Працаўнікоў філіяла СВК «Бераснёўскі» сканцэнтраваны на сяўбе азімых

На сельгаспалектах філіяла не сціхае цяжкі, грунтоўны гул тэхнікі. Зараз у аграрыяў вельмі адказная пара: выкарыстоўваючы кожны пагодлівы дзень, яны вядуць сяўбу азімых культур, каб у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны закласці надзейны падмурак для ўраджаю будучага года.
Паралельна вядзецца комплекс іншых агратэхнічных работ. Ад таго, наколькі якасна сёння будзе падрыхтавана глеба, залежыць, як перазімуюць пасевы і якім будзе вынік. Дакладны рытм, высокія стандарты і тэхналагічная дысцыпліна – гэта тое, што вылучае бераснёўцаў у працы.
У мінулую пятніцу мы пабывалі на палях перад Баравіцай. Карціна тут нагадвала зладжаны механізм: на адным участку цяжкія плугі падымалі пласт глебы, непадалёк на кукурузе гудзеў кормаўборачны камбайн, а крыху паводдаль, там, дзе вызваленыя з-пад царыцы палёў палосы ўжо паспелі падрыхтаваць, ішла сяўба азімых.
Сяргей Ласенка, намеснік дырэктара філіяла, падрэсліў, што ўбраныя ўчасткі падрыхтоўваюцца аператыўна: літаральна за некалькі дзён пасевы кукурузы змяняюцца роўнымі радкамі будучых
усходаў.
«Першы этап пасяўной кампаніі прынцыпова важны, – прадоўжыў Сяргей Мікалаевіч. – Падчас перадпасяўной апрацоўкі зямля глыбока друзліцца, механізатары заворваюць у яе пажніўныя рэшткі старых культур і падразаюць пустазелле. Затым у глебу кладуцца ўгнаенні – будучая абарона каранёвай сістэмы, якая дапаможа маладым раслінам перажыць зімовыя маразы і вясновыя паводкі».
На сяўбе азімай пшаніцы – механізатар Генадзь Доўкша. Яго імя ў гаспадарцы даўно стала сінонімам надзейнасці. Трактарыстам-машыністам працуе з 1998 года, і ўвесь гэты час – у «Бераснёўскім». У дзень ён засявае крыху больш за 30 гектараў.

Насенны матэрыял бесперабойна падвозіць Уладзімір Грамыка. Ён родам з Глускага раёна, Кіраўшчына для Уладзіміра Аляксеевіча ўжо даўно стала другой малой радзімай. Ён з сям’і сельскіх працаўнікоў, дзе бацька таксама быў трактарыстам. Аднак юнак абраў пагоны –
сем гадоў аддаў ваеннай службе. Але лёс усё роўна вярнуў яго да бацькавай сцежкі. Умеў абыходзіцца з сельгастэхнікай з дзяцінства, таму ўліцца ў аграрную прафесію было нескладана. Уладзімір Грамыка некалькі дзесяцігоддзяў прысвяціў механізатарскай справе, шчыраваў у розных сельгасарганізацыях раёна, апошнія гады – у «Бераснёўскім». Ён асвоіў практычна ўсю лінейку наяўных у гаспадарцы сельгасмашын, а ў гэтым сезоне ўпэўнена працаваў з сучаснымі навінкамі вытворчасці «Бабруйскаграмаш» – здрабняльнікам вільготнага збожжа і рулонным прэс-падборшчыкам ПРП-160.

Уладзімір Аляксеевіч ужо дасягнуў пенсійнага ўзросту, але працягвае старанна шчыраваць на зямлі. Галоўны сакрэт яго вынослівасці крыецца ў захапленні спортам. Ужо больш за пяць гадоў ён займаецца лыжаролерамі. Удзельнічае ў спаборніцтвах рознага ўзроўню па гэтым відзе спорта і не толькі. Напрыклад, 6 верасня гэтага года пераадолеў дыстанцыю ў 10 кіламетраў на Мінскім міжнародным паўмарафоне – гэта быў яго трэці ўдзел у адкрытым чэмпіянаце. Менавіта ў актыўным руху, у хуткасці і свежым паветры гэты сельскі працаўнік знаходзіць сілы і тую самую бадзёрасць, каб без стомы добрасумелнна шчыраваць далей на роднай зямлі.
Як расказаў Сяргей Ласенка, азімая пшаніца зойме каля 200 гектараў. Бераснёўцы ўжо пасеялі
150 гектараў азімага рапсу на зерне і яшчэ 36 – на зялёны корм. Азімы ячмень заняў
225 гектараў, а зялёнаўкоснае жыта і свірэпіца ў кулісных пасевах – 298.
Кукурузнае царства ў «Бераснёўскім» раскінулася на 602 гектарах. Больш за палову ўжо ўбрана. Культура дае сярэднюю ўраджайнасць каля 320 цэнтнераў з гектара, утрымліваючы планку міну-
лага года.
План па нарыхтоўцы кармоў практычна закрыты. Сенажу заклалі 11290 тон – гэта 87% ад задання. Сіласу ў ямы ўтрамбавана 13523 тоны – план выкананы на 99%, закладка працягваецца.
Калі над полем згушчаецца ранняе восеньскае змярканне, разумееш галоўнае: дзякуючы такому стаўленню людзей да сваёй справы, іх уменню адчуваць дыханне зямлі і выконваць тэхналогію, зімоўка грамадскага статка будзе сытай. А значыць, заўтрашні дзень для гаспадаркі забяспечаны.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.
- Працаўнікоў філіяла СВК «Бераснёўскі» сканцэнтраваны на сяўбе азімых

- VII ВНС: главное – в решениях

- 23 сентября прямую линию проведет заместитель начальника Могилёвской таможни Виктория Александровна Альшевская

- 24 сентября состоится выездной прием граждан в Кировском райисполкоме

- 24 сентября в Комитете государственного контроля Могилевской области проведется прямая линия по вопросам развития региона

- 26 сентября прямую линию проведет Елена Александровна Сакадынец





