Праца на палях: нарыхтоўка травяных кармоў

Кожнае звяно ў ланцугу сельскагаспадарчых работ мае сваё значэнне. Сёння адным з ключавых момантаў у сельскагаспадарчай індустрыі з’яўляецца нарыхтоўка кармоў – этап, які забяспечвае кармавую базу для жывёлы на ўвесь год. Гэты працэс пачынаецца з планавання і заканчваецца ўборкай, кансервацыяй і захоўваннем кармоў. Тут задзейнічаны спецыялісты розных профіляў, праца якіх патрабуе высокай кваліфікацыі, адказнасці і ўмення працаваць у камандзе.
На мінулым тыдні мы пабывалі ў СГФ «Чыгірынка», дзе на полі каля Борак працавала кормаўборачная тэхніка.
Як паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Юрый Смятана, чыгірынскія аграрыі плануюць сёлета нарыхтаваць: сена – 1,74 тысячы тон, сенажу – 11,0 тысячы тон, сіласу – 18 тон. Пры спрыяльным надвор’і за дзень тут скошваюць да 60 гектараў. У гаспадарцы ўжо нарыхтавана каля 5 кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы, што на паўтары адзінкі больш, чым летась. На ўчарашнюю раніцу ўбрана каля 60% плошчаў, назапашана 4,42 тысячы тон сянажнай масы. Ураджайнасць склала 78 ц/га, і гэта працэнтаў на 30 больш, чым у 2023-м годзе.

Штодня, пры спрыяльным надвор’і, з 7 гадзін раніцы і да 8 вечара на палях кіпіць корманарыхтоўка. Усяго на зялёнай страдзе задзейнічана больш 10 адзінак тэхнікі. Усе механізатары вопытныя, адказна ставяцца да сваіх участкаў работы. Па-майстэрску скошвае травы Сяргей Чорны. На кормаўборачных камбайнах працуюць Дзмітрый Конюхаў і Анатоль Свіркоў. На перавозцы травяной масы задзейнічана 6-7 адзінак тэхнікі, за штурваламі якіх – сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія могуць прайсці маршрут ад поля да сянажнай траншэі з заплюшчанымі вачамі, Сяргей Фірагін, Анатоль Кузьмін, Уладзімір Прасноў, Віктар Іванчыкаў і іншыя. Трамбоўка вядзецца увесь светлавы дзень. Гэты адказны ўчастак давераны Віктару Каліноўскаму і Дзмітрыю Праснову.
“Зялёнае жніво мае стратэгічнае значэнне, таму на пастаянным кантролі знаходзяцца як тэмпы корманарыхтоўкі, так і яе якасць, – заўважае галоўны аграном. – Непасрэдна ў траншэі спецыялісты заатэхнічнай службы вымяраюць вільготнасць і тэмпературу травы. Яны ж сочаць і за захаваннем тэхналогіі нарыхтоўкі сыравіны.
Усе ўдзельнікі корманарыхтоўкі надзейныя працаўнікі і добра разумеюць задачы, што стаяць перад намі – для грамадскага пагалоўя неабходна зрабіць паўтарагадовы запас травяных кармоў. Толькі пры такім раскладзе мы можам разлічваць на атрыманне добрых надояў і прываг на працягу ўсяго года, а значыць, і матэрыяльнага прыбытку для развіцця прадпрыемства і дабрабыту сям’і кожнага члена калектыву”.
Належная ўвага падчас корманарыхтоўкі надаецца ў гаспадарцы і захаванню патрабаванняў аховы працы, пажарнай бяспекі. Для людзей створаны належныя бытавыя ўмовы, распрацаваны нарматывы аплаты працы. Удельнікі зялёнага жніва забяспечаны гарачым харчаваннем, якое наладжваецца прама ў полі. Задаволены чыгірынцы такой арганізацыяй працы, аб чым і паведамілі падчас размовы Дзмітрый Конюхаў, які падбірае з валкоў і здрабняе зялёную масу, і Віктар Іванчыкаў, які адвозіць травяную масу ў сянажную траншэю. Яны заўважылі, што іх праца патрабуе не толькі тэхнічных навыкаў, але і ўмення хутка адаптавацца да пэўных умоў, прымаць рашэнні і эфектыўна працаваць у камандзе, таму яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і каардынуюць свае дзеянні.
Галіна РУСЕЦКАЯ. Фота аўтара.