Сейбіты Кіраўшчыны выйшлі ў поле

Асаблівае месца ў чарадзе вясенне-палявых работ займае пасяўная кампанія. Нездарма ў народзе гаворыцца: «што пасееш, тое і пажнеш».

Паклаўшы ў глебу насенне, сейбіты чакаюць, што яно прарасце, стане коласам, дасць важкі ўраджай, але для гэтага зямля павінна быць падрыхтавана адпаведным чынам. Земляробы ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» ведаюць сваю справу на выдатна. Як толькі палі вызваліліся ад снегу, яны адразу ж прыняліся за працу. Шырокім фронтам вядзецца падрыхтоўка глебы, падкормка азімых і шматгадовых траў, ўнясенне мінеральных і арганічных угнаенняў. І вось, з аўторка, рассветаўцы далі старт сяўбе-2026. Каля вёскі Цейкавічы па полі пачаў свой мерны ўпэўнены ход трактар Джон Дзір у агрэгаце з сеялкай Solitair пад кіраваннем механізатара Дзмітрыя Кахновіча.
Шыроказахопная сеялка за адзін праход вядзе сяўбу на шырыні 12 метраў. Рэдакцыйная камера занатавала, як першыя зярняткі ляглі ў друзлую глебу, што стала сімвалам пачатку. Адказны момант старту пасяўной прайшоў пад строгім кантролем першага намесніка дырэктара сельгаставарыства Аляксандра Жылінскага, намесніка дырэктара па механізацыі Івана Калеева, агранома па абароне раслін Андрэя Скраблевіча.
Аляксандр Жылінскі расказаў, што пачалі пасяўную з яравога ячменю. Сёлета ў гаспадарцы выкарыстоўваюць суперэлітны гатунак «карнет», які адрозніваецца высокай устойлівасцю да палягання і іншымі асаблівасцямі. Сярод насенных навінак гэтага сезону таксама гатунак пшаніцы «прыгажуня». Ён адносіцца да гатункаў новага пакалення, валодае высокай прадуктыўнасцю і выдатнымі хлебапякарнымі якасцямі, можа выкарыстоўвацца для атрымання высакаякасных хлебабулачных вырабаў.
У першы дзень было засеяна 43 гектары, а ўсяго запланавана заняць ячменем 600. Акрамя таго, у планах на гэты сезон засеяць 360 гектараў зернебабовымі і 100 гектараў аднагадовымі травамі, якія пойдуць на зялёны корм. Дарэчы, без перабольшання ўся пасяўная кампанія ў руках Дзмітрыя Кахновіча. Ён чалавек у гэтай справе вопытны. Такіх аб’ёмаў не баіцца.
У сельскай гаспадарцы 26-ы год і ўвесь гэты час працуе ў «Рассвеце», шмат год запар сяўба давяраецца менавіта яму.
«Зараз перад аграрыямі стаіць важная задача: правесці пасяўную бездакорна, якасна і ў аптымальныя тэрміны, – адзначыў Аляксандр Жылінскі. – Пры спрыяльным паспяванні глебы адсеемся за некалькі дзён. Усё, вядома, залежыць ад надвор’я. Пакуль вясна нам спрыяе. Вядома, ёсць участкі, дзе яшчэ мокра, тэхніцы не ўлезці, але мы старанна сочым за станам і, як толькі ўмовы дазваляюць, выходзім у поле».
Тое, што ў «Рассвеце» пасяўная будзе праведзены якасна і ў тэрмін, сумненняў няма. Вопыт і працавітасць, памножаныя на строгае захаванне тэхналогій і дысцыпліну, даюць адпаведны вынік. Сам Аляксандр Жылінскі шчыруе ў гаспадарцы 35 гадоў. Пачынаў брыгадзірам паляводчай брыгады, затым быў аграномам, галоўным аграномам, а з 2014 года – першы намеснік дырэктара. У Мышкавічах кажуць, што лепш за Аляксандра Валянцінавіча тутэйшыя землі не ведае ніхто.
Роўненькія, акуратныя палі, якія родзяць багаты ўраджай, шмат у чым – яго заслуга. У гэты дзень рэдакцыйны аўтамабіль пабываў на некалькіх вытворчых участках. У Мышкавічах, насупраць Свята-Траецкага храма, старанна працаваў патомны механізатар Мікалай Белакурскі, закрываючы вільгаць і рыхтуючы поле пад сяўбу ячменю. Гэтага земляроба адрознівае упартасць у працы, у працоўным спаборніцтве на вясенне-палявых работах па падрыхтоўцы глебы ён лідзіруе. А яшчэ Мікалай Іванавіч бярэцца за справу заўсёды з добрым настроем. Раніцай садзіцца за штурвал трактара, уключае радыёпрыёмнік, каб быць у курсе падзей краіны і свету, і барозніць палі, дзівячыся і радуючыся таму, якую жыццёвую сілу і энергію дае людзям зямля.
На суседніх палях у напрамку Паўлавіч працавалі Пётр Мухін, які культываваў глебу, і Сяргей Міхалап – на самаходным апырсквальніку «Туман» уносіў КАС на пасевах азімай пшаніцы. Угнаенні яму падвозіў Сяргей Пятроў, які з усмешкай заўважыў: «Для нас вясна пралятае як адзін дзень. Здаецца, працы – непачаты край, вочы баяцца, а рукі робяць!». Сяргей Міхалап расказаў, што ў ёмістасць «Туману» памяшчаецца 2,5 тоны ўгнаенняў, а за дзень ён можа ўнесці іх каля 40 тон.
Уздоўж трасы Магілёў – Бабруйск механізаваны атрад у саставе Канстанціна Пятрушы, Алега Паўлюца, Аляксея Юркаўца і Аляксандра Грыневіча ўносіў арганічныя ўгнаенні. На гэтым участку неўзабаве сваё месца зойме царыца палёў – кукуруза. Дарэчы, Канстанцін Пятруша задае тон па ўнясенні арганікі, на яго рахунку ўжо больш за чатыры тысячы тон.
Вясна – час напружанай працы і надзей. Працаўнікі ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» поўныя рашучасці зрабіць гэты сельскагаспадарчы сезон паспяховым і ўрадлівым. 2950 гектараў занята азімымі культурамі на збожжа, 295 – куліснымі пасевамі, якія даюць магчымасць нарыхтаваць першы корм з азімых да пачатку касьбы шматгадовых траў – гэта выдатная дапамога для забеспячэння жывёлы якасным кормам.
Упартай працай рассветаўцы закладваюць ўраджай, і надвор’е ім спрыяе – гэта пакуль галоўнае.
Усе астатнія аспекты аграрыі трымаюць пад кантролем.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.