Сямейная пара кіраўчан Яўгенія і Вікторыі Зайцавых напярэдадні Дня сям’і падзяліліся сакрэтамі свайго шчаслівага сямейнага жыцця

Шчаслівай можна назваць сям’ю, у якой пануюць любоў і згода, дзе кожны адчувае цеплыню і клопат родных, дзе можна памыліцца, але ведаць, што цябе зразумеюць і падтрымаюць. Пасля працы муж і жонка ў такой сям’і спяшаюцца дадому, а дзеці, як і належыць, бесклапотныя і гуллівыя.
Маладая гаспадыня лічыць, што ў кожнай сям’і сваё разуменне шчасця. Для кагосьці гэта вялізны дом з багатым інтэр’ерам, для іншых – дарагі аўтамабіль і магчымасць адпачываць у экзатычных краінах, а некаторыя шчаслівыя, калі родныя і блізкія людзі здаровыя, калі кожны дзень бачыш усмешкі сваіх дзетак і любоў у вачах мужа. Менавіта да апошніх яна адносіць і сябе.
Яўген і Вікторыя Зайцавы пазнаёміліся ў 2007 годзе, калі юнак разам з бацькамі пераехаў жыць з Хвайніцы ў Барчыцы. Там малады хлопец і сустрэў Вікторыю. Далікатная, са шчырай усмешкай і бліскучымі агеньчыкамі ў вачах дзяўчына Яўгену адразу спадабалася. Маладыя людзі пачалі сустракацца. Потым на нейкі час іх шляхі разыйшліся: Вікторыя паступіла ў педагагічны каледж у Рэчыцы, Яўген пасля вучобы ўладкаваўся працаваць на “Белшыну” ў Бабруйску. Пазней галава сям’і завочна скончыў БНТУ, Вікторыя – Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт. Але лёс – штука непрадказальная: нягледзячы на нячастыя сустрэчы, сапраўднае каханне ўсё ж такі напаткала іх, і, калі зразумелі, што не могуць існаваць адзін без аднаго – пажаніліся. Было гэта 13 гадоў таму. Зараз Яўген і Вікторыя выхоўваюць трох дачушак: старэйшай Насці ўжо 12, Марыі – 9, а самай малодшай Арыне сёлета будзе 6. Жанчына зараз працуе настаўнікам замежнай мовы ў Барчыцкай СШ, муж – слесар на “Белшыне”.
“Калі з Яўгенам стварылі сям’ю, – расказвае Вікторыя, – планавалі, што дзетак у нас будзе мінімум трое, бо ў мяне ёсць толькі сястра, у мужа – брат. Нашы дачушкі – сэнс жыцця, тыя светлыя праменьчыкі, што саграваюць душу, даюць надзею на насычаную яркімі падзеямі будучыню”.
Пасля вяселля маладая сям’я жыла пэўны час з бацькамі, пазней купілі ў Кіраўску дом, пераехалі. І адразу Яўген з Вікторыяй пачалі ўладкоўваць сваё сямейнае гняздзечка. Не без гонару жанчына адзначыла, што практычна ўсё ў іх доме зроблена рукамі Яўгена: ён – сапраўдны майстар і гаспадар.
Па словах Вікторыі, першае, з чаго пачалі, гэта значна павялічылі плошчу дома, каб дзеткам было ўтульна і камфортна. У кожнай дзяўчынкі свой пакой, ёсць месца для вучобы, адпачынку і гульняў. Усе трое – вельмі любяць спяваць, іграюць на фартэпіяна. З усмешкай маладая матуля адзначае, што практычна штодня ў іх доме гучаць песні пад караоке, і ніводнае свята і вяселле сваякоў не абыходзіцца без канцэртных нумароў яе артыстак. Свае музычныя і танцавальныя дадзеныя дзяўчынкі развіваюць наведваючы дзіцячую школу мастацтваў.
Вікторыя і Яўген з дзецьмі любяць бываць у прыгожых гістарычных і памятных мясцінах нашай краіны. Па словах жанчыны, такім чынам яны хочуць прывіць дачушкам любоў да сваёй Радзімы, паказаць, якая Беларусь прыгожая і цікавая, з багатай гісторыяй. Насця і Маша добра вучацца ў школе, Арына таксама дапытлівая, таму яны вельмі любяць падчас падарожжаў даведвацца пра нешта новае. Такія паездкі значна пашыраюць іх кругагляд. Не забываюцца ў сям’і і пра здаровы лад жыцця, таму часта бываюць у аквапарку, улетку – выязджаюць на адпачынак на прыроду.
Сярод прыемных сямейных традыцый – збірацца ўсім разам за сталом, абмяркоўваць падзеі, якія адбыліся ў кожнага за дзень, будаваць планы.
Зайцавы трымаюць вялікую хатнюю гаспадарку, апрацоўваюць немаленькі ўчастак зямлі, дзе вырошчваюць агародніну, таму работы заўсёды хапае. Дачушкі, бачачы, што мама і тата імкнуцца забяспечыць ім дастойнае жыццё, стараюцца аказаць пасільную дапамогу. Бацькі ніколі не прымушаюць іх рабіць нешта супраць волі, але сваім уласным прыкладам паказваюць, што трэба ўмець спраўляцца з любымі хатнімі справамі.
Па словах Вікторыі, гадаваць дзяцей, бясспрэчна, справа нялёгкая, але ўсе цяжкасці і складанасці з ліхвой кампенсуюцца той любоўю, якую дораць дачушкі. Іх пяшчотныя абдымкі і пацалункі даюць ім з мужам сілы жыць і бачыць вакол прыгажосць і дабрыню.
– Вядома, калі ў сям’і нараджаецца і выхоўваецца трое дзетак, гэта трайное шчасце, але, разам з тым, гэта і няпростая штодзённая праца, – дзеліцца сваім меркаваннем Вікторыя. – Але ўсё роўна лічым з мужам сябе самымі шчаслівамі, нашы дачушкі – сэнс жыцця. Любім, калі яны бегаюць вакол, нават да шуму і валтузні прывыклі і ўжо не ўяўляем жыцця без іх. Дзецям вельмі неабходны нашы любоў і пяшчота, штодзённы клопат і ўвага. Лічу, што для бацькоў галоўнае, каб іх крывіначкі былі здаровымі і шчаслівымі, каб у іх жыцці ўсё атрымалася.
Значную падтрымку маладой сям’і аказваюць бацькі Яўгена і Вікторыі: дзеці з задавальненнем ездзяць да сваіх бабуль і дзядуляў, якія вельмі любяць унукаў, абавязкова частуюць іх рознымі салодкасцямі і іншымі прысмакамі.
На пытанне, у чым жа сакрэт сямейнага шчасця, Вікторыя без лішняга роздуму адказала: “Сакрэт просты – гэта каханне і дабрыня, без якіх нельга гадаваць дзяцей, цаніць адзін аднаго. А яшчэ – давер, узаемапавага і ўзаемаразуменне”.
Людміла СЯМЁНАВА.