Тэхнікі-асемянатары прадэманстравалі грунтоўныя веды

На базе КСУП “Чырвоны баец” прайшоў штогадовы раённы конкурс тэхнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы, арганізаваны ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама сумесна з ДУСВП «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства».
Правядзенне раённага конкурсу дае магчымасць тэхнікам-асемянатарам не толькі прадэманстраваць сваё прафесійнае майстэрства, але і пераняць вопыт у калег, атрымаць каштоўныя рэкамендацыі ад абласных спецыялістаў.

Як адзначыла начальнік філіяла ДУСВП «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства» па Кіраўскім раёне Галіна Шкрабава, галоўнае прызначэнне конкурсу – павышэнне прафесійнага майстэрства і павелічэнне прэстыжу адной з самых запатрабаваных у жывёлагадоўчай галіне прафесій.
На малочнатаварных комплексах і фермах раёна працуе 24 тэхнікі-асемянатары, удзел у конкурсе прыняло 17.
Ацэньвала веды і навыкі канкурсантаў кампетэнтнае журы, у якое ўвайшлі начальнік аддзела па ўзнаўленні ДУСВП «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства» Алена Маслак і Галіна Шкрабава.
Са словамі прывітання да ўдзельнікаў конкурсу звярнуўся першы намеснік старшыні –
начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Дарожкін. Ён адзначыў, што прафесія тэхніка па штучным асемяненні БРЖ – адна з самых важных у жывёлагадоўлі. Менавіта ад работы гэтых спецыялістаў залежыць будучы патэнцыял малочнага статка сельгаспрадпрыемства: вышэйшы выхад цялят, надоі.
– Менавіта ў тых гаспадарках, дзе ёсць кваліфікаваныя, адказныя і добрасумленныя тэхнікі-асемянатары, як правіла, работа па ўзнаўленні статка знаходзіцца на высокім узроўні, – адзначыў Сяргей Анатольевіч. – Спецыялісты, якія не лічацца з уласным часам, граматна арганізоўваюць сваю работу, маюць паспяховыя расцёлы, высокую захаванасць маладняку, а гаспадаркі – атрымліваюць малако і мяса. Усё гэта дазваляе стабільна развіваць эканоміку сельгасарганізацый, павышаць дабрабыт працаўнікоў.
Традыцыйна конкурс складаўся з тэарэтычнай і практычнай частак. Майстэрства ўдзельнікаў члены камісіі ацэньвалі па некалькіх крытэрыях: веданне пытанняў правільнай арганізацыі свайго працоўнага месца, падрыхтоўкі інструментаў да асемянення, адтайвання і вызначэння якасці семені пад мікраскопам. Ацэньвалі правільнасць вядзення журналаў ацёлаў і асемянення буйной рагатай жывёлы, іншай неабходнай дакументацыі. Браліся ў разлік і вынікі работы за мінулы год. У сваіх адказах спецыялісты паэтапна апісвалі кожны крок, бо гэта работа не даруе абыякавасці.
І хаця строгае журы за любую памылку зніжала балы, агульныя вынікі ведаў, прадэманстраваныя тэхнікамі- асемянатарамі, аказаліся даволі высокімі.
Падвядзенне вынікаў праходзіла ўрачыста. Алена Маслак адзначыла добрую падрыхтоўку і навыкі канкурсантаў і падкрэсліла, што ў гэтай прафесіі павінны быць людзі, адданыя ёй цалкам, якія разумець усю важнасць свайго ўкладу ў справу развіцця жывёлагадоўлі. Па яе словах, з кожным годам тэхнікі-асемянатары Кіраўшчыны дэманструюць усё больш трывалыя і дасканалыя веды, практычныя навыкі.
Па выніках конкурсу – пераможцам прызнаны Сяргей Герасімовіч з ААТ “Дабаснянскае”, другое месца – у Сяргея Стральцова з ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. Трэцяе месца прысуджана адразу двум удзельнікам: Таццяне Шчэрбіч з СВК “Бераснёўскі” ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш” і Васілю Фядотаву з КСУП “Барчыцы-агра”.
Дарэчы, сёлетнія пераможцы на працягу апошніх гадоў у гэтым конкурсе заўсёды ўваходзяць у тройку лідараў, гэта сведчыць аб адказнасці і стараннасці спецыялістаў, іх трывалых ведах і адданасці сваёй справе.
Першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Дарожкін павіншаваў пераможцаў з добрымі вынікамі і ўручыў ім Ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі.
Каштоўнымі падарункамі ДУСВП «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства» за шматгадовую добрасумленную працу адзначана Людміла Пятруша з ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” і Алена Малахоўская з КСУП “Ніва-Барсукі”. Памятныя падарункі былі ўручаны: за добрасумленную працу і высокую нагрузку – тэхніку-асемянатару КСУП “Чырвоны баец” Анжэле Кузьміч, самаму вопытнаму працаўніку са стажам работы больш за 20 гадоў Юліі Пархімчык з КСУП “Жылічы”. За старанныя адносіны да даручанай справы і як самы малады спецыяліст быў узнагаро- джаны Дзмітрый Андрыеўскі з СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”.
Акрамя таго, падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства.
Наперадзе ў пераможцаў раённага этапа падрыхтоўка і ўдзел у абласным конкурсе тэхнікаў-асемінатараў, дзе яны будуць абараняць гонар нашага раёна.
Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.