Якасныя кармы – залог дабрабыту

Корманарыхтоўка, без сумненняў, адна з найважнейшых і адказных сельскагаспадарчых кампаній. Менавіта ад яе паспяховасці залежаць здароўе жывёлы, высокая прадуктыўнасць і фінансава-эканамічны дабрабыт сельскагаспадарчай галіны.
Аграрыі Кіраўшчыны актыўна ўключыліся ў касавіцу. Аднымі з першых да яе прыступілі працаўнікі ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне», пачаўшы касьбу ў пачатку мая. Свірэпіца і зялёнаўкоснае жыта былі скошаны адразу ж пасля дасягнення імі аптымальнай спеласці. Наступным этапам стала трамбоўка скошанай масы ў сянажныя траншэі, якая доўжылася з 9 па 11 мая. Намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы сельгаспрадпрыемства Алег Краўчанка адзначыў, што на сённяшні дзень паспяхова завершана закладка дзвюх ям аб’ёмам 624 тоны на МТФ «Любонічы» і 641 тона на МТК «Пацава Слабада-2». Актыўна вядзе нарыхтоўку кармоў ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага».

У «Рассвеце» прымяняецца ўнікальная методыка кулісных пасеваў, якая дазваляе павысіць ураджайнасць і палепшыць якасць будучага корму. Жыта і свірэпіца скошваюцца адначасова і змешваюцца падчас уборкі. У выніку атрымліваецца збалансаваны корм, бялковы састаў якога забяспечвае свірэпіца, а цукрамі ўзбагачае жыта.
Паводле слоў начальніка вытворчага ўчастка Ігара Шчэрбіча, падведамасны яму ўчастак 300 гектараў заняты вырошчваннем сумесі азімага жыта і свірэпіцы менавіта такім спосабам. Палосы засеяных азімых культур перамяжоўваюцца паміж сабой, утвараючы маляўнічыя пейзажы палёў, якімі немагчыма не захапляцца. Высокая шчыльнасць пасадак дае магчымасць эфектыўна выкарыстоўваць кожную сотку зямлі. Прычым пасля завяршэння касавіцы гэтыя плошчы адразу ж зойме кукуруза. Такім чынам, з аднаго поля ўраджай будзе сабраны двойчы за сезон.
Корманарыхтоўчая кампанія накіравана на вырашэнне мноства эканамічных пытанняў, пачынаючы ад скарачэння расходаў на набыццё на гатовых кармоў і заканчваючы павышэннем агульнай прадуктыўнасці і фінанса-эканамічнай ўстойлівасці гаспадаркі. Усвядомлены падыход да кожнага этапа гэтай складанай справы дапамагае аграрыям упэўнена глядзець у будучыню і забяспечваць жывёлагадоўчую галіну якаснымі кармамі.
Подробно в номере № 38 (10660).
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Алесі БАГДАНАВАЙ.