Жнівеньскія клопаты аграрыяў

Увесь светлавы дзень на палетках сельгасарганізацый раёна не змаўкае гул тэхнікі: клопаты аграрыяў накіраваны на ўраджай наступнага года. Зараз актыўнымі тэмпамі распачалася сяўба азімых культур. У зладжаным рытме праходзяць работы ў КСУП “Ніва-Барсукі”. Здаецца, зусім нядаўна ніваўцы яшчэ ўбіралі збожжавыя, засыпалі залацістае зерне ў засекі, частку яго адпраўлялі ў залік дзяржзаказу. І вось ужо зноў зярняты роўнымі радамі кладуцца ў глебу, каб хутка апрануць палеткі ў яркую зеляніну маладых раслін. У мінулую пятніцу карэспандэнты “раёнкі” пабывалі на палетках сельгаспрадпрыемства і пацікавіліся не толькі вынікамі жніва, але і ходам пасяўной кампаніі, іншых палявых работ. Жніво-2024 парадавала ніваўцаў ураджаем збожжавых і зернебабовых: з 2100 га тут намалацілі 8887 т, што вышэй паказчыка мінулага года, сярэдняя ўраджайнасць склала 44,2 ц/га. Важкіх намалотаў дасягнулі на ўборцы азімай пшаніцы, якая на некаторых палетках дала на круг па 59-60 цэнтнераў.
Як адзначыў галоўны аграном КСУП “Ніва-Барсукі” Сяргей Сіўчыкаў, дабівацца высокіх вынікаў дапамагае строгае выкананне і захаванне агратэхнічных тэхналогій. Размяшчэнне культур ажыццяўляецца па неабходным папярэднікам, уносяцца ў глебу ўсе неабходныя ўгнаенні.
Якасць насеннага матэрыялу – залог высокага ўраджаю, гэта прапісная ісціна для кіраўніцтва і адказных спецыялістаў. Увесь неабходны запас насення – эліта і 1-я рэпрадукцыя. Зерне старанна правяраецца на ўсходжасць, а таксама на якасць пратручвання. Пры неабходнасці ніваўцы закупляюць насенне высокаўраджайных культур. Сёлета на палях будзе пасеяна некалькі новых гатункаў розных культур.
Надвор’е пакуль спрыяе земляробам, таму работы вядуцца шырокім фронтам, адразу на некалькіх участках.
“Пакуль што ў нас задзейнічаны адзін пасяўны агрэгат, – расказаў Сяргей Сіўчыкаў. – Нам яго хапае, каб праводзіць работы ў адпаведнасці з графікам. Пачнём сяўбу збожжавых, падключым да работы ячшэ дзве сеялкі”.
Зараз у гаспадарцы вядуць сяўбу рапсу, які плануецца размясціць на 600 га. Дарэчы сёлета гэтая маслянічная культура дала на круг па 32,9 цэнтнера, што дазволіла атрымаць неблагія дадатковыя грашовыя паступленні ў касу гаспадаркі.

Распачаць сяўбу азімых культур даверылі аднаму з самых вопытных і адказных механізатараў Генадзю Макаронку. На гэтых работах ён не першы год, заўсёды ў ліку перадавікоў і ўнутрыгаспадарчага, і раённага спаборніцтваў. Справу сваю ведае на выдатна: кіруе складанай тэхнікай з лёгкасцю, даглядае яе, не дапускае значных паломак. Пасяўныя работы механізатар выконвае хутка і якасна.
Як адзначыў сам Генадзь Макаронак, плённа працаваць яму дапамагаюць магутная і высокатэхналагічная машына, дасканала наладжаны працэс – ад падрыхтоўкі глебы да ўнясення неабходных угнаенняў. Да таго ж, поўнае разуменне і падтрымка з боку кіраўніцтва гаспадаркі. Асаблівую асалоду механізатар атрымлівае ад работы на магутным МТЗ-3522 беларускай вытворчасці: тэхніка надзейная, камфортная, у спякоту вельмі дапамагае наяўнасць кандыцыянера. Па словах Генадзя Рыгоравіча, электроннае абсталяванне трактара дапамагае з лёгкасцю праводзіць любы тэхналагічны працэс.
Не менш адказная задача падчас пасяўной – падрыхтоўка глебы. Менавіта ад якасці праведзенага дадзенага агратэхнічнага прыёму залежыць будучы ўраджай збожжжавых і зернебабовых. Даверылі гэтую справу Раману Канановічу, менавіта зараз ён даводзіць да ладу зямлю пад азімы рапс. На ўзворванні глебы заняты Аляксандр Якаўлеў і Юрый Сямёнаў. Уносіць угнаенні перад сяўбой рапсу Аляксандр Рымараў. Кожны з іх з разуменнем і адказнасцю выконвае даручаную справу, усведамляючы, што ў тым ліку і ад іх залежыць хлебны каравай 2025 года.
Паралельна з сяўбой вядуцца і іншыя сельскагаспадарчыя работы.

Ні на хвіліну не прыпыняецца працэс па прэсаванні саломы, якая адвозіцца да месцаў складзіравання. На вызваленыя палеткі адразу выходзяць трактары з глебаапрацоўваючымі агрэгатамі. Старанна працуюць на прэсаванні саломы Міхаіл Рымараў і Сяргей Гушчын. Дарэчы, апошні з механізатараў дагэтуль быў задзейнічаны на нарыхтоўцы сенажу ва ўпакоўку, якога назапашана ўжо 285 т.

Па словах Сяргея Сіўчыкава, вельмі радуюць сёлета пасевы кукурузы. Расліны месцамі вымахалі пад 2 метры ў вышыню, з моцнай зялёнай масай, якая стане добрым кормам для БРЖ. Дарэчы, ніваўцы ўжо на працягу некалькіх гадоў не ведаюць праблем з кармамі, іх заўсёды ў наяўнасці паўтарагадовы запас. Аб гэтым яны клапоцяцца з ранняй вясны і да позняй восені.

Усе работы ў ніваўцаў вядуцца ў адпаведнасці з планамі. Садзейнічае гэтаму адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў механізатарскіх кадраў. Многія з іх не адзін дзясятак гадоў прысвяцілі сябе нялёгкай земляробскай справе. З такімі надзейнымі кадрамі, упэўнены ў сельгаспрадпрыемствы, любыя задачы выканальныя.
На высокапрадукцыйную працу на палетках накіраваны меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Механізатары забяспечваюцца гарачым харчаваннем, яны поўнасцю ўкамплектаваны сродкамі індывідуальнай абароны і спецвопраткай.
З раніцы і да позняга вечара шчыруюць ніваўцы на палетках, каб забяспечыць высокія тэмпы работ, каб быў закладзены трывалы падмурак пад ураджай наступнага года.
Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.