Весткі з палёў

Як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, на раніцу 1 жніўня аграрыі Кіраўшчыны сабралі 40877 тон збожжавых и зернебабовых, 11215 тон рапсу.
Ускладняюць умовы ўборачнай дажджы. Працаўнікі вёскі літаральна ловяць кожную пагодную хвіліну. Аднак не губляюць аптымізму і ўсімі сіламі стараюцца якасна і ў тэрмін убраць з палеткаў вырашчаны ўраджай.
Абмалочана 11406 га пасяўных плошчаў збожжавых и зернебабовых – гэта 71% ад плана. Сярод сельгасарганізацый раёна на ўборцы лідзіруюць КСУП “Чырвоны баец” (убрана 86% пасяўных плошчаў), СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт” (82%) і філіял СПК “Бераснёўскі” ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш” (80%).
У раёне завяршылі масавую ўборку азімага рапсу, азімага ячменю, аўса.
Адначасова з абмалотам вядзецца ўборка саломы – убрана 41% ад скошаных плошчаў.
Паралельна са жнівом працягваюцца работы па нарыхтоўцы травяных кармоў. Усяго нарыхтавана 32316 тон кармавых адзінак (40% ад задання), што на адну ўмоўную галаву складае 12,24 цэнтнера кармавых адзінак. Гэта на 2,07 ц к. адз. больш да ўзроўню 2023 года.