Справаздачны сход акцыянераў прайшоў у Кіраўскім РАПТЗ

На справаздачным агульным сходзе акцыянераў, які прайшоў у ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэннне”, працаўнікі таварыства падвялі вынікі вытворча-фінансавай дзейнасці за 2022 год, адзначылі поспехі, не абмінулі ўвагай недахопы, акрэслілі бліжэйшыя перспектывы развіцця, намецілі канкрэтныя задачы.

Як удалося спрацаваць калектыву РАПТЗ ў мінулым годзе па ўсіх пазіцыях расказаў яго дырэктар Лявонцій Кушавараў. “Сельскагаспадарчая дзейнасць, – адзначыў ён, – з’яўляецца асноўнай крыніцай развіцця і фінансавай дзейнасці таварыства. За справаздачны год выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў і паслуг склала 15 млн. 315 тыс. руб., з якой на сельгасвытворчасць прыходзіцца львіная доля – 14 млн. 183 тыс. руб. ці 92,6%”.

Як было заўважана, практычна ўсе работнікі прадпрыемства, якія працавалі на палях, з поўнай адказнасцю падышлі да выканання штодзённых задач, і гэта, у сваю чаргу, дало магчымасць атрымаць дастойны ўраджай. У параўнанні з 2021 годам павялічыўся намалот амаль усіх культур. Удалося сабраць больш збожжавых і зернебабовых, масланасення рапсу, цукровых буракоў. Аднак кіраўніцтва РАПТЗ адзначыла недастатковую работу па вырошчванні кукурузы на зерне, і гэтую пазіцыю неабходна будзе паправіць.

Значная ўвага ў раслінаводстве на прадпрыемстве надаецца стварэнню ўстойлівай кармавой базы для развіцця жывёлагадоўлі. Летась працаўнікі РАПТЗ належным чынам правялі корманарыхтоўку для грамадскага пагалоўя: забяспечанасць кармамі на адну ўмоўную галаву склала 34,5 ц к.адз., што на 1,5 ц к.адз. больш, чым летась, і гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне.
Як заўважыў Лявонцій Кушавараў, вытворчасць раслінаводчай прадукцыі – гэта практычна круглагадовы працэс. Таму прадпрыемства ў поўным аб’ёме выканала компллекс асенне-палявых работ, зараз на палі вывозяцца і ўносяцца арганіка і мінеральныя тукі, выконваюцца работы па вапнаванні глебы, сельгасвытворцы актыўна рыхтуюцца распачаць веснавую палявую кампанію.
На долю жывёлагадоўлі ў агульнай выручцы ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі прыйшлося 63% ці, калі казаць больш проста, гэта асноўны даход таварыства. У мінулым годзе было надоена 7099 т малака, надой на адну карову склаў 6448 кг. Прыбытак ад рэалізацыі – 1 млн. 497 тыс. руб. пры рэнтабельнасці 28,7%. Аднак, як заважыў Лявонцій Кушавараў, спецыялістам і жывёлаводам ёсць над чым працаваць у плане выканання неабходных мерапрыемстваў для атрыманння больш эфектыўных паказчыкаў у галіне.

Як і раней, летась таварыства, акрамя вытворчасці сельгаспрадукцыі, ажыццяўляла рамонт, тэхнічнае абслугоўванне трактароў, энерганасычанай сельскагаспадарчай тэхнікі, рамонт вузлоў і агрэгатаў, паліўнай апаратуры, якія паступалі з раёнаў Магілёўшчыны. Усе структурныя падраз-
дзяленні спрацавалі без страт. Гэтаму садзейнічаў рост аб’ёму выкананых работ па рамонтнай майстэрні, рамонтна-механічным цэху, механізаваным атрадзе, аўтапарку, тэхнічным сервісным цэнтры.
Былі агучаны задачы і накірункі дзейнасці прадпрыемства на перспектыву. Лявонцій Ціханавіч падкрэсліў, што ў няпростых эканамічных умовах калектыў павінен знайсці шляхі для росту аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі і паслуг, каб прадпрыемства дынамічна развівалася, а працаўнікі мелі дастойную заработную плату.
Словы ўдзячнасці ад кіраўніцтва прагучалі ў адрас прадстаўнікоў усіх сфер дзейнасці таварыства за іх добрасумленную працу. Шэраг з іх падчас сходу атрымалі ўзнагароды і грашовыя прэміі.
З працоўнымі дасягненнямі калектыў таварыства павіншаваў першы намеснік – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандр Кісялёў, які адзначыў, што працаўнікі РАПТЗ на справе даказва-
юць, што ўмеюць працаваць па-сучаснаму, эфектыўна і ініцыятыўна. Ён уручыў узнагароды раённага выканаўчага камітэта лепшым работнікам: Ганаровых грамат удастоены галоўны механік Святаслаў Русецкі, трактарыст-машыніст Андрэй Хлапкоў, Падзяка аб’яўлена вадзіцелю Юрыю Фіневічу.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Сакадынец падзякавала працаўнікам за іх штодзённую карпатлівую працу і ўручыла ўзнагароды
ад райсавета дэпутатаў: Падзяка аб’яўлена намесніку галоўнага бухгалтара Ганне Капцеевай (на здымку) і жывёлаводу Ганне Катомкінай.
Яшчэ двое прадстаўнікоў РАПТЗ былі адзначаны Ганаровымі граматамі ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Аграмашсервіс”. Генеральны дырэктар кампаніі Вячаслаў Сасноўскі ўручыў іх галоўнаму інжынеру Аляксандру Юшкевічу (на здымку) і начальніку аўтатранспартнай базы Дзмітрыю Зямцову.
Віктар Ставер уручыў Ганаровыя граматы раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК інжынеру па ахове працы Уладзіміру Сгібневу і жывёлаводу Святлане Русіновіч.
Для прысутных быў арганізаваны канцэрт сіламі прадстаўнікоў раённага Цэнтра культуры і вольнага часу.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.