Сяўба азімага рапсу з захаваннем тэхналогіі

На палях яшчэ стракочуць камбайны, вялікагрузныя машыны даверху напоўненыя залацістым збожжам спяшаюцца на сушыльныя комплексы, а на палетках ужо зноў зярняткі кладуцца ў свежаўзараную глебу – пачынаецца пасяўная кампанія ўраджаю 2026 года.

На бягучым тыдні на базе ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” прайшоў абласны семінар “Сяўба азімага рапсу пад ураджай 2026 года”, удзел у якім прынялі намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Яўген Сіманькоў, старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, спецыялісты ўпраўленняў райсель гасхарчаў і кіраўнікі сельгасарганізацый Кіраўскага,
Бабруйскага, Асіповіцкага і Глускага раёнаў. Месцам правядзенння семінара было абрана адно з палёў “Рассвета”, дзе аграрыі ўжо падрыхтавалі глебу і прыступілі да сяўбы азімага рапсу. Звяртаючыся да прысутных, Яўген Сіманькоў адзначыў, што сёлетні год даволі ўраджайны для вырошчвання азімага рапсу, але высокія намалоты атрымалі не ва ўсіх раёнах вобласці. Сярод асноўных прычын недабору – невыкананне тэхналогіі вырошчвання рапсу. Таму падчас семінара былі падрабязна разгледжаны ключавыя этапы вырошчвання гэтай культуры. Яўген Сіманькоў нагадаў, што аптымальныя тэрміны сяўбы азімага рапсу – першая-другая дэкада жніўня, канчатковы тэрмін – да 20 жніўня. Пры гэтым увагу трэба звяртаць на гібрыды і гатунак насення, бо яны маюць розныя тэрміны сяўбы.

– Рапс – адна з найбольш прыбытковых культур, якая дазваляе сельгасарганізацыям атрымаць неблагі грашовы прыбытак, а таксама забяспечыць жывёла гадоўлю карыснай крыніцай бялка, – адзначыў Яўген Аляксандравіч. – Каб вырасціць добры ўраджай, трэба вытрымліваць тэхналогію, бо культура гэта даволі патрабавальная для вырошчвання. Улічваючы спрыяльныя ўмовы надвор’я, калі дажджы намачылі глебу, вельмі важна не губляць час і максімальна эфектыўна выкарыстаць яго для правядзення пасяўных работ. У цэлым аб гатоўнасці сельгасарганізацый Кіраўшчыны да сяўбы азімага рапсу пад ураджай 2026 года расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Сяргей Дарожкін.
– У бягучым годзе ў раёне плануецца пасеяць азімы рапс на плошчы 3600 га, – адзначыў Сяргей Анатольевіч. – Яго вырошчваннем займаюцца ўсе сельгасарганізацыі. У цэлым усё, каб правесці сяўбу ў аптымальныя тэрміны – з 5 па 20 жніўня, у гаспадарак ёсць: падрыхтавана тэхніка, рыхтуецца глеба, уносяцца мінеральныя ўгнаенні, актыўна ідзе закуп якаснага насення. З агульнай колькасці запланаваных да пасеву плошчаў на 2700 га будуць пасеяны гібрыды, на астатніх – эліта. Глебу для сяўбы рыхтуюць згодна тэхналагічных патрабаванняў – не раней чым за суткі да пачатку сяўбы рапсу, каб не згубіць неабходную культуры вільгаць.

Пытанні абароны крыжакветных культур у асенні перыяд агучыў у сваім выступленні аграном па абароне раслін ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Андрэй Скраблевіч. Ён адзначыў, што ў “Рассвеце” вырошчванню азімага рапсу надаецца асаблівая ўвага. Уся тэхналогія ад пачатку сяўбы і да ўборкі азімага рапсу строга захоўваецца.

– Важкі ўраджай можна атрымаць, калі пасеяць рапс у аптымальныя тэрміны, рацыянальна і свое часова правесці ўнясенне неабходных угнаенняў, – адзначыў аграном. – І самае важнае – своечасова правесці абарону культуры ад шкоднікаў і хвароб. Менавіта з гэтых фактараў і складаецца высокая ўраджайнасці гэтай алейнай культуры. ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” мае ўласную лінію па перапрацоўцы рапсу, якая дазваляе гаспадарцы мець высокую рэнтальнасць вырошчвання гэтай культуры. Жмых ад перапрацаванага зерня з’яўляецца карыснай высокабялковай кармавой дабаўкай для грамадскага статка буйной рагатай жывёлы. На полі, дзе праходзіў семінар, была арганізавана практычная частка мерапрыемства: для прысутных былі арганізаваны працэсы настройкі і рэгуліроўкі тэхнікі і пасяўных агрэгатаў падчас сяўбы. Спецыялісты падрабязна спыніліся на кожным тэхналагічным моманце, захаванне якіх дазволіць пазбегнуць памылак пры сяўбе. Таксама ўдзельнікі семінара мелі магчымасць абмяняцца меркаваннямі і вопытам вырошчвання азімага рапсу.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара і Алесі БАГДАНАВАЙ.