Працуюць на рэзультат

Блізіцца да завяршэння ўборачная пара ў КСУП “Барчыцы-агра”. Як расказаў намеснік упраўляючага Аляксандр Трафімаў, па стане на раніцу 8 жніўня хлебаробам сельгаспрадпрыемства заставалася ўбраць з палеткаў каля 200 гектараў азімага трыцікале з 395 і крыху яравога ячменю, які займаў 110 гектараў.
“Сёлетняе жніво нас радуе, першым чынам, неблагімі намалотамі, – працягнуў размову Аляксандр Васільевіч. – Уборачная яшчэ не фінішавала, а ўжо можна адзначыць, што мы намалацілі амаль на тысячу тон больш збожжа, чым летась. Гэта, безумоўна, падбадзёрвае працоўны настрой механізатараў, вадзіцеляў, усіх, хто мае дачыненне да залатога часу ў кругавароце сялянскага года”.
Выніковыя лічбы красамоўна пацвярджаюць словы намесніка ўпраўляючага. Так, сёлета ўдалося больш чым удвая павялічыць ураджайнасць азімага рапсу. Гэтай маслянічнай культурай было засеяна 125 гектараў барчыцкіх палеткаў. Атрымалі 225 тон намалоту пры сярэдняй ураджайнасці 26,5 ц/га, а летась на круг выходзіла каля 12 цэнтнераў. Парадавала і азімая пшаніца – з 85 гектараў намалацілі 315 тон пры ўраджайнасці 35,8 ц/га. Да слова, летась гэтую сельгаскультуру наогул не вырошчвалі, бо лічылі неперспектыўнай на мясцовай глебе. 512 тон сабралі з 295 гектараў азімага жыта, поўнасцю выканалі дзяржзаказ і забяспечылі насенны фонд. Па 30-35 цэнтнераў на круг атрымлівалі яравога аўса, усяго са 105 гектараў намаліцілі 338 тон. 20 гектараў пасяўных плошчаў было занята пад азімую свірэпіцу. Намалацілі 15 тон.
Зернебабовы клін у гаспадарцы склаў 70 гектараў. На круг намалочвалі ў сярэднім па 40 цэнтнераў і агульны намалот склаў 282 тоны.
Аляксандр Трафімаў засяродзіў увагу на тым, што такія вынікі сталі магчымымі дзякуючы строгаму выкананню тэхналогій ад моманту, калі ў глебу былі закладзены першыя зярняткі падчас пасяўной, якаснаму і дастатковаму ўгнаенню, адпаведным догляду і апрацоўцы пасеваў. была праведзена добрая падкормка, унесены якасныя мінеральныя ўгнаенні, надвор’е таксама сёлета спрыяла. Істотную дапамогу ў гэтых працэсах аказваюць кіраўніцтва і спецыялісты КСУП “Ніва-Барсукі” – выканаўчы орган сельгаспрадпрыемства.

А самае галоўнае – сумленна шчыруюць мясцовыя аграрыі. На сёлетняй уборачнай у “Барчыцах-агра” задзейнічана чатыры камбайны, за штурваламі якіх вопытныя механізатары: Дзмітрый Іваноў, Фёдар Анісімаў, Валерый Чабатар, Фёдар Сідараў, які працуе ў пары з Аляксандрам Чарновым. Збожжа з палеткаў у збожжасушыльную гаспадарку бесперабойна дастаўляюць вадзіцель-тысячнік Мікалай Плесуноў і Сяргей Фралоў.
З Барчыцкімі хлебаробамі нам удалося сустрэцца ў полі за Хвайніцай. Там па-сяброўску зладжаны механізатарскі атрад абмалочваў азімае трыцікале. Працаўнікоў мы заспелі якраз падчас абеду, які разам з пітной вадой са сталовай сельгаспрадпрыемства ім даставілі прама ў поле. Механізатары адзначылі, што кормяць іх вельмі смачна, як дома!
Дзмітрый Іваноў лідзіруе ў гаспадарцы па намалотах. Стаж працы ў сельскай гаспадарцы ў яго складае ажно 38 гадоў, 20 з якіх ён падчас жніва шчыруе на камбайне. “За гады маёй працы ў калгасе я чатыры разы атрымліваў новыя камбайны, – расказаў Дзмітрый Лявонавіч. – Летась вось таксама перасеў за штурвал новенькага КЗС-1218. Шчырую на ім другую ўборачную. Маю магчымасць параўнаць умовы работы хлебаробаў 20 год таму і зараз. І, ведаеце, розніца ёсць! Сучасная тэхніка камфортная, высокавытворчая, дазваляе ўбіраць збожжа з мінімальнымі стратамі на “складаных” участках: вільготных, палеглых, засмечаных. Прасторная кабіна з цудоўным аглядам абараняе ад лішняга шуму, абсталявана кандыцыянерам, аўтаматычнай сістэмай кантролю і кіравання. У такіх умовах працаваць – адна прыгажосць! А наогул сёлетняя ўборачная радуе – надвор’е не падводзіць і мы не падводзім! Стараемся, убіраем хлеб як мае быць!”.
Яўгенія БЯЛЬКО. Фота аўтара.