У чарадзе веснавых клопатаў. Раннюю яравую сяўбу завяршылі земляробы КСУП «Чырвоны баец»

Упрэўнена вядуць веснавую палявую кампанію аграрыі КСУП “Чырвоны баец”. Прамарудзіць з тэмпамі, не ўкласціся ў аптымальныя тэрміны – значыць, недабраць ураджаю і адпаведна не далічыцца пэўных фінансавых сродкаў. Гэтую няпісаную формулу добра ведаюць у сельгаспрадпрыемстве, таму імкнуцца выкарыстаць кожную спрыяльную хвіліну, каб правесці своечасова і якасна ўсе палявыя работы.
Мы наведалі гаспадарку напрыканцы мінулага тыдня. Своеасаблівую экскурсію па мясцовых палетках для карэспандэнта “раёнкі” на імклівай “Ніве” арганізавалі галоўны аграном Сяргей Глушакоў і шматгадовы нязменны брыгадзір Фёдар Еўдакімаў – каму як не ім дакладна валодаць сітуацыяй і заадно, у каторы раз за дзень, “праверыць пасты”.
Аднак на “пастах”, працэс быў наладжаны належным чынам, у чым можна было ўпэўніцца. Кожны механізатар на сваім участку выконваў даручанае заданне дакладна і старанна. І тут усё зразумела: практычна ўсе – вопытныя знаўцы земляробскай справы.
Сяўбу збожжавых вялі ў гэты дзень адразу на двух участках: на адным – Аляксей Масюковіч, пасяўны агрэгат якога запраўляе яго аднафамілец Аляксандр Масюковіч, на другім – Аляксандр Макаронак, якому дастаўляе і загружае насенне Юрый Іваніцкі. Рыхтуюць глебу пад сяўбу культыватарамі Валерый Дырыкаў і Яўген Кандраценка.
Як адзначылі тэхнолагі палёў, раннімі яравымі ў гаспадарцы будзе засеяна 323 га. З іх – 185 га зойме ячмень, прычым 92 га – піваварны, ураджай якога будзе накіраваны ў кошт дзяржзаказу. Астатнія плошчы зоймуць зернебабовымі культурамі.
Ворыва пад сяўбу кукурузы і цукровых буракоў вядзе вопытны механізатар, адзін з лідараў працоўнага спаборніцтва ў раёне на розных работах Дзмітрый Аляксееў. Поле за ім – баразна ў баразну, нібыта пад лінейку. Дарэчы, “царыца палёў” раскінецца ў “Чырвоным байцы” на 570 га, з іх 105 га – на зерне. А салодкія карані плануецца размясціць на 275 га. Плюс упершыню гаспадарцы даведзены план вырасціць на 5 га сталовыя буракі.
Глеба пад кукурузу ўгнойваецца арганікай. Унесена яе 22185 т. На гэтым участку працуе цэлая брыгада. На пагрузчыку “Амкадор” задзейнічаны Сяргей Барадзін. Уносяць угнаенні Дзяніс Казанцаў і Сяргей Бяляўскі. Не абыходзіцца палявая кампанія і без увагі жанчын. Улік рэйсаў і танаж унесенай арганікі уважліва вядзе ўчотчык Паліна Буднікава.
Па словах мясцовых спецыялістаў, добрымі выйшлі з зімоўкі азімыя культуры. Ім, безумоўна, адразу ж пастараліся надаць росту і сіл. Першая падкормка была праведзена на 900 га, зараз вядзецца другая – па зазелянелай руні жыта і крыжакветных. На гэтым участку старанна працуюць Аляксандр Сіндараў і Віктар Аляксееў.
Як нам паведамілі ў сельгаспрадпрыемстве ў панядзелак, план па сяўбе ранніх яравых культур за выхадныя ўжо закрыты на 100%. Увага пераключаецца на сяўбу цукровых буракоў. Час не чакае!..
Аляксандр ХАХЛОЎ.
На здымку ўварсе: на сяўбе яравых зтаранна працуюць Аляксандр і Аляксей Масюковічы.
Фота аўтара.



