Папаўняюцца кармавыя запасы ў КСУП «Ніва-Барсукі»

З кожным днём папаўняюцца кармавыя запасы ў КСУП «Ніва-Барсукі»: гаспадарка актыўнымі тэмпамі вядзе ўборку траў другім укосам. Кіраўніцтва і працаўнікі сельгаспрадпрыемства, як ніхто іншы, разумеюць важнасць своечасовага правядзення корманарыхтоўчай кампаніі: грамадскі статак у гаспадарцы вялікі, таму тут імкнуцца з максімальнай аддачай выкарыстоўваць кожны гектар і кожную пагодную хвіліну.
Трэба адзначыць, што ніваўцы па-гаспадарску паставіліся да догляду за травастоем: падкормленыя ўгнаеннямі палеткі, прамочаныя дожджыкамі, радуюць вока, а ўслед за касілкай застаюцца густыя валкі свежаскошанай травы. Галоўнае, на думку спецыялістаў, не прамарудзіць спрыяльны для ўборкі траў час, каб нарыхтаваць кармы з максімальным утрыманнем карысных рэчываў. У гэтым выпадку можна спадзявацца на важкія надоі і прывагі падчас будучай зімоўкі грамадскага статка.
Падчас “зялёнага жніва” ў гаспадарцы ўжо нарыхтавалі 347 т сена, каля 10 тыс. т сенажу, больш за 1 тыс. т сіласу. Каб папоўніць кармавыя запасы, на 300 га пасеялі проса, зернебабовую сумесь.
У гэтыя дні на сельгаспалетках ва ўсю кіпіць работа. Практычна бесперапынна імчаць па палях трактары з касілкамі, якімі кіруюць вопытныя механізатары Генадзь Макаронак і Юрый Сямёнаў. Пры неабходнасці на дапамогу ім на сваіх сталёвых конях прыходзяць Мікалай Таранаў і Сяргей Ярыгін. Наступны этап – варушэнне траў. Гэты працэс на рахунку Міхаіла Рымарава. Калі духмяная маса адпавядае неабходным патрабаванням, на палеткі выходзяць КВК. Падборам і здрабненнем траў займаюцца Алег Стальмакоў і Аляксандр Еўдакімаў (на верхнім фота): абодва ўжо даволі вопытныя механізатары, якім па сілах выкананне пастаўленых кіраўніцтвам задач. Каб без прамаруджвання весці корманарыхтоўку, у адвозцы зялёнай масы да месца трамбоўкі задзейнічаны ў сярэднім па 10 адзінак тэхнікі. Хутка дастаўляюць правяленую масу Васіль Марозаў, Іван Скрыпуноў, Уладзімір Ермалаеў, Рыгор Шчаглоў, Мікалай Белаглазаў, Андрэй Свірко, Аляксандр Рымараў, Валянцін Пінчук, Віталь Васількоў, Уладзімір Будкевіч і іншыя.
Кантроль і за тэрмінамі закладкі сенажу, і за захаваннем рэжымаў вільготнасці і тэмпературы строгі. Як і за належнай трамбоўкай правяленай масы, што таксама вельмі важна. Працэс трамбоўкі – на рахунку вопытных механізатараў – Аляксандра Няфёдава і Алега Сакабіцкага. Абодва разумеюць, што нават крыху недатрамбаваная маса можа стаць значнай праблемай, бо не толькі сапсуе кармы, а і загубіць працу многіх калег-механізатараў.

Паралельна з корманарыхтоўкай у гаспадарцы вядуць жніво. Першыя тоны збожжа ўжо ачышчаны і засыпаны ў засекі. Азімы ячмень, які займаў 200 га, даў на круг па 40 ц, што дазволіла атрымаць 818 т залацістага зерня. На азімую сяўбу, якая мае быць, плошчы пад гэтую культуру плануюць павялічыць да 360 га, балазе насенны матэрыял у ніваўцаў ужо падрыхтаваны. Дарэчы, аднымі з першых яны выканалі дзяржзаказ па пастаўцы ячменю.
На палетках яшчэ каласіцца збожжа, а ў гаспадарцы ўжо думаюць пра ўраджай наступнага года: пачалі падрыхтоўку глебы да азімай сяўбы. Узворванне глебы – занятак Аляксандра Якаўлева.
Як адзначыў у размове з карэспандэнтам “раёнкі” галоўны аграном КСУП “Ніва-Барсукі” Сяргей Сіўчыкаў, у іх гаспадарцы разумеюць асаблівую важнасць своечасовага і якаснага правядзення корманарыхтоўчай кампаніі, жніва, восеньскай сяўбы. Для іх паспяховага выканання да дэталяў прадумана арганізацыя работ, правільна расстаўлены сілы. Але самае галоўнае – ёсць надзейныя і правераныя не адной важнай сельгаскампаніяй людзі, з якімі па сілах выкананне пастаўленых задач.
Людміла СЯМЁНАВА.