За кожным кубкам малака – добрасумленная праца

Раніцай, калі большасць з нас яшчэ толькі прачынаецца, на таварнай ферме «Стайкі» СГФ «Чыгірынка» РУП «Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт» ужо пачынаецца працоўны дзень. З шасці гадзін раніцы тут кіпіць жыццё: у адным з хлявоў цялятніца Таццяна Шаболда корміць і поіць сваіх падапечных – цялятак з першых гадзін жыцця да трох месяцаў. Зараз пад наглядам Таццяны Аляксееўны 260 цялят.

Яе штодзённыя прафесійныя абавязкі простыя па назве, але вельмі важныя па сэнсу: кармленне і выпайка, уборка ў боксах, строгі кантроль фізічнага стану жывёлы. Кожны дзень цялятніца сочыць
за тым, каб нованароджаным было цёпла, камфортна, бяспечна, каб яны атрымлівалі малако, ваду, камбікорм і сена – паступова, без рэзкіх пераходаў, каб не парушыць страваванне. Жывёлавод расказала, што выпойванне нованароджаных арганізавана тры разы на суткі, больш старэйшых, пасля 50 дзён ад нараджэння, – двойчы. Абавязкова выкарыстанне дабавак, захаванне гігіены і кантролю якасці корму. Усё гэта – залог набору вагі і, перш за ўсё, моцнага здароўя і ўстойлівага імунітэту жывёлы, якая расце і развіваецца.
Таццяна Шаболда працуе цялятніцай каля васьмі гадоў, раней была даяркай. Даверыць догляд за маленькімі цялятамі могуць толькі вопытным і добрасумленным людзям. Жывёлавод прызнаецца: да клопату аб цялятах у яе ляжыць душа. Любоў да справы прыйшла з дзяцінства – і бабуля, і маці даілі кароў, даглядалі маладняк, у іх хатняй гаспадарцы доўгі час была рагуля, і ўсё гэта навучыла абыходзіцца з жывёламі лёгка і з павагай.
Галоўны заатэхнік сельгасфіліяла Ганна Каліноўская расказала: «У гэтым хляве, разлічаным на 320 галоў, на пастаяннай аснове працуюць двое жывёлаводаў: у пары з Таццянай шчыруе Іван Гузялевіч, які адказвае за подсціл і больш цяжкую фізічную працу. Іх узаемная падтрымка і зладжанасць дзеянняў дазваляюць даглядаць цялят і выконваць усё неабходнае своечасова і якасна».
Правільны догляд за цялятамі – не проста руцінны клопат. Ад таго, як прайдуць першыя дні і тыдні іх жыцця, залежыць здароўе будучага статка, яго прадуктыўнасць і эканамічная ўстойлівасць гаспадаркі. «Добра дагледжанае цяля хутчэй набірае кандыцыю, радзей хварэе, дае моцных жывёл у будучым і ў канчатковым выніку ўплывае на якасць малака, якое трапляе на нашы сталы», – прадоўжыла Ганна Вадзімаўна.
Такія людзі, як Таццяна Шаболда – цярплівыя, уважлівыя і адданыя сваёй працы – штодня робяць вялікую і патрэбную справу. І менавіта дзякуючы іх рукам і працы забяспечваецца наша харчовая бяспека, ім на нашых сталах ёсць малако.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.