Темы

Яблычны сезон набірае абароты

Яблычны сезон набірае абароты

У Беларусі планамерна развіваецца галіна садаводства, у прыватнасці – вырошчванне яблык: укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі, выводзяцца новыя гатункі, адаптаваныя да мясцовага клімату, устойлівыя да хвароб і маразоў. Садаводы ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» ідуць у нагу з часам.

Сярэдзіна жніўня і пачатак восені ў рассветаўскім садзе традыцыйна пахнуць свежымі яблыкамі. Іх прыемны водар стварае адчуванне спакою і бадзёрасці. Дарэчы, у ароматэрапіі яблык лічыцца сродкам, які дапамагае зняць стрэс, зараджае станоўчымі эмоцыямі і стварае адчуванне лёгкасці. А ўжо пра тое, што яблыкі для беларусаў – традыцыйная культура і казаць не трэба. Калі хочацца парадаваць сябе садавінай, вядома, перавагу аддаеш сваёй, айчыннай, вырашчанай у экалагічна бяспечных умовах.


Агульная плошча сада ў «Рассвеце» складае 145 гектараў, з якіх 115 занятыя пладаноснымі дрэвамі.
«Яблыні ў нас растуць пяцігадовыя і сямігадовыя, а самыя перспектыўныя дрэвы, якім 7–10 гадоў, займаюць 40 гектараў», – расказала галоўны спецыяліст прамысловага саду сельгаспрадпрыемства Алена Юркавец. Галіне раслінаводства яна прысвяціла больш за 40 гадоў, ведае ўсе тонкасці і сакрэты гэтай нялёгкай і далікатнай справы.
Асноўную стаўку рассветаўцы робяць на вырошчванне зімовых гатункаў яблыкаў, але ёсць і восеньскія, напрыклад, «Слава пераможцаў», трохі летніх – «Каваленкаўскае», «Жэнева», «Алена», якія ў гэтым сезоне ўжо сабраны і далі нядрэнную ўраджайнасць. Усяго ў «Рассвеце» выро­шчваюць каля дзесяці гатункаў яблыкаў. «Гісторыя садаводства ў нашай гаспадарцы бярэ свой пачатак у 1950-я гады, – прадоўжыла размову Алена Валер’еўна.Пачынаючы з 2000-х мы правялі маштабную мадэрнізацыю, заклалі новую частку саду ў Валасовічах, пачалі ўкараняць інтэнсіўныя тэхналогіі, у тым ліку сістэму кропельнага паліву. Сад – гэта жывы арганізм, які жыве па законах прыроды, патрабуе беражлівага стаўлення і пастаяннага планамернага абнаўлення».
У бліжэйшы час два ўчасткі агульнай плошчай 54 гектары падлягаюць раскарчоўцы і абнаўленню. Сёлета плануецца раскарчаваць 20 гектараў, на якіх пазней будзе высаджаны малады сад.
Інтэнсіўныя сады на шпалерах займаюць зараз 30 гектараў, 5 з якіх ужо ўступілі ў пару прамысловага плоданашэння. Шчыльнасць пасадак тут у некалькі разоў вышэй класічных стандартаў. Праз абавязковую сістэму кропельнага паліву дрэвам даецца падкормка, ўносяцца ўгнаенні і мікраэлементы. Інтэнсіўны ўчастак саду адрозніваецца стройнымі радамі, кожнае дрэўца падвязана на шпалеры з бамбука.
«Мы спрабавалі шпалеры з розных матэрыялаў, але на дадзены момант спынілі свой выбар менавіта на бамбукавых. Яны добра пераносяць любое надвор’е, не траўміруюць маладое дрэўца і даюць яму магчымасць вырасці і адужэць», – падзялілася Алена Юркавец.
Некалькі гадоў таму ў гаспадарцы заклалі свой гадавальнік. «Сучасныя тэхналогіі сапраўды палягчаюць нашу працу, але без любові да дрэва не будзе і добрага ўраджаю», – падкрэсліла вопытны садавод, адзначыўшы, што нягледзячы на ўсе дасягненні, душэўная сувязь з прыродай застаецца асноўнай у гэтай працы.


Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва гаспадаркі ў садаводаў ёсць уся неабходная тэхніка. Аднак каласальная частка работ па доглядзе за дрэвамі праводзіцца ўручную. Аснову калектыву садаводаў складаюць 16 чалавек. Сярод тых, чые рукі ў гэтыя дні беражліва здымаюць плады з галін, Аксана Жалдак, Таццяна Пячонка, Сяргей Плахотнікаў, Жанна Марцінкевіч, Валерыя Быкава. Калі надыходзіць пік масавай уборкі, да брыгады садаводаў далучаюцца рэсурсы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, байцы студатрадаў, дапамагаюць работнікі цяплічнага камбіната і сховішча.
Сабраны ўраджай рэалізуецца ў гандлёвых кропках, частка закладваецца на захоўванне, фарміруецца стабілізацыйны фонд. Дарэчы, магутнасць сховішча стабфонду складае 600 тон. Акрамя яблыкаў, у гаспадарцы таксама збіраюць чорную парэчку, вішню і чарэшню. На 9 гектарах парэчкі сёлета ўдалося сабраць каля 22 тон ягад. Вішня (1 гектар) і чарэшня (30 сотак) таксама прынеслі нядрэнны ўраджай.

Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Галіны РУСЕЦКАЙ.

Последние новости

Актуально

Уважаемые работники и ветераны органов государственной статистики!

23 августа 2026
Читать новость
Сельское хозяйство

Яблычны сезон набірае абароты

21 августа 2026
Читать новость
Профилактика и безопасность

«Дом без пожара» пройдёт в Кировске

21 августа 2026
Читать новость
РОВД

Мобильное приложение с «сюрпризом»

21 августа 2026
Читать новость
Актуально

Каравай – за стваральную працу

21 августа 2026
Читать новость
Актуально

«Экологическая культура — ответственность каждого»

20 августа 2026
Читать новость