі сістэмамі, ператварае цяжкую працу аграрыяў у высокадакладны працэс.
Сяргей Міхнёў ў гаспадарцы 15 гадоў. Ён прадстаўнік працоўнай дынастыі. Жонка Ірына шчыруе ў гэтай жа сельгасарганізацыі. Дома падрастаюць трое сыноў, якія, як і бацька, душы не чаюць у тэхніцы.
Сяргей Мікалаевіч карыстаецца даверам у кіраўніцтва. У комплексе сельскагаспадарчых работ ён задзейнічаны і на ворыве, і на сяўбе, і на жніве, умее выконваць розныя агратэхнічныя прыёмы. Нахтненне і сілы чэрпае ад роднай зямлі: «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся», – з усмешкай падвынікаваў камбайнер.
Якраз надышоў час абеду. Кормяць хлебаробаў прама ў полі, мінімальна адрываючы ад работы. Абеды і вячэры гатуюць у сталовай Жыліцкага сельгаскаледжа. На выгляд стравы былі сытнымі, па-хатняму духмянымі. На раздачы – Святлана Міхнёва, маці Сяргея. Больш за 40 гадоў яна працавала ў КСУП «Жылічы» бухгалтарам. Зараз Святлана Васільеўна на заслужаным адпачынку, аднак вось ужо трэці сельгассезон устае ў строй, корміць працаўнікоў палёў.
Родам Святлана Міхнёва з Брэсцкай вобласці. Прыехала сюды па размеркаванні пасля заканчэння Столінскага тэхнікума. Сустрэла тут свайго мужа Мікалая Мікалаевіча. Ён, цяпер таксама пенсіянер, усё жыццё аддаў нялёгкай працы ў АПК. Выгадавалі дваіх дачок і сына, цяпер іх радуюць восем унукаў.
«Тут, на жыліцкай зямлі, за столькі гадоў сваёй стала кожная сцяжынка, – падзялілася пачуццямі Святлана Васільеўна. – Родныя мясціны я, вядома, наведваю, але мой дом ужо тут. Ганаруся, што мой сын абраў для сябе такую справу, бо, упэўнена, няма каштоўней працы хлебароба».

Добрасумленная праца, сямейныя традыцыі і адданасць сваёй зямлі пераплятаюцца ў жыцці людзей, якія шчыруюць у галіне сельскай гаспадаркі і забяспечваюць нас асноўнымі прадуктамі харчавання.
Жніво-2026 працягваецца. Пакуль стаяць пагодныя дзянькі, трэба лавіць момант, каб убраць з палёў ураджай з мінімальнымі стратамі. Арыенцір у хлебаробаў дакладны – своечасова і якасна правесці ўборачную. А раённыя журналісты працягваюць сачыць за працоўнымі буднямі землякоў.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Алесі ПРЫГАЖАЕВАЙ.