Задача дня – якасныя кармы

Менавіта такая карціна паўстала перад вачамі журналістаў раённай газеты, калі ў адзін з майскіх дзён яны завіталі на палеткі СВК “Бераснёўскі” ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш”.

Сёлета бераснёўцы аб’ядналі свае намаганні з калегамі з КСУП “Жылічы”. Галоўная мэта такой сумеснай работы – хутка скасіць травы, здрабніць іх і ў максімальна кароткі час даставіць і затрамбаваць кармы ў сянажныя траншэі. Справа ў тым, што каб атрымаць якасныя кармы, неабходна поўнасцю залажыць і затрамбаваць яму максімум за 3-4 дні. Таму і было прынята рашэнне стварыць аб’яднаны механізаваны атрад, у які ўваходзіць максімальная колькасць тэхнікі і механізатарскіх кадраў. Кіраўніцтва і працаўнікі абодвух сельгаспрадпрыемстваў, як ніхто іншы, разумеюць важнасць своечасовага і якаснага правядзення корманарыхтоўчай кампаніі: грамадскі статак у іх немаленькі, таму аграрыі імкнуцца з максімальнай аддачай выкарыстоўваць чалавечыя рэсурсы, магчымасці тэхнікі і пагодныя ўмовы.

Як адзначыў намеснік дырэктара СВК “Бераснёўскі” па сельскай гаспадарцы Сяргей Ласенка; такі спосаб арганізацыі работы дазволіў значна паскорыць тэмпы нарыхтоўкі кармоў. Адначасова працуе каля 15 адзінак тэхнікі: адны косяць, другія здрабняюць, трэція адвозяць, чацвёртыя трамбуюць.
Па словах спецыяліста, варта не прамарудзіць спрыяльны для ўборкі траў час, каб нарыхтаваць кармы з максімальным утрыманнем карысных рэчываў. У гэтым выпадку можна спадзявацца на важкія надоі і прывагі падчас будучай зімоўкі грамадскага статка. Усяго мясцовым корманарыхтоўшчыкам неабходна скасіць травы першым укосам больш чым на 1000 га.
Механізаваны атрад нарыхтаваў 730 т кармоў, якія заклалі з захаваннем усіх сучасных тэхналогій – у палімерныя рукавы. 1500 т – заклалі ў сянажную траншэю.
Сярод рулявых корманарыхтоўчых агрэгатаў – правераныя не адной палявой кампаніяй механізатары – Антон Трушкін і Алег Грынфельд. Шчыра кажучы, іх работай можна толькі любавацца: літаральна некалькі дзясяткаў метраў руху камбайнаў КЗР і КВК-800 (дарэчы, тэхніка добра падрыхтавана і працуе без збояў), і кузаў аўтамабіля ці трактара з горкай напаўняецца кормам.

Хутка дастаўляюць правяленую масу да месца трамбоўкі вадзіцелі і трактарысты: Аляксандр Жудро, Уладзімір Бакатовіч, Ігар Малееў, жылічанін Вадзім Узультуеў і іншыя.
Адказна шчыраваў на палетках СВК “Бераснёўскі” адзін з самых вопытных механізатараў КСУП “Жылічы” – Раман Канавалаў. Штогод старанная праца Рамана Пятровіча дазваляе яму на працягу ўсяго “зялёнага жніва” быць у лідарах раённага спаборніцтва. На касілках старанна працуюць і бераснёўскія механізатары – Дзмітрый Мялешкін, Сяргей Дрэнь і Яўген Міхалап.
Увесь працэс на сянажных траншэях кантралююць адказныя спецыялісты, а трамбоўку вядуць адны з самых вопытных трактарыстаў-машыністаў – Віктар Скрыпуноў і Міхаіл Быстроў. Да таго ж, у ветлабалаторыі робяць аналіз закладваемай зялёнай масы, па выніках якога ў тым ліку можна будзе прагназіраваць прадукцыйнасць дойнага статка.

Як адзначыў Сяргей Ласенка, сёлетняя корманарыхтоўчая кампанія праходзіць зладжана і планамерна, у чым значная заслуга надзейных механізатарскіх кадраў, адказных спецыялістаў. Кожны на сваім участку работы імкнецца працаваць добрасумленна. Таму ёсць спадзяванне, што кармы будуць нарыхтаваны з запасам і належнай якасці.
У сваю чаргу, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства праяўляе клопат аб працаўніках: прама на палеткі дастаўляюцца смачныя абеды, распрацаваны меры маральнага і матэрыяльнага заахвочання за своечасовае і якаснае правядзенне корманарыхтоўкі.
P.S. Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што зборны механізаваны атрад плануе прыступіць да корманарыхтоўкі на сельгаспалетках КСУП “Жылічы”.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.