Поле родзіць хлеб,Жніво – новых герояў

Штодня памнажаецца колькасць лідараў раённага працоўнага спаборніцтва сярод экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў і вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа. Кіраўніцтва раёна і сельгасарганізацый, актывісты прафсаюзнага руху выязджаюць на палеткі, каб ушанаваць лепшых працаўнікоў хлебнай нівы, падзякаваць ім за напружаную самаадданую працу.

Учора раніцай старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, дырэктар ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» Аляксандр Багель, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская, прафсаюзныя лідары павіншавалі з чарговай працоўнай перамогай першага на Кіраўшчыне вадзіцеля-двухтысячніка – працаўніка «Рассвета» Міхаіла Семянкова. Гэтая ўборачная для Міхаіла Леанідавіча трэцяя па ліку, і кожны год ён – у кагорце лідараў працоўнага спаборніцтва. За дзень яго МАЗ робіць па 5–6 рэйсаў з поля да збожжатока, а ў найбольш спрыяльныя дні можа і 8.
Першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Дарожкін і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер ушанавалі перадавікоў ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне»: збожжаўборачны экіпаж-тысячнік у складзе камбайнераў Сяргея Чудапала і Аляксандра Выганоўскага, а таксама вадзіцеляў-тысячнікаў Валерыя Араева і Юрыя Фіневіча. Да ўшанавання лідараў Жніва далучыўся дырэктар сельгасарганізацыі Лявонцій Кушавараў.
Сяргей Дарожкін падзякаваў хлебаробам за працу, адзначыўшы: «Уборка хлеба – справа не з лёгкіх. Зараз для аграрыяў час, калі на рахунку не толькі кожны дзень, але і кожная хвіліна. І тым больш радуе, што ў вачах працаўнікоў палеткаў відаць імкненне, як мага хутчэй сабраць вырашчаны ўраджай, зберагчы кожнае зярнятка. Такое стаўленне да працы дарагога каштуе. Ураджай на палях раёна вырашчаны добры, зараз вядзецца сапраўдная барацьба, каб максімальна поўніліся засекі».
У раёне па стане на ўчарашнюю раніцу, 25 ліпеня, убрана 7915 га збожжавых і зернебабовых культур –
49 % да плана. Агульны намалот – 28625 тон пры сярэдняй ураджайнасці 36,2 ц/га. Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
13 збожжаўборачных экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон, 14 вадзіцеляў – тысячнікі, з іх 9 перавезлі больш за 1500 тон, а Міхаіл Семянкоў з ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” і Васіль Марозаў з КСУП “Ніва-Барсукі”– больш за 2 000 тон.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.