Убраць ураджай своечасова і без страт імкнуцца хлебаробы КСУП «Барчыцы-агра»

Убраць ураджай своечасова і без страт – такую задачу паставілі перад сабой кіраўніцтва і працаўнікі КСУП «Барчыцы-агра». Зараз тут завяршаюць уборку азімага ячменю, які займаў 50 гектараў.
Работы вядуцца з раніцы і да змяркання, механізатары разумеюць, што дапусціць недабору ўраджаю нельга. Якасна сабраць ураджай – значыць пасадзейнічаць паляпшэнню фінансава-эканамічнага стану гаспадаркі, дабрабыту яе працаўнікоў.
Як адзначыў намеснік дырэктара КСУП «Барчыцы-агра» Аляксандр Трафімаў, сёлетняе надвор’е ўнесла свае карэктывы: уборачную распачалі раней звычайнага, але да гэтай адказнай кампаніі падрыхтаваліся. Як толькі падаспела зерне азімага ячменю, на палеткі выйшлі ўсе чатыры камбайны. На жаль, спякота не дазволіла наліцца коласу, але і тое, што вырасла, тут збіраюць да кожнага зярнятка. Азімы ячмень займаў плошчу ў 50 га, лепшыя палі давалі на круг па 30 і больш ц/га, тыя што «падгарэлі» – па 25 ц/га.
Увесь сабраны ўраджай дастаўляецца на сушыльную гаспадарку. Калі зверху не пакапае дожджык, то зерне практычна сухое, застаецца яго толькі ачысціць ад смецця і прымесяў. Увесь сабраны ўраджай ячменю засыпаюць у засекі. Як патлумачыў Аляксандр Васільевіч, у сёлетнюю восеньскую палявую кампанію ў гаспадарцы плануюць значна павялічыць пасяўныя плошчы пад азімы ячмень, таму ўвесь сабраны ўраджай пасля праверкі на ўсходжасць будзе выкарыстоўвацца на насенне.
Зараз на ўборачных работах задзейнічаны 4 камбайны і 4 машыны на адвозцы. Па словах намесніка дырэктара, такой колькасці тэхнікі дастаткова, каб уборачны канвеер не прыпыняўся ні на хвіліну.
Старанна працуюць на жніве хлебаробы КСУП «Барчыцы-агра». Усе ўдзельнікі ўборачнага канвеера імкнуцца ўнесці свой уклад у агульны хлебны каравай.
Задаволена працай механізатараў, занятых на жніве, кіраўніцтва гаспадаркі. Працуюць людзі сумленна, нікога не трэба ні падганяць, ні лішні раз кантраляваць.
Несумненна, падчас уборачнай кампаніі найбольшая адказнасць кладзецца на плечы камбайнераў. Механізатарскае звяно, а ў большасці сваёй гэта людзі, за плячамі якіх не адна ўборачная кампанія, адносяцца да правядзення работ з асаблівай адказнасцю. Ніхто не лічыцца з уласным часам, разумее, што ўбраць вырашчанае трэба максімальна хутка, не дапусціць страт ураджаю.
У ліку лідараў на жніве не першы год Дзмітрый Іваноў: спецыяліст ён вопытны і адказны. Дзмітрый Лявонавіч у гаспадарцы больш за 30 гадоў. За гэты час праз яго рукі прайшлі сотні тон намалочанага залацістага зерня. Сёлета яму даверылі новы камбайн. Як адзначыў Дзмітрый Іваноў, гэта ўжо чацвёрты агрэгат за ўсю яго хлебаробскую справу. Нягледзячы на тое, што да тэхнікі механізатар ставіцца па-гаспадарску, свой рэсурс камбайны выпрацоўваюць хутка.

Ёсць у гаспадарцы і сямейныя дынастыі: не першы год працуюць разам на жніве бацька і сын Фёдар і Яўген Анісімавы. Старэйшы – камбайнерам, малады – вадзіцелем. Яшчэ на дзвюх камбайнах шчыруюць Валерый Чабатар і Раман Белаглазаў.
Старанна працуюць вадзіцелі Леанид Арцёмаў, Ігар Шмялёў, Мікалай Плесуноў.
Ад камбайнаў збожжа дастаўляецца на перапрацоўку. Трэба сказаць, што на ачышчальна-сушыльным комплексе гаспадаркі, за бесперабойную работу якога адказвае Васіль Краўчанка, робяць усё магчымае, каб зерне было якасна дапрацавана. Паклапаціліся тут і пра надзейныя аператарскія кадры: літаральна на днях пасля праходжання навучання прыступіў да работы Аляксандр Кавалёў.
Наступным аб’ектам жніва стане азімы рапс, які займае плошчу ў
117 га. Туды, дзе культура ўжо выспела, і плануецца пераганяць тэхніку. Справа ў тым, што з-за спякотнага надвор’я культура паспявае нераўнамерна: дзесьці яшчэ стаяць зялёныя расліны, а месцамі – ужо падгараюць.
На працягу ўсяго светлавога дня не змаўкае на палетках гул камбайнаў і грузавых машын, амаль круглыя суткі круцяцца механізмы і агрэгаты сушыльнай гаспадаркі – уборачны канвеер з кожным днём набірае
абароты.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.
На верхнім фота: ход уборачнай кампаніі абмяркоўваюць намеснік дырэктара Аляксандр Трафімаў (справа) і камбайнер Дзмітрый Іваноў.