У кагорце тысячнікаў – папаўненне!

Хлебаробы КСУП “Жылічы” – збожжаўборачны экіпаж у саставе Уладзіміра Бычкова і Алега Сазонава – намалацілі больш за тысячу тон збожжа. Таксама працоўная перамога ў тысячу тон збожжа, перавезенага ад камбайнаў, на рахунку маладога вадзіцеля сельгаспрадпрыемства Рамана Шараметы.
Лідараў Жніва-2024 ушанавалі па традыцыі на рабочых месцах – у полі паміж вёскамі Дубавое і Баркі працаўнікі гаспадаркі абмалочвалі трыцікале.
Віншаванні і падзяку за пачэсную нялёгкую працу хлебаробы прымалі ад першага намесніка – начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргея Дарожкіна, дырэктара КСУП “Жылічы” Уладзіміра Пятрова, спецыяліста райкама прафсаюза работнікаў АПК Ларысы Ярковіч, старшыні прафкама гаспадаркі Зінаіды Кісялёвай.
Для Уладзіміра Бычкова сёлетняе жніво 39-е па ліку. Хлебаробскую справу ён пачынаў асвойваць адразу пасля школы. Адпрацаваўшы два сезоны, прызваўся на вайсковую службу. Яму давялося прайсці суровымі сцежкамі баявых дзенняў у Афганістане. Вось дзе закаліўся характар, выхаваліся цвёрдасць і мэтанакіраванасць. У рабоце яго адрозніваюць высокая дысцыплінаванасць і адказнасць, лідарскія якасці.
Пасля службы ў арміі вярнуўся на Радзіму. З тых пор кожнае лета для яго сімвалізуецца з уборкай збажыны. Уладзімір Ільіч не ўяўляе, што можа быць па-іншаму. За сваю працоўную біяграфію шчыраваў на рознай збожжаўборачнай тэхніцы: “Ніва”, “Дон”, “Палессе”. Па словах хлебароба, кожнае жніво мае свае асаблівасці, усюды трэба прыкласці намаганні, без адпаведнага ўкладу ва ўраджай, не будзе аддачы. Яго напарнік Алег Сазонаў працуе ў “Жылічах” слесарам, а падчас уборачнай кампаніі садзіцца за штурвал камбайна.
Да добрасумленных вопытных працаўнікоў цягнецца і моладзь. Раман Шарамета не першы год на ўборчанай і не першы раз у лідарах. Сам родам з Жыліч. Пасля заканчэння мясцовай школы прадоўжыў вучобу ў Жыліцкім сельгаскаледжы, адслужыў у арміі і з 2020 года працуе вадзіцелем у КСУП “Жылічы”. Жыццёвым арыенцірам для Рамана з’яўляецца народная прыказка “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”.
Па стане на ўчарашнюю раніцу, 5 жніўня, ў КСУП “Жылічы” было ўбрана 90% пасяўных плошчаў. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Пятроў адзначыў, што ўдзельнікі Жніва-2024 працуюць зладжана, з поўнай аддачай і разуменнем таго, што хлеб трэба ўбраць якасна, у трэмін і без страт.
Яўгенія БЯЛЬКО. Фота аўтара.