Вызначаны перспектывы росту ў СВК «Бераснёўскі» на справаздачным сходзе

Справаздачны сход па выніках работы за 2022 год адбыўся ў філіяле СВК “Бераснёўскі” ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш”.
Прааналізаваў дзейнасць сельгасарганізацыі за мінулы год яе дырэктар Аляксей Арцёмчык. Як было адзначана ў дакладзе, сельгасвытворцы змаглі дабіцца пэўных поспехаў, але, разам з тым, не абышлося без недахопаў і нявыкарыстаных рэзерваў.

Што датычыцца фінансавай дзейнасці, бераснёўцам удалося спрацаваць з “плюсам” у параўнанні з папярэднім годам: выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг склала 3356 тыс. руб. (+263 тыс. руб. ці 108,5%), прыбытак ад рэалізацыі склаў 148 рублёў, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі – 4,4% (у 2021 г. – 4,0%).
У жывёлагадоўлі – асноўнай крыніцы даходаў гаспадаркі – павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы на 1,7% да ўзроўню 2021 года. Прыплод цялят склаў 815 галоў. У мінулым годзе валавы надой малака склаў 2482 т, таварнасць – 81,6%. Рэалізавана яго 2025,5 т – усё гатункам “экстра”. У разліку на адну карову за год надоена па 4317 кг малака. У раслінаводстве павялічыўся валавы збор збожжавых і зернебабовых і іх ураджайнасць, пад патрэбу нарыхтавалі кармоў для грамадскага статка.
Аднак кіраўнік гаспадаркі адзначыў, што разам з “плюсамі” не абышлося і без пэўных праблем. Не апраўдаліся спадзяванні, звязаныя з вырошчваннем кукурузы, што не дазволіла істотна палепшыць і разнастаіць кармавы рацыён грамадскага статка і палепшыць паказчыкі ў жывёлагадоўлі.
Філіялам СВК “Браснёўскі” распрацаваны план развіцця сельгасарганізацыі на бягучы год, з якім Аляксей Арцёмчык пазнаёміў удзельнікаў сходу. У прыватнасці, плануецца павялічыць выручку ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг за кошт некалькіх пазіцый, адна з якіх – павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі малака. З гэтай мэтай пастаўлена задача заняцца ўшчыльную кармавой базай, будуць падсеяны шматгадовыя травы на 217 га, на 200 га плануецца перазалужэнне, павялічэнне аб’ёмаў кукурузнага сіласу.
Таксама запланавана павялічэнне аб’ёмаў вытворчасці збожжавых і зернебабовых за кошт вырошчвання больш ураджайных культур, для гэтага перагледжана структура пасяўных плошчаў.
Вялікая ўвага ў гаспадарцы надаецца рабоце з кадрамі. За мінулы год большасць вакансій спецыялістаў была закрыта.

За штодзённую працу падзякаваў працаўнікам СВК “Бераснёўскі” першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандр Кісялёў. Ён вылучыў тыя паказчыкі ў сельгасвытворчасці, па якіх работнікі гаспадаркі дабіліся павелічэння, аднак, і заўважыў, што ў параўнанні з сярэднераённымі лічбамі бераснёўцам ёсць куды імкнуцца, у філіяла маецца шырокае поле дзейнасці і вялікі патэнцыял. Ён адзначыў, што кожны работнік на сваім месцы павінен працаваць на агульны рэзультат – і ён не прамарудзіць праявіцца.
Лепшыя працаўнікі сельгасфіліяла былі ўдастоены ўзнагарод за добрасумленную працу па выніках мінулага года. Аляксандр Кісялёў уручыў Ганаровыя граматы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама трактарыстам-машыністам Алегу Грынфельду, Сяргею Міхалапу, галоўнаму ветурачу Кірылу Бодыку. Шэрагу работнікаў, дасягнуўшых высокіх вытворчых паказчыкаў, Аляксей Арцёмаў уручыў Дыпломы сельгасарганізацыі і грашовыя прэміі.
Прысутных павіншавала з працоўнымі дасягненнямі старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш” Алена Ізварына. У рабоце сходу прыняў удзел намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і кадравай бяспецы “Бабруйскаграмаша” Дзмітрый Грачыха.
Падарункам для ўсіх прысутных стала канцэртная праграма ад артыстаў з Бабруйска.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.